Да хлопца, які трапіў у рэанімацыю з допыту, не пусцілі нават маці

Вельмі голаснай стала ў Беларусі справа мінскага падлетка Цімура М., які ўжо другі раз трапіў у рэанімацыю пасля спаткання з сілавікамі. Надоечы з’явілася відэа, у якім падлетак на шпітальным ложку ў рэанімацыі кажа, што міліцыянты – адэкватныя, перадае «Белсат».

Цімур М. Скрыншот з відэа, якое было апублікаванае Тэлеграм-каналам «Желтые сливы»

Цімур М. Скрыншот з відэа, якое было апублікаванае Тэлеграм-каналам «Желтые сливы»

Уночы з 12-га на 13-га жніўня Цімур М. трапіў у рэанімацыю 3-га гарадскога дзіцячага клінічнага шпіталя. Туды яго прывезлі з Партызанскага РУУС беларускай сталіцы. Паводле Цімура, яго збівалі і катавалі падчас затрымання і ў міліцэйскім пастарунку. Стан хлопца быў настолькі цяжкі, што лекары пастанавілі ўвесці яго ў штучную кому.
3-га верасня хлопца выклікалі ў Следчы камітэт на допыт па крымінальнай справе аб удзеле ў масавых беспарадках. Падлетку ставілі ў віну таксама ўдзел у збройным нападзе на кіроўцу грузавога аўтамабіля МАЗ, які прыехаў эвакуяваць няспраўны тралейбус ля метро «Пушкінская» ў Мінску 10-га жніўня. Следчы камітэт апублікаваў адпаведнае відэа, якое мае сведчыць пра віну падлетка.


На допыце Цімуру М. стала кепска. Яго зноў даставілі ў рэанімацыю, але ўжо 2-га клінічнага шпіталя ў Мінску. Родзічы Цімура распавялі «Белсату», што да яго ў шпіталь прыязджала маці, яле яе не пусцілі да сына і не прынялі перадачу, якую яна яму прывезла. Увечары 5-га верасня на Тэлеграм-канале «Жёлтые сливы» было апублікавана відэа, на якім Цімур на бальнічным ложку распавядае, што трапіў у шпіталь з павышаным ціскам.
«Прашу не распускаць фэйкі пра маё здароўе. Так, я сапраўды пад канвоем, але хлопцы – не звяры, адэкватныя», – сказаў падлетак. Гэта відэа перапосціў таксама Тэлеграм-канал афіцыйнага інфармацыйнага агенцтва «БелТА».
«Белсат» дазваніўся ў аддзяленне рэанімацыі 2-ой клінічнай больніцы. Дзяжурны рэаніматолаг Таццяна Сяргееўна Талочка патлумачыла, што звесткі пра дыягназ хлопца могуць даць толькі ягоным родным. Лекарка адзначыла, што Цімураву маці не ўпусцілі да яго, бо хлопец знаходзіцца пад следствам і спатканне з ім можа адбыцца падобным чынам, як бы ён знаходзіўся ў Следчым ізалятары. Хто зрабіў відэа, лекарка не ведае.


«У звычайнай сітуацыі такое, каб нехта ў рэанімацыі рабіў відэа, – проста немагчыма. Дакладна гэта не маглі зрабіць родныя хлопца», – адзначыла рэаніматолаг.
Родныя падлетка адмаўляюцца ад каментароў. У Следчы камітэт дазваніцца пакуль таксама не ўдалося.
26-га жніўня былы міністр здароўя, а цяпер старшыня Гродзенскага Уладзімір Каранік заявіў, што пацярпелы падлетак знаходзіўся пад уздзеяннем псіхатропных рэчываў і таму «атрымаў у морду». Медычныя дакументы, якія былі ў распараджэнні Цімуравых родзічаў, не пацвярджаюць наяўнасці псіхатропаў у ягоным арганізме.
ВШ Belsat.eu