Беларусь 25 гадоў праз. Саюз распаўся, «савок» застаўся
Беларусы разгубіліся ў постсавецкіх рэаліях і аддалі лёс краіны ў рукі таго, хто разлічваў павярнуць час назад. Сёння Беларусь дэградуе...
25 гадоў таму на беларускай зямлі, у Белавежскай пушчы, былі падпісаны пагадненні, якія аформілі распад Савецкага Саюза. Яго адэпты і дагэтуль абсыпаюць праклёны тагачасных лідэраў Расеі, Украіны і Беларусі, якія падпісалі прысуд камуністычнай звышдзяржавы: маўляў, такую краіну развалілі!
Але Аляксандр Лукашэнка, які таксама называў распад СССР катастрофай (30 верасня кіраўнік дзяржавы менавіта так выказаўся ў Пекіне), нядаўна ўскосна рэабілітаваў белавежскіх змоўшчыкаў, сфармуляваўшы аб'ектыўную прычыну крушэння імперыі ў арыгінальнай вобразнай форме.
«Прычына распаду Савецкага Саюза? Ды не выдумвайце нічога — пральнага парашка бракавала. Мне шкада было глядзець на жанчын у чарзе, ды і сам не аднойчы стаяў ...» — сказаў Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для рэгіянальных СМІ Расіі 17 лістапада ў Мінску.
Тавару навалам, але гаманцы пусцеюць
Гэта той выпадак, калі ў жарце ёсць доля жарту. Так, Савецкі Саюз палохаў увесь свет ядзернай моцай, але яго эканамічная мадэль аказалася не здольнай даць людзям прыстойны набор жыццёвых выгод. Гэтая сістэма прайграла гістарычнае спаборніцтва праклятым буржуінам.
Іншая справа, што крушэнне СССР не адкрыла народам, што ўваходзілі ў яго склад, як гэта марылася рамантыкам прагрэсу чвэрць стагоддзя таму, вароты ў дэмакратычны і рынкавы рай (краіны Балтыі — асобная тэма, але ў цэлым і там пакуль досыць сурова).
Лёсы постсавецкіх краін склаліся па-рознаму, аднак пра Беларусь можна дакладна сказаць, што «савок» добра трымае нас і сёння.
Цяпер пральных парашкоў ды і іншага тавару разнастайных марак у крамах навалам. Адышла ў нябыт эпоха татальнага дэфіцыту і злых чэргаў, але ў цэлым народ наўрад ці стаў жыць багацей, чым у часы «развітага сацыялізму».
Больш за тое, беларусы ўжо некалькі гадоў бяднеюць нават паводле афіцыйнай статыстыкі. Эканаміст Леанід Заіка нядаўна падлічыў, што па ВУП на душу насельніцтва ў далярах Беларусь апусцілася нават трохі ніжэй за ўзровень 1991 года, калі распаўся Савецкі Саюз.
«Беларусь не змагла стварыць жыццяздольную эканоміку, якая забяспечвала б годны ўзровень жыцця насельніцтва», — адзначыў эксперт мінскага аналітычнага цэнтра «Стратэгія»Валерый Карбалевіч. Фактычна, кажа ён, краіна «жыве за кошт знешняй дапамогі, падачак».
У пастцы неэфектыўнай эканомікі
Лукашэнка перамог на досыць дэмакратычных выбарах 1994 году, гуляючы на настальгіі закатаваных крызісам людзей па савецкай стабільнасці, умоўнага размеркавальнага раю. Але Беларусь пад кіраўніцтвам такога рэтраграда, як бачым, трапіла ў савецкую пастку неэфектыўнай дзяржаўнай эканомікі.
Наогул некаторыя каментатары верныя схеме, што рэжым Лукашэнкі паўтарае ў мініяцюры гісторыю СССР: вось быў перыяд рэпрэсій, вось пайшла разрадка з Захадам, вось наступіў застой...
Афіцыйны лідэр раз за разам абвяргае шлях рэформаў, аб якіх асцярожна паўтараюць ужо і людзі ў ягоным атачэньні. Ён выразна памятае, што апошні савецкі кіраўнік Міхаіл Гарбачоў, пасеяўшы вецер пераменаў, у выніку сустрэў разбуральную для камуністычнага рэжыму буру.
Але па вялікім рахунку СССР тады проста вычарпаў ўнутраныя рэсурсы, хоць меў найбагацейшыя нетры. Беларусь прыроднымі рэсурсамі не ў прыклад бядней, аднак Лукашэнка, прыйшоўшы да ўлады, знайшоў палачку-ратавалачку у абліччы Расіі. Так, з ёй прыйшлося пачаць рызыкоўную гульню ў брацкую інтэграцыю, аднак гульня, з пункту гледжання кіраўніка дзяржавы, была выніковай.
Плюс капкан «братэрскай інтэграцыі»
Зараз жа свечкі ператварыліся ў недагаркі. Расія сама капітальна асела ў эканоміцы і ўжо не можа (ды і не хоча, па меншай меры без сур'ёзных сустрэчных саступак) даваць саюзніку ранейшыя льготы.
Пасля лістападаўскага візіту Лукашэнкі да Ўладзіміра Пуціна бакі захоўваюць магільнае маўчанне. З чаго няцяжка зразумець, што нафтагазавы канфлікт так і не вырашаны. Масква працягвае трымаць беларускія НПЗ, гэтыя каштоўныя генератары валюты ў казну, на галодным пайку.
Як бачым, інтэграцыя па схемах Крамля (спачатку ў фармаце Саюзнай дзяржавы, потым — у еўразійскім), якая спачатку здавалася дзеячам ў Мінску цудоўным рашэннем усіх праблем развіцця, апынулася пасткай: сфармавалася наркатычная залежнасць беларускай эканомікі ад расійскіх «дазнякоў». А з дазнякамі ўсё горш.
Наконадзень Лукашэнка абурана выказаўся на адрас прыляцеўшага ў Мінск Іркуцкага губернатара Сяргея Леўчанка: «Мы самі сябе падвяргаемся крытыцы, а цяпер і за мяжой пачалі казаць, што гэта за Еўразійскі эканамічны саюз, калі падае таваразварот».
Зразумела, што не Іркуцкі губернатар прыдумаў ЕАЭС. Гэта — мэсэдж глухой незадаволенасці, адрасаваны гаспадару Крамля. Але адрасат маўчыць, і многім назіральнікам паўза здаецца злавеснай.
Прапагандысцкая артпадрыхтоўка Крамля пачынаецца?
Тым часам па расійскіх СМІ прайшла хваля матэрыялаў, перадач, у якіх Беларусь сталі маляваць па прынцыпе «если друг оказался вдруг». Маўляў, у сінявокай рэспубліцы падымаюць галаву мясцовыя бандэраўцы, русафобы, а «бацька» глядзіць на гэта скрозь пальцы ды і сам гуляе з Захадам. Увогуле, не выпусціць бы Беларусь, як Украіну.
Некаторыя беларускія апазіцыянеры і аналітыкі звязалі фармаванне гэтага трывожнага прапагандысцкага дыскурсу (фактычна антыўкраінская матрыца) з намерам Масквы задзейнічаць больш за чатыры тысячы вагонаў для перакідання сваіх войскаў на вучэнні «Захад-2017» у Беларусь. Ведаем, маўляў, вашыя вучэнні. Праглынеце і ня папярхнецеся.
У прыватнасці, Арсень Сівіцкі і Юрый Царык з мінскага Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў у апошні час упарта акцэнтуюць увагу на сімптомах, якія будуць паведамляць, як лічаць гэтыя палітолагі, пра намер Расіі атрымаць ваенна-палітычны кантроль над Беларуссю (магчыма, у межах працэсу гібрыднага сцэнарыя) .
Наколькі абгрунтаваныя такога роду алармісцкія прагнозы?
«Падзеі ва Украіне паказалі, што ніякіх гарантый захавання незалежнасці Беларусі з боку Масквы быць не можа», — заявіў мінскі аналітык-міжнароднік Андрэй Фёдараў. Прычым, паводле яго слоў, імперскія інстынкты робяць паводзіны Расіі на знешняй арэне непрадказальнымі: цяжка выказаць здагадку, што можа справакаваць агрэсію ў адносінах да суседзяў.
У прыватнасці, аналітык дапускае, што нарастанне ўнутраных эканамічных цяжкасцяў можа падштурхнуць расійскае кіраўніцтва да ідэі чарговы «маленькай пераможнай вайны». Прычым Беларусь у такім выпадку выглядае самым прыдатным аб'ектам, бо справа можа абысціся без жорсткага супраціву. Асабліва калі ўжыць гібрыдны сцэнар, калі «заедзе на белым кані нейкая марыянеткавая фігура, а Масква дасць рэсурсы, каб паказаць выгады больш цеснага яднання», кажа Фёдараў.
Будучыня ў імгле
Карбалевіч, у сваю чаргу, падкрэслівае, што пагроза страціць фармальную незалежнасць для Беларусі невялікая: «Нават калі ўявіць сабе, што расійскія танкі возьмуць Беларусь, то яе наўрад ці проста далучаць, як Крым. Хутчэй за ўсё, будуць ставіць нейкі марыянеткавы ўрад».
А вось «страта рэальнай эканамічнай незалежнасці ўжо адбываецца на нашых вачах, і знешнія крэдыторы дыктуюць Беларусі ўнутраную палітыку — эканамічную, сацыяльную і гэтак далей», дадаў Карбалевіч.
На яго думку, беларускае грамадства аказалася няспелым, «не гатовым браць на сябе адказнасць за свой лёс», яно «гатова аддаць яе аднаму чалавеку».
Тая меншасць, якая актыўна пратэставала супраць такой сістэмы, была проста прыціснутая асфальтавым катком рэпрэсій. Рэакцыяй жа масы беларусаў на няпростыя постсавецкія ўмовы стала жаданне схавацца ў слімаковую ракавіну, дэлегаваць рашэнне лёсаў краіны ўладарнаму кіраўніку, строгаму, але справядліваму цару.
Аднак патэрналізм, які глыбока засеў у мазгах за савецкім часам, адыграў з нашым грамадствам злы жарт.
У выніку сёння, праз чвэрць стагоддзя пасля распаду СССР, выпаўшая з часу Беларусь дэградуе, а яе будучыня па-ранейшаму ў змроку.
Паводле naviny.by