Беларускі каталіцкі касцёл працягвае адзначаць 100-годдзе Казіміра Свёнтка
На Берасцейшчыне і Гомельшчыне, якія ахоплівае Пінская каталіцкая епархія, працягваюцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да 100-годдзя першага беларускага кардынала Казіміра Свёнтка.
Урачыстасці прайшлі ў Століне і Драгічыне. Духавенства Пінскай дыяцэзіі адзначае, што памяць іерарха ўшануюць у кожным беларускім касцёле, а ў сам дзень нараджэння - 21 кастрычніка, масштабныя ўрачыстасці пройдуць у Пінску.
Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ўдзельнічае ў кожным мерапрыемстве. У сваёй прамове ён заклікае не толькі каталіцкіх вернікаў, але і ўсіх хрысціян памятаць кардынала, браць прыклад з ягонай волі і адднасці веры. Па словах біскупа, Казімір Свёнтак (1914-2011) стаў для тысяч беларусаў духоўным правадніком па жыцці і паказваў накірунак да неба.
Гаспадыня дому, дзе жыў кардынал, Барбара Шымнская кажа, што Свёнтак заслужыў такую павагу і пашану за сваю дабрату:
— Ён прывык да простага жыцця. Касцёл для яго быў усім. Падабалася мне, што ён быў вельмі простым у зносінах, таварыскім, што яго вельмі паважалі. Тое, што ён рабіў, ён запісваў. Увогуле, калі ён нешта рабіў, то яму не трэба не абедаць, нічога, а трэба быць там і ён павінен глядзець, як робіцца.
Казімір Свёнтак нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Эстоніі. Пасля сканчэння баранавіцкай гімназіі паступіў у Пінск у Вышэйшую духоўную семінарыю. З таго часу імя Казіміра Свёнтка непарыўна звязанае са сталіцай Палесся. За адднасць Богу прайшоў праз вязніцы НКВД і сталінскія лагеры. Памёр на 97-м годзе жыцця, пахаваны ў крыпце ў Пінску.
Казімір Янавіч Свёнтак (1914-2011). Фотаздымак зроблены ў сярэдзіне 1980-х гадоў. З архіву Барбары Шыманскай.
Унутры кафедральнага касцёлу
Ксёндз-місіянер Пётр распавядае гісторыю касцёла і жыццяпіс Зыгмунта Лазінскага (1870–1932) і Казіміра Свёнтка (1914–2011)
Верны сябра Казіміра Янавіча. Сабака дагэтуль чакае свайго гаспадара. "Барбоса" шчанюком кардынал падабраў у Баранівічах ля касцёлу, сабака быў збіты і амаль не мог рухацца.
Пінскі кафедральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя