Беларускія ўлады адрэагавалі на скаргу Ларысы Шчыраковай у ААН
Урад Беларусі адрэагаваў на скаргу гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай у Камітэт ААН па правах чалавека аб парушэнні яе права на свабодны выбар абаронцы.
Пра гэта паведаміў юрыст Леанід Судаленка, які вядзе справу журналісткі (BLR (212), №2848 / 2016) у міжнароднай інстанцыі.
Каментуючы прэтэнзіі Ларысы Шчыраковй аб пазбаўленні судом яе права на свабодны выбар абаронцы пры адміністрацыйным абвінавачванні, урад спаслаўся на нацыянальнае заканадаўства аб допуску ў якасці абаронцы грамадзян выключна адвакатаў. Беларускія чыноўнікі заяўляюць, што падобная практыка ніколькі не абмяжоўвае грамадзян у вольным выбары свайго абаронцы.
Нагадаем, 12 сакавіка 2015 года суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Віктар Казачок прысудзіў Ларысе Шчыраковай буйны штраф за супрацоўніцтва з польскім тэлеканалам "Белсат", дзе быў паказаны зняты ёю на цэнтральным рынку рэпартаж пра праблемы прадпрымальнікаў. Журналістка прасіла суд дапусціць у справу ў якасці абаронцы юрыста БАЖ Леаніда Судаленка, аднак суд, са спасылкай на адміністрацыйнае заканадаўства адхіліў заяўленае хадайніцтва.
"У Беларусі я прайшла ўсе ступені судовай абароны і ўсё безвынікова, — адзначыла журналістка. — Я таксама звярталася з нагляднымі скаргамі да старшыні Вярхоўнага Суда і Генеральнага пракурора, аднак дарэмна. Атрымліваецца, нам навязваюць толькі платных адвакатаў, а як быць таму, у каго проста на гэта няма грошай? Прафесійнага юрыста БАЖ суд не дапусціў абараняць мае правы, бясплатнага адваката мне не прадаставіў, хіба гэта справядліва?"
.
Леанід Судаленка заявіў, што яны ўжо адрэагавалі на камунікацыю ўрада Беларусі, даслаўшы ў Жэневу прававую пазіцыю па справе.
"Упэўнены, у гэтым кейсе ёсць парушэнне права журналісткі на свабодны выбар абаронцы. Гэта будзе прэцэдэнтнае рашэнне, накіраванае на змяненне адміністрацыйнага заканадаўства такім чынам, каб кожны меў права выбіраць сабе абаронцу, незалежна ад наяўнасці адвакацкай ліцэнзіі", —- заявіў юрыст.
Гомельская Вясна