«Калі беларускіх салдат прымусяць ваяваць — няхай або дэзерціруюць, або здаюцца ў палон»
Былы палітвязень і грамадскі актывіст Аляксандр Малчанаў у 2014-м пераехаў ва Украіну. З 2016-га служыць ва УСУ па кантракце. Пра сваю службу, раненне і планы пасля вайны ён распавёў «Новаму Часу».
У 2011 годзе Аляксандр Малчанаў быў асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі па справе «Плошча-2010», праз 9 месяцаў выйшаў на волю па ўказе аб памілаванні.
Пасля вызвалення за Аляксандрам замацавалі прэвентыўны нагляд, працу ён знайсці не мог. Каб зарабіць хоць нейкія грошы, разам з сябрам ён пачаў збіраць металалом на сметніку і на закінутых аб'ектах Барысава і здаваць яго. Аднак праз паўгода яго абвінавацілі ў крадзяжы металалому з тэрыторыі закінутага цэха кавальскага завода, суд прысудзіў тады паўтара года строгага рэжыму. Падчас адбыцця пакарання ў Аляксандра памерла маці, а праз год — бацька. Застаўшыся на радзіме без родных, без перспектыў, Малчанаў выставіў уласны дом на продаж і зʼехаў ва Украіну.
— Ва Украіну я прыехаў у 2014 годзе, калі ўкраінскі народ адбіваў расійскую агрэсію на Данбасе, мяне гэта ўразіла. У мяне тады, так бы мовіць, было абвостранае пачуццё справядлівасці, мяне вельмі абурыла расійская агрэсія супраць Украіны. Я адразу ж, як прыехаў, уступіў у адзін з добраахвотніцкіх батальёнаў. За грошы, што ў мяне былі ад продажу дома ў Барысаве, я купіў у Кіеве невялікую кватэру ў доме, які тады яшчэ будаваўся. Некалькі гадоў у мяне пайшло на рамонт і ўладкаванне, зараз ужо тамака практычна ўсё гатова, засталося яшчэ ўсталяваць пару шаф. З УСУ я заключыў кантракт у 2016 годзе, з таго часу стала служу ва ўзброеных сілах на малодшых камандзірскіх пасадах. У 2019 годзе атрымаў украінскае грамадзянства, з таго часу ў мяне няма ніякіх цяжкасцей, звязаных з бюракратыяй.
За сваю службу Аляксандр мае шэраг дзяржаўных узнагарод Украіны. У 2018 годзе падчас чарговага бою быў цяжка паранены.
— Раненне ў вока я атрымаў летам 2018 года. Быў невялікі бой. Я тады камандаваў невялікай, але даволі добра ўзброенай пазіцыяй. У нас са зброі былі СПГ-9М, АГС-17, ДШК, ПКМ, РПГ-9, яшчэ сёе-тое. У той дзень усё гэта мы прымянялі, было «весела». Нас прарасійскія сепаратысты таксама абстрэльвалі шырокім арсеналам. Я падняўся на высокую кропку мясцовасці, каб назіраць за вынікамі нашага агню і карэкціраваць, тамака мне куля і патрапіла ў вока. Яна і зараз знаходзіцца ў мяне ў галаве, у рашэцістай косці. Яна мне не перашкаджае, але зрок я цалкам страціў, бачу зараз выключна левым вокам.
Пасля шпіталя Малчанаў вярнуўся ў сваю кватэру ў Кіеве, на час рэабілітацыі. Каб не было самотна, завёў незвычайнага хатняга гадаванца.
— Давялося мне пабываць на ферме, дзе разводзілі ліс дзеля шкур. Шкада мне стала гэтых звяроў, вырашыў выратаваць хоць кагосьці і купіў сабе лісу. Вырас прыгожы пухнаты ліс, даволі такі добры, ласкавы. Я яго з сабой узяў на фронт у Луганскую вобласць. Там шмат дзікіх лісіц, яны кожную ноч крычаць, мой ліс іх покліч пачуў. Відаць, прыняў рашэнне застацца з суродзічамі.
З самага пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі Аляксандр удзельнічае ў абароне Украіны.
— Цяпер служу на невысокай камандзірскай пасадзе ў адной з механізаваных брыгад. Са мной тут служаць некалькі беларусаў. Канешне, за час баявых дзеянняў у нас былі страты. Шкада, вядома, губляць таварышаў па службе, але гэта непазбежныя выдаткі вайны. Негледзячы на гэта мы расійцам наносім значна большыя страты, чым нясём самі.
Пасля заканчэння вайны заставацца на вайсковай службе мужчына не плануе.
— Думаю выйсці на пенсію па інваліднасці. Спадзяюся, што атрымаецца паездзіць па свеце. Заўсёды пра гэта марыў, але то не было часу, то грошай. Спадзяюся, што пасля вайны ўсё атрымаецца.
Што тычыцца беларускіх вайскоўцаў, Аляксандр лічыць, што ім не варта прымаць у вайне ўдзел на баку Расіі.
— Украіна ніколі не пагражала Беларусі, не нясе пагрозы і зараз. Але будзе абараняцца. УСУ нанеслі вялізныя страты расійскай арміі, якая мае баявы вопыт, непараўнальна больш шматлікая і лепш узброеная, чым беларуская. Няхай уявяць, што будзе з беларускімі ўзброенымі сіламі, калі яны ўступяць у вайну супраць той краіны, якой прайграе расійскае войска. Калі ж беларускіх салдат прымусяць ваяваць — няхай або дэзерціруюць, або здаюцца ў палон. Наша перамога і поўнае вызваленне ўкраінскіх зямель, у тым ліку Данбаса і Крыма — непазбежная, пры ўмове, што краіны Захаду працягнуць нас падтрымліваць і дадуць больш магутныя ўзбраенні.
Перамога Украіны моцна аслабіць Расію. Лукашэнка зараз — выключна расійская марыянетка. Але, найперш, беларусам трэба быць гатовымі змагацца за сваю свабоду, змагацца, не дорачы кветкі амапаўцам. Няхай рыхтуюцца да ўзброенай барацьбы.
Фота з асабістага архіва Аляксандра Малчанава