«Я жыць вельмі хачу». Што адбываецца з палітвязнямі сталага веку
У Сусветны дзень распаўсюду інфармацыі пра злоўжыванні ў адносінах да пажылых людзей згадваем нашых узроставых палітвязняў і распавядаем пра варункі, у якія іх утрымлівае рэжым.
Без аглядкі на ўзрост
Беларуская сістэма вядомая сваім антыгуманізмам, а яе правадыр згадвае пра людзей сталага веку толькі падчас электаральных кампаній і ў рэчышчы папулізму.
Калі ж гэтыя людзі ў 2020 годзе наважыліся выказацца супраць улады, далучыліся да велізарных чэргаў, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў, рэжым свой узроставы электарат рэзка разлюбіў. Зразумеўшы, што многія пенсіянеры больш не з’яўляюцца яго апірышчам, Лукашэнка аб’явіў вайну нават гэтай, уразлівай катэгорыі грамадства, да якой ва ўсіх цывілізаваных краінах ставяцца з асаблівай пашанай.
Для дзейснай жа ўлады гэта ўжо не пенсіянеры, а ворагі.
Дзясяткі людзей сталага ўзросту ўжо адбылі свае пакаранні, некаторыя праз пераслед былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі.
Многія маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем, некаторыя хварэюць на анкалогію.
82-гадовая «экстрэмістка»
Пенсіянерка Людміла Хлусевіч была асуджаная да двух гадоў абмежавання волі («хатняй хіміі») за адно напісанае ў інтэрнэце слова. У Людмілы лейкоз. Жанчына прайшла праз вобшукі, 10 допытаў, праверку па крымінальнай справе і абвінавачанне ў іншай.
У чаканні суда Людміла напісала цыдулку на выпадак сваёй заўчаснай смерці: «Хто пацярпелы — гэта яшчэ пытанне. Я за час следства стала важыць 40 кілаграм».
Жанчына патлумачыла пасля: «Я жыць вельмі хачу, але мне вельмі цяжка маральна, амаль невыносна бывае, таму я і напісала аднойчы такую бессмяротную цыдулку».
61-гадовы Міхаіл Чумакоў у лютым быў асуджаны да двух гадоў хіміі за каментар у адрас міліцыянта. Жонка Міхаіла — інвалід і мае патрэбу ў штодзённай апецы. Але беларуская Феміда, як звычайна, прадэманстравала суцэльную душэўную глухату і 25 лютага 2022 года пакарала мужчыну двума гадамі «хіміі».
Яго равеснік Сяргей Глівенка быў асуджаны на тры месяцы арышту за фразу «Царствие им небесное!». Гэты камэнтар палітвязень пакінуў пад відэа «В Беларуси простились с летчиками-героями».
Глівенку вызвалілі ў залі суда, але ён правёў пад вартай на два месяцы больш, чым было прызначана прысудам. Вядома, ніякай кампенсацыі Глівенка не атрымаў: заканадаўствам у такіх выпадках яна не прадугледжаная.
82-гадовую Алу Няўмоеву асудзілі за абразу Лукашэнкі на 30 базавых велічынь. Пенсіянерка ўнесеная ў «спіс экстрэмістаў».
75-гадовая Наталля Таран асуджаная да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі па трох артыкулах — за нібыта абразу прадстаўніка ўлады, афіцыйнага кіраўніка дзяржавы і паклёп на яго. Наталля адбывае пакаранне ў гомельскай папраўчай калоніі, пакутуе на шэраг хранічных захворванняў.
Вядома, што на анкалогію хварэе і Рыгор Кастусеў, сур’ёзныя хваробы ёсць і ў іншых палітвязняў сталага ўзросту.
«Ёй было так блага, што не магла ўзняцца з прыступак»
66-гадовую Алену Гнаўксудзілі па трох «пратэсных артыкулах». Калі пенсіянерка ўжо адбывала пакаранне ў гомельскай папраўчай калоніі, супраць яе ўзбудзілі новую крымінальную справу па 411 артыкуле — «злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі». Алене дадалі яшчэ год.
За кратамі ў пружанскай актывісткі абвастрыліся хранічныя захворванні, пачаліся праблемы з сасудамі.
— Неяк я выйшла са сталовай і бачу — на прыступках сядзіць Алена Пятроўна, — распавядае на ўмовах ананімнасці «Новаму Часу» былая палітзняволеная. — Твар у яе быў чырвоны, відаць, дужа падскочыў ціск. І было ёй так блага, што яна не магла самастойна ўзняцца.
Адміністрацыя калоніі неаднойчы змяшчала Алену Гнаўк у штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу. У жылой секцыі з ніжняга ярусу яе прымусілі перайсці на верхні. Асуджаныя па побытавых артыкулах, што супрацоўнічаюць з адміністрацыяй, падкідалі Алене забароненыя рэчы, у тым ліку іголкі. На падставе гэтага на палітзняволеную складаліся рапарты і яна атрымлівала новыя суткі ў ШІЗА.
Пакінулі ў адных майтках, прымацавалі кайданкамі да кратаў
Актывіст і краязнаўца з Баранавічаў, 63-гадовы Уладзімір Гундар асуджаны да 20 гадоў пазбаўлення волі па чатырох артыкулах, сярод якіх «замах на змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».
Уладзімір — інвалід другой групы, у яго няма нагі. За кратамі палітвязень зазнае сапраўднае пекла і катаванні, у знак пратэсту супраць якіх не аднойчы трымаў галадоўкі, у тым ліку сухія.
Уладзіміра судзілі ўжо тройчы. Праваабаронцы паведамляюць, што на адным з судовых пасяджэнняў Гундара трымалі ў клетцы ў адных майтках, а рукі прымацавалі кайданкамі да кратаў у расцяжцы.
Падчас чарговага знаходжання ў карцары Уладзімір часова згубіў слых.
Цяпер палітвязень знаходзіцца ў бабруйскай папраўчай калоніі № 2, куды яго этапавалі сёлета на пачатку чэрвеня.
Забіраюць пенсіі, патрабуюць прызнаць віну
У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, пенсіянерам, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, пенсія выплачваецца ў памеры 10 працэнтаў прызначанай, але не менш за 20 працэнтаў мінімальнай пенсіі па ўзросце.
У выпадках, калі памер пенсіі перавышае кошты ўтрымання, гэтая розніца ім выплачваецца.
Сацыяльная пенсія падчас знаходжання ў калоніі не выплачваецца ўвогуле.
— На людзей сталага ўзросту ціснуць гэтак сама, як і на іншых, маладзейшых палітвязняў. Ніякіх зніжак на ўзрост няма. Іх саджаюць у ШІЗА і патрабуюць, каб яны прызналі віну, — апавядае экс-палітзняволеная.
Страшна, але рэжым ужо даўно не зважае на тое, мужчына ты ці жанчына, дзіця ці інвалід — калі ты выказаўся супраць улады, то ты папросту вораг.
Логіка рэпрэсій такая: калі ты «вораг народу», то на гуманнае стаўленне ты ўжо права не маеш.
Жорсткае абыходжанне з пажылымі людзьмі вельмі яскрава паказвае ўсю бяздушнасць і фальш рэжыму.
Лукашэнка не здольны на гуманныя крокі, не ведае праяў чалавечнасці, эмпатыі, не мае ніякай павагі да сівізны, спачування да хвароб. Нянавісць да палітычных праціўнікаў пераважвае ўсё астатняе.