Мінгарсуд пакінуў у сіле судовае рашэнне па іску ГУУС да арганізатараў Дня Волі
Рашэнне суда не паўплывае на намер фпазіцыйных актывістаў арганізаваць святкаванне 102-й гадавіны абвяшчэння БНР у наступным годзе, паведамляе «Радыё Рацыя» са спасылкай на БелаПАН
Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле рашэнне суда Маскоўскага раёна сталіцы па іску ГУУС Мінгарвыканкама да арганізатараў святкавання Дня Волі 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы, паведаміў БелаПАН старшыня руху “За Свабоду” Юрый Губарэвіч.
Рашэнне вынесла калегія па грамадзянскіх справах пад старшынствам суддзі Іны Яблакавай.
Арганізатары святкавання Ігар Барысаў, Вольга Кавалькова, Юрый Губарэвіч і Мікалай Казлоў падалі апеляцыйную скаргу 5 верасня. Яны патрабавалі адмяніць рашэнне суда Маскоўскага раёна аб спагнанні з іх 8.013 рублёў і вынесці новае рашэнне па сутнасці спрэчкі аб скасаванні дамовы з ГУУС Мінгарвыканкама.
Каментуючы рашэнне Мінгарсуда, Губарэвіч заявіў: “Легальных спосабаў адмяніць рашэнне ў Беларусі не засталося. Цяпер альбо мы аплачваем, альбо да нас прыходзяць і канфіскуюць маёмасць. Кожны з арганізатараў будзе вырашаць самастойна”.
Ён дадаў, што рашэнне суда не паўплывае на іх намер арганізаваць святкаванне 102-й гадавіны абвяшчэння БНР у наступным годзе.
У апеляцыйнай скарзе адзначана, што пры разглядзе справы не была дадзеная ацэнка довадаў арганізатараў святкавання Дня Волі ў Кіеўскім скверы аб тым, што супрацоўнікі міліцыі няякасна аказалі паслугі па ахове грамадскага парадку. У скарзе таксама згадана, што ўсе чатыры арганізатары ўжо былі аштрафаваныя судом Цэнтральнага раёна Мінска на 765 рублёў кожны за неаплату паслуг міліцыі насуперак працэдуры, прадугледжанай пастановай Савета міністраў № 49 “Аб зацвярджэнні палажэння аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку”.
Нагадаем, суд Маскоўскага раёна сталіцы на пасяджэнні 1 жніўня ў поўнай меры задаволіў іскавыя патрабаванні ГУУС Мінгарвыканкама да арганізатараў святкавання Дня Волі 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы. Рашэнне вынесла суддзя Вольга Гусакова. Міліцыя патрабавала спагнаць 6.375 рублёў за перавышэнне колькасці ўдзельнікаў, плату за карыстанне чужымі сродкамі і пеню. Агульная сума іскавых патрабаванняў склала 8.013 рублёў, да іх дадаліся судовыя выдаткі ў 400 рублёў.
11 чэрвеня арганізатары Дня Волі падалі іск у суд Маскоўскага раёна сталіцы з патрабаваннем скасаваць з ГУУС Мінгарвыканкама дагавор на аказанне паслуг па ахове правапарадку падчас мітынгу 24 сакавіка. Прычынай стала затрыманне Дзмітрыя Дашкевіча і Віталя Рымашэўскага людзьмі ў цывільным. Арганізатары не здолелі дамагчыся ад супрацоўнікаў ГУУС растлумачэння прычын іх дзеянняў, а таксама кантактаў сілавіка, які адказваў за бяспеку мерапрыемства. Акрамя таго, арганізатары расцанілі як парушэнне дамовы з міліцыяй забарону пакідаць мерапрыемства з бел-чырвона-белымі сцягамі пад пагрозай затрымання.
Згодна з палажэннем аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, што аказваюцца органамі ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, прыбіраннем тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства, якое было зацверджанае ўрадам у студзені 2019 года, урэгуляванне рознагалоссяў паміж арганізатарам масавага мерапрыемства і органамі ўнутраных спраў „ажыццяўляецца ў адпаведнасці з умовамі заключаных дагавораў шляхам правядзення перамоў або ў судовым парадку”. Палажэнне неаднаразова крытыкавалі палітыкі і праваабаронцы.
belapan.by, www.racyja.com