Камандаванне УСУ: Канцэнтрацыя войскаў у Беларусі дастатковая для тактычных дзеянняў
Цяпер на тэрыторыі Беларусі сканцэнтраваны 2-я мотастралковая дывізія 1 танкавай арміі, а таксама падраздзяленні, узброеныя ракетнымі комплексамі «Іскандэр», якія прызначаны для прымянення па цэлях на тэрыторыі Украіны, паведаміў камандуючы Аб'яднаных сіл УС Украіны генерал-лейтэнант Сяргей Наеў.
Па яго словах, гэтага патэнцыялу ў цяперашні час дастаткова для стварэння пагрозы Украіне і правядзення тактычных дзеянняў.
Таксама ён расказаў аб выпрабаваннях расійскага самалёта навядзення і самалётаў-перахопнікаў носьбітаў балістычных ракет паветранага базіравання «Кінжал» у паветранай прасторы Беларусі. На думку УСУ, трэніроўкі праводзяцца з адзінай мэтай — удакладненне цэляў на тэрыторыі Украіны для нанясення ракетных удараў. «Але мы прымаем усе меры, каб знізіць гэты ўзровень пагрозы», — сказаў Наеў.
«Пры гэтым мы ўважліва сочым за ўзбраеннем, якое перакідваецца з Расіі, і робім адпаведны аналіз. Узровень ваеннай пагрозы расце, але мы прымаем адэкватныя меры. Акрамя гэтага ў Генштабе УСУ прадугледжана нарошчванне груповак у выпадку істотнага росту сіл з процілеглага боку», — заявіў Наеў.
Нагадаем, што, згодна з паведамленнямі пасля сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна 19 снежня, Расія і Беларусь дамовіліся працягваць практыку сумесных ваенных вучэнняў і займацца стварэннем новай ваеннай тэхнікі; Расія перадала Беларусі комплексы з-400 і «Іскандэры», іх ужо паставілі на дзяжурства; Беларусь і Расія дамовіліся весці падрыхтоўку экіпажаў баявых самалётаў арміі Беларусі, якія ўжо пераабсталяваны «для магчымага прымянення боепрыпасаў паветранага базіравання са спецыяльнай баявой часткай».