Ганапольскі: Не трэба займацца прыпячатваннем Лукашэнкі да ганебнага слупа, яго гісторыя ўжо прыпячатала

Журналіст і публіцыст разважае пра заслугі і фатальныя памылкі Лукашэнкі, пра тое, ці пойдуць беларусы на вайну з Украінай і што больш важнае для Беларусі на сённяшні дзень.

marsz_mira_i_nezaleznasci__15__logo_2_1.jpg


— Вы здзівіцеся таму, што я скажу, але я аддаю належнае Лукашэнку ў тым, што ён здолеў, ва ўсякім выпадку на гэты момант, і стрымаў Беларусь ад уступлення беларускіх войскаў у гэтую ганебную вайну, — выказаў сваё меркаванне Мацвей Ганапольскі ў эфіры канала «Звычайны ран*к». — І цяпер у яго яшчэ больш цяжкая задача, таму што зносіны з беглым злачынцам Пуціным — гэта таксама складаная гісторыя.

Але ўсё роўна для мяне як для чалавека, які не прызнае яго легітымным і лічыць бязладдзем усё, што ён там нарабіў, цяпер важна толькі адно: каб ён не здаўся і не ўпіхнуў беларусаў у гэтую вайну, таму што вынікі будуць сумныя, перш за ўсё для яго.

Я ўпэўнены, калі будзе загад, то беларусы будуць вымушаны ісці на гэтую вайну, таму што ўсё будзе адбывацца, як калька расійскіх законаў: не пагодзішся — паўтара года ў турме, а Лукашэнка яшчэ што-небудзь прыдумае дадаткова.

У мяне няма ніякіх фантазій з гэтай нагоды. Будзе загад — пойдуць ваяваць. Загаду на сённяшні дзень няма.

Менавіта таму Беларусь не вораг Украіны на дзесяцігоддзі, як Расія. Украінцы выразна аддзяляюць беларусаў, яны ўсё разумеюць. Наогул на ўкраінцаў, на краіну Майданаў, вельмі падзейнічала тое выступленне беларусаў супраць Лукашэнкі (у 2020 годзе). Я быў сведкам, як яны назіралі за вашымі пратэстамі.

Але самы галоўны Рубікон пакуль не пяройдзены, і таму ва ўкраінцаў дагэтуль зусім іншае стаўленне да беларусаў праз неўступленне ў вайну.


Лічачы неўступленне ў вайну заслугай Лукашэнкі, журналіст пералічвае і яго фатальныя памылкі.

— Яму здавалася, што газ за дзве капейкі — гэта добра. Але аказалася, што газ за дзве капейкі мае значна большы кошт — кошт крыві, якую мы цяпер бачым.

Безумоўна, канец Пуціна — гэта і канец Лукашэнкі ў палітычным сэнсе. Кіпцік уграз — усёй птушачцы прапасці. Лукашэнка зрабіў адну страшную эканамічную памылку, якая, на мой погляд, нават страшнейшая за палітычную.

Калісьці, спадзеючыся на дапамогу РФ, ён пагадзіўся на саюзную дзяржаву.

Яны разам з Пуціным стварылі маленькі Савецкі Саюз на дзве краіны. Лукашэнка не развіваў Беларусь эканамічна як самастойную суб'ектную незалежную дзяржаву. Ён у асноўным займаўся барацьбой за ўласную ўладу, таму цяпер Беларусь знаходзіцца ў вельмі складаным стане, перш за ўсё, эканамічным.

Аддаўшы належнае беларускаму пратэснаму духу, журналіст тым не менш не схільны перабольшваць яго значэнне, у адрозненне ад большасці экспертаў.

— У Беларусі скруцілі грамадзянскую супольнасць. Законы таталітарызму аднолькавыя ўсюды. І са спадаром Лукашэнкам асноўная праблема ў тым, што ён у нейкі момант вырашыў, што галоўны ў краіне ён і трэба захоўваць сябе, не Беларусь, а сябе, не беларускіх грамадзян — а сябе.

Канчатковы водападзел паміж ім і народам — гэта тая мільённая дэманстрацыя ў 2020 годзе, яго нелегітымнасць і гэтак далей.

І вы, на жаль, дагэтуль знаходзіцеся на стадыі таго, што ва ўсім у Беларусі вінаваты Лукашэнка, што ёсць свабодалюбівы народ, які паказаў сваю неверагоднасць, выходзячы на пратэст, а ўся праблема палягае ў тым, што пракляты Лукашэнка скруціў грамадства ў бараноў рог і гаспадарыць.

Але гэта вашы фантазіі. І пратэст у Беларусі быў фантазійным. Гэта быў не палітычны працэс, хоць такім здаваўся. Нічога падобнага! Таму што, калі б раптам так здарылася, што беларусы вырашылі гуляць сур'ёзна, гэта значыць, трэба было запускаць такі механізм, які называецца стачкі, калі спыняецца ўся эканоміка.

На жаль, дыктатуры жывуць доўга, і калі выдыхаюць, гэта заўсёды праз кроў. Але ўсе яны бурацца, гэта мы ведаем з гісторыі, — падкрэсліў журналіст.

Ён таксама даў беларусам важную параду на будучыню.

— Калі Пуцін і Лукашэнка сыдуць з палітычнай сцэны, я б жадаў Беларусі большай самастойнасці і большай суб'ектнасці.

Гэта вельмі добрая краіна, я ў ёй быў шмат разоў. І мне здаецца, яна можа гуляць не васальную ролю, якую адыгрывае цяпер у адносінах да Расіі, а значна больш яркую і самастойную.

Беларусь — краіна з народам, безумоўна, еўрапейскім, народам неверагодна мірным і спакойным, але ён можа выйсці на мільённую дэманстрацыю.

І вам цяпер трэба займацца не толькі прыпячатваннем Лукашэнкі да ганебнага слупа, бо яго гісторыя ўжо прыпячатала. Вам трэба займацца галоўным — паслялукашэнкаўскай Беларуссю.

Што ў ёй будзе адбывацца, як зрабіць так, каб людзі, якія прыйдуць да ўлады, не сталі новым Лукашэнкам: спачатку былі ласкавымі і пяшчотнымі, а потым сталі будаваць сваю асабістую дыктатуру.

Самае галоўнае —зрабіць так, каб Беларусь больш ніколі не трапіла ў абдымкі таталітарызму, — лічыць Ганапольскі.