Еўрааблом

Мы так спадзяваліся, так рыхтаваліся да гэтага візіту! А на гэтым тыдні абламіліся. Урад Беларусі і еўракамісар па знешніх сувязях і Еўрапейскай палітыцы суседства Беніта Ферэра-Вальднер дамовіліся пра перанос яе візіту ў Мінск.

Візіт спадарыні Ферэра-Вальднер планаваўся на 12 сакавіка. Але ж спадарыня Вальднер выказалася пра Беларусь, выступаючы 9 сакавіка ў Лондане перад супрацоўнікамі няўрадавай арганізацыі «Чэтэм Хаўс» (Каралеўскі інстытут міжнародных адносінаў).

Мы так спадзяваліся, так рыхтаваліся да гэтага візіту! А на гэтым тыдні абламіліся. Урад Беларусі і еўракамісар па знешніх сувязях і Еўрапейскай палітыцы суседства Беніта Ферэра-Вальднер дамовіліся пра перанос яе візіту ў Мінск.
Візіт спадарыні Ферэра-Вальднер планаваўся на 12 сакавіка. Але ж спадарыня Вальднер выказалася пра Беларусь, выступаючы 9 сакавіка ў Лондане перад супрацоўнікамі няўрадавай арганізацыі «Чэтэм Хаўс» (Каралеўскі інстытут міжнародных адносінаў).
Еўракамісар падкрэсліла, што ў Беларусі ёсць «шанс стаць бліжэйшай да Еўрасаюза». «Мы сапраўды бачым магчымасць наблізіць Беларусь і гатовы шмат для гэтага зрабіць», — цытуе Ферэра-Вальднер агенцтва «Рэйтар». Паводле яе слоў, праграма ЕС «Усходняе партнёрства», якая прадугледжвае дапамогу для краін Усходняй Еўропы, павінны ахапіць і Беларусь, але каб гэта адбылося, «мы хочам бачыць там больш палітычных рэформ».
Цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі яна ахарактарызавала як «два крокі наперад, адзін назад». «Мы задаволеныя тым, што палітычныя зняволеныя былі вызвалены, але нам не падабаецца, што цяпер іншыя змешчаны пад арышт, — сказала еўракамісар. — З другога боку, некаторыя няўрадавыя арганізацыі былі зарэгістраваны, некаторыя апазіцыйныя газеты могуць друкавацца. Гэта ўсё добрыя крокі, але мы хочам бачыць больш сістэмных зменаў».
«Сістэмныя змены» не прымусілі сябе чакаць. Толькі 10 сакавіка прэс-служба прэзідэнта паведамляла, што Аляксандр Лукашэнка наведае Арменію з рабочым візітам, і дамоўленасць пра гэта была дасягнутая 9 сакавіка падчас яго тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Арменіі Сержам Саргсянам. А ўжо 11 сакавіка беларускі прэзідэнт адправіўся з рабочым візітам у Арменію.
Інакш, як «еўрапейскім дэмаршам» такія крокі не назавеш. Бачна, што пасля заяў Ферэры-Вальднер Аляксандр Лукашэнка не пажадаў з ёй сустракацца. І тэрмінова вылецеў у Арменію.
Тым не менш, еўрапейцы не адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з Беларуссю, хаця кухталёў нашай уладзе выдаюць канкрэтна. 11 сакавіка ў Мінску перад пачаткам міжнароднага семінара «Паляпшэнне клімату для замежных інвестыцый» прайшла прэс-канферэнцыя рабочай групы Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Беларусі. Кіраўнік рабочай групы Ута Цапф так ацаніла сітуацыю ў краіне: «Не магу сказаць, што ў Беларусі адбыліся радыкальныя змяненні да лепшага. Лепш за ўсё ахарактарызаваць гэта як прагрэс невялікімі крокамі. Але ўжо тое, што ўрад хоча весці дыялог і мае намер пачаць перагляд заканадаўства ў адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі, — само гэтае жаданне выклікае павагу і жаданне працягваць кантакты».
Між іншым, Аляксандр Лукашэнка таксама даў пэўны сігнал Захаду. «Рашэнне аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі будзе прымаць беларускі парламент, і я не буду даваць яму ніякіх указанняў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка 6 сакавіка ў аэрапорце горада Ніш «Канстанцін Вялікі» перад адлётам у Мінск. А прыляцеўшы ў Мінск, Лукашэнка заявіў, што Беларусь не разглядае «ніводную дзяржаву ў якасці праціўніка». Пра гэта ён заявіў 10 сакавіка падчас зацвярджэння задумы аператыўна-стратэгічных вучэнняў «Захад–2009».
«Мы — хачу падкрэсліць гэта асабліва — з усімі хочам жыць у згодзе. Аднак, каб неба над галавой нашых грамадзян было мірным, армія павінна вучыцца ваяваць», — падкрэсліў прэзідэнт.
«Зыходзячы з патрэб абароны дзяржавы, сучасных тэндэнцый узброенага супрацьборства, узроўню ваеннай небяспекі, нашых эканамічных магчымасцей, летась былі распрацаваны новыя асноватворныя дакументы: канцэпцыя развіцця будаўніцтва ўзброеных сіл да 2020 года і план абароны краіны, — паведаміў Лукашэнка. — У іх вызначаны асноўныя прынцыпы нашай ваеннай палітыкі і кірункі развіцця беларускай арміі».
Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь выходзіць на новы ўзровень практычнага ўзаемадзеяння з Расіяй у ваеннай сферы. «Можна сказаць, што гэта прынцыпова новы этап у арганізацыі бяспекі Саюзнай дзяржавы. На такі высокі ўзровень практычнага ўзаемадзеяння ў ваеннай сферы з Расіяй мы выходзім упершыню», — цытуе кіраўніка дзяржавы ягоная прэс-служба.
Карацей, мы мірныя людзі, але наш бронецягнік заўсёды стаіць на запасным пуці. Мы можам піць армянскі каньяк, але калі хто сунецца ў нашу вотчыну, усыпем па самае не магу. І няма чаго еўрапейцам нам указваць, якія крокі і куды рабіць. Самі з вусамі.
А тым часам да нас набліжаецца сусветны эканамічны крызіс. 10 сакавіка намеснік міністра эканомікі Таццяна Старчанка паведаміла, што «сёння стаіць пытанне аб выжыванні беларускай эканомікі». Паводле яе слоў, работа па лібералізацыі эканомікі патрабуе паскарэння, каб надаць новы імпульс буйным прадпрыемствам, малому і сярэдняму бізнесу. Зробленых захадаў недастаткова, яны не могуць цалкам забяспечваць устойлівасць працы.
Яна заклікала ўсіх зацікаўленых асобаў накіроўваць прапановы па пераадоленні крызісу ва ўрад. «Сёння стаіць пытанне аб выжыванні эканомікі, і мы адкрытыя да пошуку выхадаў з крызісу і абмеркавання прапаноў», — падкрэсліла Старчанка.
Паводле слоў намесніка міністра, усе мерапрыемствы па пераадоленні фінансавага крызісу скіраваныя на цвёрдую эканомію грашовых сродкаў. Праведзена інвентарызацыя дзяржпраграм, скарачаюцца расходы і праекты, якія не адносяцца да першачарговых, і «гэта работа працягваецца», зазначыла намеснік міністра. «Дзякуючы гэтым мерам мы маем досыць нядрэнныя вынікі летась», — лічыць Старчанка.
Разам з тым, паводле яе слоў, «відавочна запаволенне развіцця ў прамысловым сектары эканомікі», што пацвярджаецца звесткамі статыстыкі. «Мы маем рост ВУП у студзені на 4,5%, а за студзень–люты — на 1,4%», — паведаміла намеснік міністра.
У прамысловасці, паводле слоў Старчанкі, адзначаецца падзенне тэмпаў росту, прычым закрануты ўсе галіны эканомікі, асабліва машынабудаванне і металаапрацоўка, вытворчасць будматэрыялаў, лёгкая і дрэваапрацоўчая прамысловасць.
Эканомце сродкі! І магчыма, гэта нам дапаможа.