Міліцыя назвала свастыку на помніку Пінскаму гета — «абстрактным малюнкам»

Як паведамляе УУС Брэсцкага аблвыканкаму, свастыку на помніку ахвярам Пінскага гета расцанілі як «здзек з гісторыка-культурнай каштоўнасці пры адсутнасці прыкметы знішчэння ці пашкоджання», крымінальную справу распачалі паводле ч.1 арт. 346 Крымінальнага кодэксу.

05be1655_7b09_46e5_9c72_3adab4a46436_w987_r1_s.jpg


«29 лістапада з 08.00 да 16:00 невядомы нанёс чорнай фарбай малюнак абстрактнага зместу на пярэднюю частку помніка, што ўсталяваны на месцы забойства ахвяраў фашызму — вязняў Пінскага гета па вул. Пушкіна, 27, і з’яўляецца помнікам, уключаным у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь», — піша міліцыя, не ўдакладняючы, што «малюнак абстрактнага зместу» — гэта свастыка.

Хуліганаў можа чакаць штраф, грамадскія работы ці арышт на тэрмін да 6 месяцаў.

***У час Другой сусветнай вайны Пінск страціў 73% жыхароў — большасць насельніцтва гораду складалі габрэі. На асабісты загад рэйхсфюрэра Гімлера 29 кастрычніка 1942 года пачалася ліквідацыя Пінскага гета. За чатыры дні нацысты знішчылі 26 тысяч чалавек, толькі адзінкі ўратаваліся.

У сярэдзіне лістапада ў Магілёве помнік забітым у вайну габрэям аблілі чорнай фарбай. Міліцыя сцвярджае, што гэта справа рук скінхэдаў — прадстаўнікоў ультраправага руху.
www.svaboda.org