«Д’яблы вельмі баяцца знаку Святога Крыжа», — прэсавы сакратар БПЦ Сяргей Лепін
Сергій Лепін рытарычна пытаецца: «Цікава, а на Грабарцы ўсё крыжы ўзгодненыя з уладамі ці ёсць парачка-другая няўзгодненых?» — паведамляе «Радыё Свабода».
На старонцы кіраўніка Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ Сяргея Лепіна ў Livejournal увечары 4 красавіка з’явіўся пост пад назвай «Няхай уваскрэсне Бог», прысвечаны масаваму зносу крыжоў у Курапатах, які прыпаў на праваслаўны Крыжапаклонны тыдзень.
У ім прадстаўнік БПЦ абураецца метадамі мясцовых выканаўцаў:
«Усяляк падтрымліваю Прэзідэнта: трэба навесці парадак у Курапатах! Але вось метад мясцовых дзяржымордаў і прышыбеевых не падтрымліваю».
Да стратэгіі ў Лепіна таксама ёсць пытанні, і самае галоўнае: «Якая яна, гэтая стратэгія?».
«Апазіцыя, якая ўладкоўвае помнікі культуры, а не барыкады, і заклікае запаліць памінальныя свечкі на могілках, а не пакрышкі на плошчы... Карацей, у нашай улады павінна быць шмат зайздроснікаў. Некаторыя б кіраўнікі ў такой сітуацыі з радасцю б самі бярвёны падвозілі і адкрывалі б усе новыя і новыя месцы масавых пахаванняў...
І пяцідзясятнікі, якія не цураюцца крыжоў, а самі ставяць крыжы і як вызнаўцы аграбаюць за гэта... Нібы назіраеш рэлігійную эвалюцыю ў рэальным часе! Калі ў вашай царкве не шануюць крыж, значыць, яна проста з’явілася пазаўчора, ніяк не ўкаранёная ў гісторыі, ды і проста пакуль яго не заслужыла — магчыма, у яе яшчэ ўсё наперадзе...».
«Цікава, а на Грабарцы ўсё крыжы ўзгодненыя з уладамі ці ёсць парачка-другая няўзгодненых?» — рытарычна пытаецца Сергій Лепін і заклікае:
«Памятайце: “ДʼЯБЛЫ вельмі баяцца знаку Святога Крыжа, бо на ім Збаўца выкрыў і выставіў іх на ганьбу» (Антоній Вялікі, 356)».
На афіцыйным сайце Беларускай праваслаўнай царквы church.by ніякай рэакцыі на падзеі 4 красавіка дагэтуль не з’явілася.
4 красавіка ў Курапатах дэмантавалі і вывезлі 70 крыжоў (паводле інфармацыі Змітра Дашкевіча). 15 абаронцаў Курапат затрымала міліцыя, а сам мемарыял ачапілі. Увечары частку актывістаў выпусцілі з адміністрацыйнымі пратаколамі і будуць судзіць.
Каля 12-й гадзіны дня пачалі ставіць металічную агароджу мемарыялу, гэтым займаюцца будаўнікі з Заслаўя. Хто прыняў рашэнне пра дэмантаж 70 крыжоў, куды іх вывезлі і што з імі будзе далей, невядома. У Міністэрстве лясной гаспадаркі сцвярджаюць, што крыжы паставілі незаконна.
Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі.