Беларусь, якая чакае. Знікаючыя сведкі багатай гісторыі.
Пакуль нашыя чытачы абіраюць свае ўлюбёныя месцы, мы вырашылі працягнуць знаёміць вас з малавядомымі, але ніяк не менш цікавымі і каштоўнымі помнікамі Беларусі. Плануючы сённяшні маршрут, мы таксама ўлічвалі вясновую паводку, да відарысаў якой мы вялікія аматары. Дзень абраны, маршрут узгоднены, надвор’е абяцае быць добрым. Паехалі!
Нягледзячы на розныя акалічнасці па дарозе, да першай нашай кропкі мы дабіраемся падчас світанку, як і планавалі. Самотны стары бровар у полі паміж вёскамі Валадута і Новы Шлях вельмі прыгожа выглядае ў гэты час. Бровар быў пабудаваны ў ХІХ стагоддзі Юзэфам Слатвінскім як дадатак да вінакурні ў Раванічах і працаваў да Першай Сусветнай вайны, падчас якой моцна пацярпеў.
У савецкі час тут месцілася зернасховішча, а ў 1970-е побач спрабавалі пабудаваць жывёлагадоўчы комплекс, але нешта пайшло не па плане і будыінкі хутка пачалі прыходзіць у заняпад. Прыкладна ў 2015-2018 некалькі прыватных асобаў спрабавалі адніавіць стары завод і нават ачысцілі пляцоўкі вакол будынкаў. Меліся планы зрабіць сучасны бровар з выкарыстаннем новых тэхналогій і ўдзелам вядомых беларускіх півавараў, але ж зноўку штосьці пайшло не так і стары бровар зноўку самотна сустракае світанкі ў чаканні свайго гаспадара.
А мы рушым далей да руінаў касцела Святога Антонія Падуанскага ў Раванічах, які быў пабудаваны на мяжы XVIII-XIX стагоддзяў на сродкі Антонія Слатвінскага, род якога ў той час валодаў Раванічамі. Па ягонай задумцы касцёл меўся быць фамільным склепам роду Слатвінскіх. У 1800 годзе касцёл быў кансэкраваны тытулам Святога Антонія і ўвесь час меў сталага святара.
Цікава, што нягледзячы на закрыццё і разрабаванне ў 1937 годзе, выкарыстанне ў розных гаспадарчых мэтах, касцёл Святога Антонія дажыў да пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя ў даволі неблагім стане. Але, як гэта часта здараецца, усё змянілася ў адну ноч — пажар ад вогнішча мясцовых аматараў спіртнога знішчыў стары помнік вокамгненна і, здаецца, назаўжды. Нягледзячы на ўжо звыклы нам выгляд нікому не патрэбнага скарба продкаў, касцёл Святога Антонія нават у разбураным стане ўражвае сваёй веліччу і магутнасцю.
Як ужо зразумелі дасведчаныя вандроўнікі, мы ніяк не маглі праехаць міма сядзібы роду Слатвінскіх у Раванічах, якая знаходзіцца літаральна ў пары кіламетрах ад касцёла Святога Антонія. Сядзіба будавалася не адзін дзясятак гадоў і зусім не таму, што ў Слатвінскіх былі нейкія складанасці з грашыма ці з ідэямі. Сядзібны дом быў гатовы ў 1804 годзе, але да гэтага ў Раванічах на сродкі Антонія Слатвінскага ўжо былі пабудаваны пякарня, сыраварня, кузня, вінакурня і шмат іншых гаспадарчых прадпрыемстваў. Сядзібны комплекс уключаў сад, аранжарэю, лядоўню. Людвіг, сын Антонія, быўшы маршалкам Мінскай губерніі пачаў будаванне сядзібнага палаца ў 1853, а завяршыў у 1859 годзе.
Слатвінскія таксама заснавалі ў Раванічах тэкстыльную фабрыку і наладзілі вытворчасць смалы і скіпідару. Дарэчы, існуе легенда, што Антоній Слатвінскі мае столькі грошай таму, што знайшоў скарб Напалеона — настолькі шмат было зроблена на сродкі Слатвінскіх у Раванічах. Падчас дзвюх сусветных войнаў палац моцна пацярпеў, але ў 1952 годзе быў адноўлены і да 1971 года выкарыстоўваўся як школа, а потым у яго сценах месцілася лякарня, сховішча і іншыя гаспадарчыя ўстановы.
Канчаткова сцены палаца Слатвінскіх апусцелі на пачатку 1990-х і ад таго часу выбітны будынак паступова прыходзіць у заняпад. Кажуць, што нашчадкі Слатвінскіх звярталіся з прапановай выкупіць сядзібу, але ж «дадатковыя ўмовы» прымусілі іх адмовіцца ад гэтай ідэі. Зараз Чэрвенскі выканкам шчодра прапануе будучым інвестарам розныя «цукеркі», але жадаючых нешта не знаходзіцца. Чаго так?
Пад уражаннямі ад пабачанага не спяшаючыся рушым далей па вясенняй Беларусі. Сонейка ўжо няблага так грэе стаміўшыяся па цяплу душы і целы, таму не лянуемся спыняцца і павольна дыхаць ранішнім вясеннім паветрам.
Наступны помнік, які мы хацелі наведаць – сядзіба Патоцкіх у Беразіно. Пасля свайго разводу Ганна Патоцкая-Вансовіч у 1858 годзе пабудавала гэтую летнюю рэзідэнцыю на Беразіне для вясёлага баўлення часу і не памылілася. Кожнае лета тут адзін за адным адбываліся шумныя прыёмы і баляванні. Шмат знакамітых асобаў бачылі гэтыя сцены і незахаваўшаяся да нашага часу раскошная лесвіца-спуск да Беразіны.
Вядома ж, усё спынілася пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі – на засталося ані гаспадароў, ані гасцёй. Прадказальна сядзіба стала спачатку школай, потым складам, а потым наўпрост старым непатрэбным будынкам, які выкарыстоўваўся выключна мясцовымі аматарамі спіртнога і прыхільнікамі розных нефармальных рухаў для зусім іншых баляванняў. Сёння бачна, што тэрыторыя навокал і ўнутры прыбраная, а сам будынак — № 1 у інвестпрапановах на сайце Бярэзінскага райвыканкама. Але кошт, пазначаны на сайце, актуальны на 1 студзеня 2016 году. Не ведаеце, чаму ніхто не цікавіцца?
Падчас агляду сядзібы мы, канешне, заўважылі паводку на Беразіне і зараз хуценька едзем да вялікага маста праз гэтую прыгожую раку, каб на свае вочы ўбачыць моц і веліч Вялікай Вады. Глядзім разам!
Далей наш шлях ляжыць да аднаго з самых незвычайных, таямнічых і прыгожых храмаў Беларусі. Вёска Багушэвічы. Касцёл Божага Цела, які спачатку будаваўся як фамільная пахавальня роду Свентаржэцкіх недалёка ад іх сядзібы. Дакладная дата ўзвядзення невядомая, але спецыялісты лічаць, што гэта было не пазней за першую палову ХІХ стагоддзя. Аўтарам праекта некаторыя лічаць вядомага архітэктара Якуба Кубіцкага, але да гэтай кропкі стаўлення ёсць пэўныя пытанні.
Пасля паразы паўстання 1863 года, падчас якога гаспадар Чэслаў Свентаржэцкі хаваў у капліцы зброю і актыўна падтрымліваў паўстанцаў, ягоная сядзіба па загаду губернатара Мураўёва была спалена, а чальцы сям’і сасланыя. Капліцу таксама збіраліся знішчыць, але мясцовыя жыхары выпрасілі дазвол карыстацца будынкам як царквой, бо зусім нядаўна мясцовы храм згарэў. У 1869 годзе капліца стала Свята-Даніілаўскай царквой і была ёй на працягу паўстагоддзя – у 1919 годзе будынак перадалі каталікам. Потым ужо знаёмая гісторыя – зачыненне, склад, мясцовы клуб, заняпад... У 1989 годзе касцёл перажыў моцны пажар (недзе мы такое ўжо чулі!) і толькі ў 2000 годзе пачаліся рэстаўрацыйныя працы, якія патроху вядуцца і дагэтуль. А тым часам у касцеле раз-пораз праходзяць набажэнствы. Чакаем добрых навінаў!
Мы нездарма напачатку нашага падарожжа ўзгадалі паводку. Далейшы наш маршрут ідзе ўздоўж Беразіны, якая была ў лічаных дзясятках метраў ад нас, але шлях да яе перагароджвалі шчыльныя рады лесу ці вясковых дамоў. Але ж мы знайшлі падыходы! Вашай увазе — Вялікая Вада на Беразіне!
А вось наступная кропка мелася быць проста транзітнаю. Хтосьці з нас ведаў, што тут ёсць нейкі выбітны будынак, але як яго знайсці — не. Трэба ж так было ехаць каб ён апынуўся літаральна перад намі! Не спыніцца не было ніякай магчымасці. Дом Базыля Яцко, пабудаваны напачтку ХХ стагоддзя насамрэч не мае амаль ніякага дачынення да самога Базыля, акрамя таго, што дом пабудавалі ягоныя дзеці ў якасці падарунка бацьку. І не проста пабудавалі, а з цэглы легендарнага заводу Розенберга ў Бабруйску. Магчыма, менавіта таму дагэтуль дом стаіць амаль як новы, за выключэннем нейкай самаробнай дабудовы ззаду. Ну і зачыненая крама як мага лепш спрыяе выбітнаму помніку архітэктуры ў Свіслачы, ага...
Гэты абзац будзе пакаяннем. Мы, насамрэч, зусім нічога не ведалі аб Свіслацкім гарадзішчы і нам сорамна! Толькі адзнака на мапе падказала, што варта было б сюды завітаць. Мы маглі б напісаць, што даўно імкнуліся наведаць славутае Свіслацкае гарадзішча, якое існавала яшчэ да эры Езуса, але ж не. Мы нічога аб ім не ведалі і тым каштоўней было гэтае адкрыццё. Ну і менавіта ля яго сустракаюцца Свіслач і Беразіна. Стратэгічнае месца — нашыя продкі ведалі, дзе будаваць горад!
Вельмі ўражаныя рушым далей. Насамрэч, гэта і нармалёва, калі ты ў спадзяванках што ведаеш усё, сустракаешся з тым, аб чым не ведаеш нічога. Гэта надае сэнсу жыццю, дае моцнага і адчувальнага пендалю па азадку і дадае паліва ў бак далейшых даследванняў! Дзякуй, Свіслач!
А мы набліжаемся да месца пад незвычайнай назвай Ізюмава. Нічога старадаўняга, звязанага з ізюмам, тут няма. Раней гэтая вёска звалася проста Дурынічы, але потым была перайменавана ў гонар лётчыка Мікалая Ізюмава, які побач ваяваў і вызваляў краіну ад фашыстаў. Але ж акрамя найноўшай гісторыі мы маем тут выкшталцоны помнік у выглядзе капліцы-пахавальні старога роду Забелаў.
Менавіта тут знайшлі свой апошні прытулак граф Антоній, ягоная жонка Тэкля, дачка Варвара ды іншыя чальцы роду Забелаў. Навокал могілкі і цішыня. Такая цішыня бывае толькі на старых могілках. Толькі ў такіх месцах можна спыніцца і проста пасядзець і паразважаць аб усім на свеце і па за светам. Мы не ведаем, што кіравала тымі, хто спрабаваў разрабаваць гэтыя пахаванні ў пошуках нейкіх скарбаў, але дакладна ведаем да чаго гэта даводзіць. Не тое, каб мы стаміліся (магчыма і так), але тут мы правялі, як нам падалося, хвілін 20, але, калі з’язджалі, высветлілася, што прайшло амаль 1,5 гадзіны. Ну так было трэба і няма аб чым тут казаць. Вельмі раім наведаць гэтае месца. Ды абавязкова каб у вас меўся запас часу, бо ён тут цячэ зусім па іншых законах.
Нашае насычанае падарожжа скончваецца і мы вяртаемся дадому на непрацяглы час. Надвор’е, сонца, вясна будуць! І мы таксама будзем працягваць ганяць ва ўсю моц, каб вы не забываліся аб прыгажосці і адметнасці нашай краіны. Беларусь – гэта лепшае, што з намі здарылася і мы ніколі не згадзімся з адваротным!
Куды далей? Вырашаць вам!
А напрыканцы традыцыйна яшчэ некалькі фота.
Наша сённяшняя вандроўка завяршаецца, але наперадзе новыя маршруты і новыя ўражанні. Калі вам ёсць што нам прапанаваць — будзем вельмі ўдзячныя. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.