«Асоба, схільная да захопу закладнікаў». Палітзняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк паставілі на прафулік
Брэсцкую актывістку «Еўрапейскай Беларусі», палітзняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк адміністрацыя Гомельскай жаночай калоніі паставіла на прафілактычны ўлік як «асобу, схільную да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю, хуліганскіх праяў».
Пра гэта Reform.by распавёў муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда. Таксама мужчына дадаў, што адміністрацыя калоніі склала на Паліну тры пратаколы, а сама яна да сярэдзіны верасня знаходзілася ў ШІЗА.
Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца за кратамі з 3 студзеня. Яе асудзілі на два гады пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў і іх абразе, а таксама ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. Супраць Андрэя Шарэнды заведзена дзве крымінальныя справы: па арт. 361 КК («Заклікі да дзеянняў, якія наносяць шкоду нацыянальнай бяспецы») і па арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта»). 31 траўня мужчыну змясцілі пад хатні арышт. Першае судовае пасяджэнне ў судзе Маскоўскага раёна Брэста было прызначана на 28 чэрвеня. Але Шарэнда на суд не з'явіўся, і суддзя абвясціла яго ў вышук. Крыху пазней стала вядома, што Андрэй збег з Беларусі, нелегальна перайшоўшы мяжу.
Раней муж Паліны паведаміў, што Шарэнда-Панасюк двойчы адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні.