Як знішчаюць раку Лясную: пад Брэстам пасадзілі… меандравае поле

Аграномаў Брэсцкага і Камянецкага раёнаў не так даўно каралі за парушэнне нормаў гаспадарчай дзейнасці ў водаахоўнай зоне ракі Лясная. Але тыя — пасадзілі зноў. У рэчышчы. І яшчэ бліжэй да вады, чым раней. І, верагодна, зноў адкупяцца штрафамі. Варта было б пасадзіць не кукурузу, а кагосьці іншага, мяркуюць мясцовыя жыхары.

meander_field_4._logo.jpg

Казка, якую ператвараюць у страшылку

Лясная — гэта пярліна Берасцейшчыны. Яна бярэ сваёй часткай пачатак у Белавежскай пушчы, цячэ Камянеччынай, там лучыцца ў адзін струмень (бо ёсць Левая і Правая Лясныя), потым робіць пятлю каля самага Брэста і закоратка ўпадае ў Заходні Буг. Берагі мае папераменна то высокія, то ніжэйшыя, рэчышча занятае там-сям паплаўнымі лугамі, паточанае старыцамі — раней рака шырока разлівалася. Рамантычная плынь, месцамі даволі глыбокая (да пяці метраў ёсць ямкі), з пясчаным дном — тут любяць адпачываць улетку жыхары шматлікіх пабярэжных вёсак, гэта кропка сустрэч з прыродай аматараў зялёнай прыроды, фатографаў, шматлікіх рыбакоў.
Але рака відавочна выраджаецца. Імкліва менее рыбы. Таму ёсць некалькі прычын. Адна з іх відавочная, але не для ўсіх і не так, як у цывілізаваных краінах, за якімі нас, як ведаем, не павялі.

Хто перапісвае казку ў жахі?

Напрыканцы вельмі меліярацыйнага Савецкага Саюзу рэчышча Лясной каля рысы Брэста папоркалі-парылі на працягу 5 кіламетраў у бок вёскі Дружба. Лугі пакрэслілі канавамі, на самой рацэ ад Камянецкага раёна і да ўтоку паставілі каскад бетонных спарудаў-шлюзаў. Але меліярацыйны шал суняўся, з павелічэннем колькасці тарфяных бураў. Дарэчы, цяпер падымаюцца больш пясчаныя — торф выдзьмухала да мацярынскага грунту. Новыя «ўгоддзі» збольшага зарасталі асотам ды лебядою. Але часткаю іх засейвалі — цімафееўкай, бульбай ды кукурузай. У апошнія гады павальна перайшлі на «каралеву палёў», якую нахвальваў у свой час савецкі генсек Хрушчоў пасля візіту ў ЗША, уражаны яе звышчалавечым памерам, і за якую яго раскурочылі і выгналі на пенсію таварышы камуністы. Паколькі экспарт мясцовых мясаперапрацоўняў, найперш Брэсцкага мясакамбіната, у вялікіх аб’ёмах завязаны на Расію, мабыць, якраз кукуруза дае найбольшы прыбытак і цешыць сэрца гаспадарнікаў. А тое і перапаўняе яго любоўю ў духу пахабнага ды цынічнага слогана БМК «Любовь есть», які красуецца на яго транспартных сродках ды білбордах уздоўж нашых дарог.


Мабыць, таму і закрасавала сёлета кукуруза на полі, якое мусім зарэгістраваць як вынаходку беларускіх аграрнікаў пад назовам-азначэннем «меандравае». Меандравае — бо поле цалкам паўтарае лініямі свайго краю звівы ракі — меандры.

Меандравыя палі Цэолты на берагах ракі Лясная


Ні для каго не ёсць таямніцамі дзве рэчы. Першая: калі глебу на беразе ўзрыхліць, пагатоў узараць, то пры малейшым дажджы яе будзе змываць у вадаём. Той будзе заглейвацца гінуць ад арганікі. Другое — што кукуруза — вельмі мінералаёмкая культура. Проста сказаўшы, пад яе сыплюць шмат «хіміі». Адпаведна, тая гарантавана трапіць у ваду. І атруціць усё жывое.

Што патрабуе закон

Водны Кодэкс Рэспублікі Беларусь артыкулам 52 вызначае для рэк кшталту Лясной водаахоўную зону памерам ад 500 да 50 метраў ад урэзу вады. У ёй гаспадарчая дзейнасць вымагае асаблівай рэгламентацыі. Між тым бачым, што ад кромкі «меандравага» поля да ракі 2 — 3 метры. Яна — безабаронная. Пра што і напісаны быў аўтарам гэтага артыкула запыт у размаітыя інстанцыі, якія павінны назіраць за аховай прыроды.


Афіцыйнае і неафіцыйнае стаўленне

Паміж іншага, я нагадаў адказным ахоўнікам пра памятны замор усяго жывога ў Лясной улетку 2014 года. Тады прайшлі інтэнсіўныя дажджы, рака выйшла з берагоў, змыла ў сябе ўсе забойчыя хімікаты, арганіку, якая загніла і пазбавіла ваду кіслароду. Паспрыяла і спёка, якая таксама гоніць кісларод з вады. У Германіі ў такіх выпадках ставяць на берагі пажарную тэхніку, проста механічныя помпы, распырскваюць ваду, узбагачаюць яе кіслародам, каб жывіне было чым дыхаць. У нас… афіцыйныя газеты, сярод іх, на жаль, і не горшая камянецкая раёнка, штампавалі «фсё харашо, прекрасная маркіза», між тым як мясцовыя жыхары мяхамі валаклі дамоў або закопвалі наўпрост пры лугавіне паўгнілую ўжо замораную рыбу. Катастрофе спрыялі і шлюзы, якія заіржавелі так, што іх не змаглі падняць, і тым самым даць збегчы залішняй вадзе. Апасля дзяржаўныя інспектары, не без ціску мясцовых жыхароў, якія збіралі подпісы, дабіваліся прыняцця мер, аштрафавалі некалькіх спецыялістаў гаспадарак, адказных за нерэгламентаваныя пасадкі ў водаахоўнай зоне. Шлюзы часткай сарвалі цяжкай тэхнікай, часткай адрамантавалі.
Сёлета год надвор’ем падобны на 2014. Дажджы як з палівачкі, узровень грунтовай вады на Берасцейшчыне на метр-паўтара вышэйшы за звычайны. Вось-вось можа здарыцца паводка, а тут — меандравае поле. За подпісам намесніка начальніка Брэсцкай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету С.Н.Мычко мне прыйшоў адказ. Цытую з поўным захаваннем арыгіналу: «… па факце узворванне зямлі ў водаахоўнай зоне ракi Лясная каля вёскi Дружба Брэсцкага раёна у дачыненні да галоўнага агранома ААТ “Агра-сад “Рассвет”” Цiолты О.А. пачаты адмiнiстратыўны працэс па ч.2 ст.15.51 КаАП Рэспублікі Беларусь».
А што мясцовыя жыхары? Еду ў Цюхінічы — гэта на супрацьлеглым беразе ад меандравых палёў Цыолты. Там Лясная цячэ, можна сказаць, пад бокам, потым паварочвае, акругла адкрэслівае вёску ад магістралі М1 і ад Брэста, працякае міма сядзібы Рынькаўка ды прастуе ў бок Польшчы. Адзін з суразмоўцаў на ўмове ананімнасці, якую мушу паважаць, кажа: «Рыбакоў за адну рыбку якую на дзясяткі базавых упякуць, а тут цэлую раку павытруцілі — і штрафы. Дый тое, калі носам тыцнеш. Як быццам самі не бачаць, што там робіцца. Прытым што мусяць дбаць, гэта іх работа. У 2014-м уся рыба павыздыхла, мільёны жывін, а тыя адбіліся штрафамі. Браканьераў саджаюць, калі тыя хапнулі зашмат, ну дык так ім і трэба, але гэтае земляробства на беразе ў абмен на штрафы — гэта ж несувымерна».
Што ж, што прыязны чалавеку навакольны асяродак знішчаецца ў абмен на мяса, гнобіцца збольшага беспакаранай, бо без грамадскага вагару, дзяржаўнай машынай — такі фактар мы назіраем, ён працуе, ён ёсць. І, на жаль, ён не адзіны.

meander_field_1._logo.jpg


Якая яшчэ навала?

У вёсцы Цюхінічы нехта не вельмі вядомы размясціў сваё жыллё фактычна на саменькім беразе Лясной. Пра гэта я таксама згадаў у сваім запыце. А скуль гэты нехта мае рарытэтны дазвол на будоўлю там, дзе ўсялякая гаспадарчая дзейнасць абмежаваная? І ці гарантаванае няўздзеянне на прыроду антрапагенных фактараў пры такой пасадцы жылога дома? Цікавыя пытанні. Інспекцыя аховы прыроды пераадрасавала гэтае роднаснае «меандравым палям» пытанне ў Брэсцкі райвыканкам. Які будзе адказ і ці будзе — пра гэта паведамлю. І фотагалерэя — таксама гарантавана будзе, пры патрэбе. Катэджы ж бязногія, нікуды не падзенуцца.