Аляксандр Казулін: Мяне збіваў Дзмітрый Паўлічэнка, быў там і Мікалай Карпянкоў. Сямёра мяне дубасілі…

«Краіна не зможа рухацца далей, калі не вырашыць галоўнай праблемы — легітымнасці ўласнага кіраўніцтва», — казаў Казулін. І было гэта амаль 15 гадоў таму.



kozulina_bjut.jpg.webp

«Народная Воля» ўзгадала, як на Усебеларускі народны сход спрабаваў прарвацца экс-рэктар БДУ і экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін. Здарылася гэта пятнаццаць гадоў таму. Але многія дзеючыя асобы — напрыклад, Мікалай Карпянкоў і Дзмітрый Паўлічэнка — і сёння на першым плане.

 

Як гэта было

2 сакавіка 2006 года кандыдат у прэзідэнты і экс-рэктар БДУ Аляксандр Казулін паспрабаваў стаць дэлегатам трэцяга Усебеларускага народнага сходу. Рэгістрацыя на мерапрыемства праходзіла ў Палацы чыгуначнікаў. Нягледзячы на тое, што ахова не пускала яго ў будынак, Казулін паспрабаваў падаць дакументы. Яго жорстка павалілі на зямлю, збілі і даставілі ў Кастрычніцкі РУУС Мінска. Была ўжытая сіла таксама да чальцоў каманды Казуліна — Мечыслава Грыба, Валерыя Фралова, Алега Волчака і да журналістаў, якія здымалі гэта беззаконне. Сур'ёзна пацярпелі таксама тэлеаператар і фатограф агенцтва Reuters і карэспандэнт «Камсамольскай праўды ў Беларусі». Аператар Reuters пасля збіцця быў дастаўлены ў адну з бальніц Мінска.

Казуліна вызвалілі толькі ўвечары. Калі ён выйшаў з міліцыі, то заявіў, што быў затрыманы групай невядомых асоб у цывільным: «Мяне збівалі на працягу пяці хвілін, пасля чаго скруцілі і пагрузілі ў мікрааўтобус».

Казулін распавёў, што яго кінулі ў аўтобусе на падлогу, а зверху на яго сеў адзін з сілавікоў. У дачыненні да палітыка распачалі адразу некалькі спраў: за тое, што Казулі нібыта штурхнуў супрацоўніка міліцыі, а таксама крымінальную — за тое, што «разбіў шкло на партрэце прэзідэнта Беларусі ў Кастрычніцкім РУУС».

Па словах Казуліна, ён хацеў трапіць на Усебеларускі сход, каб «дэлегаты пачулі процілеглы пункт гледжання — апанентаў дзеючай улады».

«Краіна не зможа рухацца далей, калі не вырашыць галоўнай праблемы — легітымнасці ўласнага кіраўніцтва, — казаў Казулін. — Менавіта з-за гэтага Беларусь пасварылася нават са сваімі найбліжэйшымі суседзямі. Сітуацыя ў краіне крытычная, асабліва калі працягваць палітыку падзелу грамадзян на сваіх і чужых. Беларусі не абмінуць горшых сцэнарыяў».

Усё гэта Казулін казаў 15 гадоў таму, але і сёння яго словы па-ранейшаму актуальныя.

 

kozulina_bjut1.jpg.webp

Аляксандр Казулін: «Мяне збіваў Дзмітрый Паўлічэнка 

— Аляксандр Уладзіслававіч, скажыце: а сёння вы сталі б прарывацца на

Усебеларускі сход?

— Уся справа ў тым, што ў 2006 годзе я хацеў паказаць толькі адну простую рэч: у нас у краіне закона не існуе. Мы тады ўважліва вывучылі ўсе дакументы і ўказ аб Усебеларускім сходзе, дзе было канкрэтна прапісана, хто і як туды абіраецца. І, строга вынікаючы літары закона, правялі з'езд нашай партыі, абралі пяць дэлегатаў. Сярод іх быў старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь у 1994–1996 гадах Мечыслаў Грыб, які падпісваў Канстытуцыю, ды і я як экс-рэктар БДУ не апошнім чалавекам лічыўся!

Мы спакойна прыйшлі ў палац чыгуначнікаў у Мінску. Вядома, там мяне пазалі. І адразу абвясцілі, што прапусціць не могуць. Я сказаў, што яны парушаюць закон, і, нягледзячы ні на што, пайшоў рэгістравацца дэлегатам. І тут гучыць каманда: «Мачыць па-чорнаму!» Ну і ўсё... Мяне тады збіваў даволі вядомы Дзмітрый Паўлічэнка, быў там і экс-камандзір «Алмаза», цяперашні намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў. Сямёра мяне дубасілі…

— Мне здаецца, сёння ўсе бачаць, што законы не працуюць.

— Мы жывем у дзяржаве, у якой ігнаруюцца законы, да іх ставяцца з пагардай, як да туалетнай паперы. Але, на жаль, далёка не ўсе нашы грамадзяне так лічаць — гэта таксама трэба прызнаць.

Калі мяне не пусцілі на так званы Усебеларускі народны сход, многія не звярнулі ўвагі на гэты факт. Махнулі рукой. А Лукашэнка там жа, на Усебеларускім сходзе, сказаў: маўляў, марскі пяхотнік Казулін спрабаваў прарвацца, але яго сустрэлі сапраўдныя байцы, сапраўдныя пяхотнікі, і як далі яму, — так ледзь па кутах ашметкі сабралі! І людзі яму апладзіравалі. Хіба гэта не жах?

— На цяперашнім Усебеларускім сходзе таксама напэўна будуць апладысменты.

— Вядома, будуць.

Самае галоўнае пытанне ў тым, каб людзі, прачнуўшыся, зразумелі, у якой дзяржаве мы жывем. Трэба, каб усе без выключэння ўсвядомілі, што гэты жах, які ахутаў усю краіну, трымае яе ў мярзотных кайданах страху.

— Сёння многіх хвалюе толькі адно пытанне: што будзе далей? На некаторых зрабіў уражанне кароткі ролік з суда над блогерам Уладзімірам Няронскім, якому далі тры гады. Развітваючыся са сваёй сям'ёй на тры гады, ён сказаў: «Дачушка, я цябе вельмі люблю...» і дадаў: «Рыхтуйцеся, вясной будзе грамадзянская вайна». Усё сапраўды чакаюць вясны. Але якой яна будзе?

— Цяпер у спешным парадку фарміруецца новае заканадаўства. І яно будзе больш жорсткім. Памятаеце словы Цыцэрона? «Чым бліжэй канец дзяржавы, тым жудаснейшыя і абсурднейшыя законы». Страх прымушае ўладу мяняць і без таго жорсткія законы на яшчэ больш суровыя. Замест таго, каб хаця б паспрабаваць паразумецца з народам па чалавечы, улада ўзмацняе рэпрэсіі.

— Як думаеце, вясной зноў будуць шматтысячныя маршы?

— Пратэсты ўжо нікуды не падзенуцца. Пытанне ў тым, якія формы яны прымуць.

Сумна, што мы не хочам ўсведамляць: глыбокія супярэчнасці, якія ўзнікаюць паміж людзьмі, якраз і прыводзяць да грамадзянскай вайны. Памятаеце гісторыю, калі бацька на сваіх дзяцей накатаў скаргу з-за бел-чырвона-белага сцяга? Гэта як першая ластаўка таго, што можа быць. Калі нянавісць на нянавісць, злосць на злосць, калі людзі думаюць, як адпомсціць, — гэта самае горшае, што можа быць.