Хронікі рэпрэсій за 29 ліпеня: затрыманне са спецназам і працяг «карагоднай справы»
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных журналістаў сабралі галоўныя навіны з канвеера рэпрэсій за сённяшні дзень.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1355 дзён, Дзяніс — 1235.
***
Палітвязняў масава прымушаюць пісаць прашэнні аб памілаванні.
Паводле інфармацыі «Вясны», у наваполацкую калоніі № 1 кожны дзень прыязджаюць прадстаўнікі мінскай пракуратуры, якія прымушаюць палітвязняў пісаць прашэнні аб памілаванні. Але гэта тычыцца толькі асуджаных на невялікія тэрміны.
Таксама вядома, што ў некаторых калоніях палітвязняў за адмову пісаць прашэнне змяшчаюць у ШІЗА, а некаторым пагражаюць узбуджэннем новай крымінальнай справы паводле арт.411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).
Нядаўна «dissidentBY» таксама паведамлялі пра масавы збор прашэнняў аб памілаванні ад палітвязняў у калоніях, турмах і ПУАТ.
Нагадаем, паводле інфармацыі «Вясны», 3 ліпеня на волю па амністыі ці памілаванні выйшлі 18 палітзняволеных. Сярод іх — 4 жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку хворы на анкалогію Рыгор Кастусёў.
***
Наваполацкага актывіста Андрэя Зуева завочна прысудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі, паведамляе «Свабода». Ён таксама павінен заплаціць штраф у памеры 8000 рублёў.
Андрэя Зуева прызналі вінаватым паводле артыкулаў «Распальванне варожасці» (ч.3 арт. 130 КК), «Масавыя беспарадкі» (ч. 3 арт. 293 КК), «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім» (ч.1 арт.361-1 КК), «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК).
— Я не маю ніякага дачынення да гэтага прысуду, не лічу яго законным, таму што ў Беларусі няма сапраўдных суддзяў, а тыя, каго прызначылі, прысмакталіся да народа і п'юць апошнюю кроў, — пракаментаваў прысуд Зуеў.
***
Спецназ затрымалі брэстаўчаніна за ўдзел у пратэстах 10 жніўня 2020 года. Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым, піша «Медыязона».
На відэа мужчына кажа, што падчас пратэстаў быў нецвярозым. Тое, што адбывалася на праспекце Машэрава, ён здымаў на відэа. Таксама беларус расказаў, што пратэстоўцы разбіралі лавачкі і кідалі ў сілавікоў «выбуховыя рэчывы».
У якім статусе знаходзіцца затрыманы і па якім артыкуле яго абвінавачваюць — невядома.
***
У Камянцы па «справе карагодаў» дваіх чалавек прысудзілі да калоніі: Крысціну Салаўёву і Генадзя Клімашэвіча.
Паводле ч.1 арт.342 КК ім прызначылі адзін год калоніі агульнага рэжыму і паўтара года калоніі з адтэрміноўкай выканання пакарання праз тое, што на ўтрыманні ёсць дзіця, якому менш за тры гады. Пра гэта піша «Вясна».
Генадзь Клімашэвіч быў змешчаны ў СІЗА задоўга да суду. Мужчына ўтрымліваўся пад вартай з канца красавіка 2024 года. Дома яго чакаюць двое непаўнагадовых дзяцей.
Агулам па «справе карагодаў» асудзілі ўжо 139 чалавек.
***
Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» магілёўцам, паведамляе «Медыязона».
На відэа мужчына кажа, што на старонцы ў сацсетцы распаўсюджваў «экстрэмісцкія» матэрыялы, а таксама сімволіку, «якая не адпавядае нашым законам».
У якім статусе знаходзіцца затрыманы — невядома. Аўтары допіса сцвярджаюць, што магілёўца арыштавалі на 15 сутак.
***
Затрымалі дырэктара мінскай кампаніі — у яго нібыта быў заробак у 15 000 рублёў, пішуць праваабаронцы.
Мужчыну абвінавачваюць ва «ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту», а таксама ў падпісках на «экстрэмісцкія рэсурсы».
***
У Магілёўскім абласным судзе 29 ліпеня пачалі судзіць 18-гадовага хлопца з Быхава Станіслава Шапеля. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» і нібыта «сувязях з СБУ», піша «Вясна».
Як паведамлялася ў фільме АНТ «Дзеці на прыцэле. Завербаваныя ворагам» вясной гэтага года, Станіслава абвінавачваюць у тым, што ён пагадзіўся быць кур'ерам для «арганізацыі, якая курыравалася СБУ».
Паводле фільма АНТ, у студзені 2023 года тады яшчэ 16-гадовы хлопец са шматдзетнай сям'і шукаў працу ў Інтэрнэце. Ён наткнуўся на ашуканцаў, якія прапанавалі працу кур'ерам — забіраць і перавозіць грошы. Станіславу сказалі запісаць відэа, на якім ён заявіў, што падтрымлівае Украіну і нібыта згаджаецца працаваць для СБУ.
Сапраўдная пазіцыя хлопца пры гэтым невядомая.
***
Дызайнерку швейных вырабаў з Віцебска Наталлю Крэміс абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.1 арт.361-4 КК), піша тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю!».
Судзіць дызайнерку пачнуць 6 жніўня ў Віцебскім абласным судзе.
Крэміс вядомая сваімі дызайнерскімі вырабамі з лёну, ручным роспісам і вышыўкай.
***
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 11 чалавек — цяпер у ім 4261 прозвішча, пішуць «вясноўцы».
26 ліпеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі асуджанага да смяротнага пакарання Рыка Крыгера, бібліятэкарку Ірыну Пагадаеву і 22-гадовага палітвязня Віктара Мярзлікіна.
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 543 дні, Максіма Знака — 537 дзён, Мікалая Статкевіча — 534 дні, Ігара Лосіка — 525 дзён, Віктара Бабарыкі — 463 дні, Сяргея Ціханоўскага — 393 дні, Уладзіміра Гундара — 360 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1378 чалавек.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1489 чалавек. Сярод іх — 193 жанчыны і 4 непаўнагадовых. 21 палітвязень адпраўлены на прымусовае лячэнне.