Хронікі рэпрэсій за 17 кастрычніка: 14 новых палітвязняў, папаўненне экстрэмісцкіх матэрыялаў і хапун на «Нафтане»

Раніцай адбыўся хапун на тэрыторыі завода ААТ «Нафтан». На прахадной сілавікі пра затрыманні работнікаў прадпрыемства. З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 17 кастрычніка. 

img_2188_3_logo.jpg

Праваабаронцы прызналі яшчэ 14 чалавек палітвязнямі. Гэта Яўген Гормаш, Наталля Малец, Дзмітрый Сельвеструк, Дзмітрый Свічкароў, Сяргей Мазоль, Алеся Лянцэвіч, Аляксандр Коваль, Кацярына Бруханава, Наталля Шараметава, Ігар Цяпцееў, Віктар Грынько, Юрый Несцярэнка, Уладзімір Савельеў, Ігар Цікач. 

Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

  • Інтэрнэт-рэсурс «Нашы грошы»

  • Telegram-каналы і чаты «Логойск (не)официально», «Беларусы(скi) Нюрнберга»

  • Суполка ва «УКантакце» «Беларусь черный список»

  • Старонкі ў «Аднакласніках» «((((( Правда», «Леонид - Leonid», «Гомель97»

  • TikTok-акаунт «life_is_a_raspberry»

 

  • Вынесенае судовае рашэнне аб ліквідацыі Царквы «Новае Жыццё»

Царква «Новае жыццё» — гэта рэлігійная абшчына хрысціян поўнага Евангелля. У пачатку 2021 года ўлады горада абвінавацілі суполку ў нямэтавым выкарыстанні ўчастка, на што вернікі сцвярджалі, што іх незаконна пазбавілі права на зямлю.

  • Некаторых беларусаў арыштоўваюць проста пры падачы на польскія візы

Паводле крыніц польскай газеты Wyborcza, ужо вядома некалькі выпадкаў, калі сілавікі бралі людзей у візавых цэнтрах.

«Некаторых беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах і потым спрабавалі з'ехаць у Польшчу, у візавых цэнтрах чакала пастка. Здаралася так, што людзі прыходзілі па гатовыя візы і дакументы, і іх адразу затрымлівалі супрацоўнікі КДБ. Замест Польшчы гэтыя людзі ехалі ў турму», — адзначае «Наша Ніва».

 

  • Апеляцыйныя скаргі журналіста Паўла Мажэйкі і адвакаткі Юліі Юргілевіч пакінулі без задавальнення

Вярхоўны суд 17 кастрычніка ў закрытым рэжыме разгледзеў апеляцыйныя скаргі Паўла Мажэйкі і Юліі Юргілевіч. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Паўла Каршуновіча пакінула прысуд у сіле, а скаргі — без задавальнення. Палітвязняў хутка перавядуць у калоніі.

Палітзняволеных абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 361-4 КК за «іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна, групай асоб па папярэдняй змове» і асудзілі да 6 гадоў калоніі. Справу ў Гродзенскім абласным судзе разглядаў суддзя Максім Філатаў.

Паводле матэрыялаў справы, Юлія перадала Паўлу інфармацыю пра пазбаўленне яе адвакацкай ліцэнзіі, а таксама звесткі пра разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Алеся Пушкіна і прызначэнне яму пакарання. Абвінавачанне было ўпэўненае, што Мажэйка перадаў гэтыя звесткі для публікацыі на «Белсат». 

  • Палітвязня Рамана Марусава збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым

Раман — кантрактнік з 103-й віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады, нарадзіўся ў Касцюковічах. Палітвязень быў затрыманы 23 сакавіка 2021 года. Яго асудзілі да шасці гадоў калоніі паводле арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці») за перадачу інфармацыі BYPOL.

Праваабаронцам вядома, што палітвязня збілі пры затрыманні. Сляды збіцця, кроў бачны і на «палонным відэа». Адбываць тэрмін Рамана адправілі ў віцебскую калонію № 3.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 17 кастрычніка ў судзе Віцебскага раёна адбудзецца суд па замене Раману рэжыму ўтрымання. Па рашэнні суддзі Міхаіла Зубені, палітвязня могуць перавесці на турэмны рэжым. 

Глядзіце таксама

  • У Лепелі за «экстрэмізм» судзілі «Чалавека года Віцебшчыны — 2018»

16 кастрычніка ў судзе Лепельскага раёна разглядалі справу ў дачыненні да Іллі Шэндалесава. Яго судзілі паводле ч. 2  арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

Ілля Шэндалесаў атрымаў званне «Чалавек года Віцебшчыны» ў 2018 годзе, калі быў галоўным доктарам Лепельскай ЦРБ.

Вынік судовага працэсу пакуль невядомы. 

  • Палітзняволеную Дар’ю Тарасевіч асудзілі паводле «народнага» артыкула на тры гады «хатняй хіміі»

У судзе Першамайскага раёну Мінска 29 верасня асудзілі палітзняволеную Дар’ю Тарасевіч паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») Крымінальнага кодэкса.

Суддзя Наталля Дзядкова прызначыла Дар’і тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Дар’ю абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе, а таксама ў выхадзе на праезную частку праспекта Незалежнасці і перакрыцці руху грамадскага транспарту. Яе апазналі ў тым ліку па фотаздымках у Instagram. 

Глядзіце таксама

  • Былога падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча хочуць перавесці на турэмны рэжым

Аляксей — былы падпалкоўнік КДБ. У Мінскім гарадскім судзе 30 сакавіка 2022 года яго асудзілі да 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў па ч. 2 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»). Таксама ён пазбаўлены вайсковага звання «падпалкоўнік». Пад вартай да суда ён утрымліваўся каля году.

Згодна з інфармацыяй, агучанай у фільме на дзяржтэлебачанні, Храловіч меў дачыненне да перадачы Сцяпану Пуцілу ў лістападзе 2020-га аўдыя размоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі. Менавіта ў гэтых запісах вялася размова пра абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 24 кастрычніка ў Наваполацку адбудзецца суд па замене Аляксею рэжыма ўтрымання на турэмны. Справу будзе разглядаць суддзя Таццяна Хрыпач. 

  • Палітвязня Алега Рубца пасля 90 дзён у ШІЗА перавялі ў санчастку

У чэрвені 2022 года па рашэнні наваполацкага суда пінчука, асуджанага да 5,5 гадоў калоніі, перавялі на 3 гады з калоніі ў жодзінскую турму № 8. Агулам у штрафным ізалятары за апошні год яго ўтрымлівалі больш за 200 сутак.

Цяпер сваякі палітвязня напісалі ў сацсетках, што Алега пасля ШІЗА перавялі ў санчастку. 

  • У Пінску затрымалі хлопца, які хацеў уладкавацца ў вайсковую частку

У хлопца знайшлі «экстрэмісцкія» падпіскі.

На «палонным відэа» затрыманы кажа, што хацеў уладкавацца ў вайсковую частку 1235 (Пінскі памежны атрад), аднак не прайшоў праверку — у яго знайшлі «экстрэмісцкія» падпіскі, а таксама высветлілі, што ён нібыта дасылаў інфармацыю гэтым каналам.

Сілавікі пагражаюць распачаць справу паводле арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).