Што адбываецца з беларускім аўтарынкам ва ўмовах санкцый? Меркаванне эксперта
Якія аўтамабілі знаходзяцца ў лідарах продажаў у Беларусі? Якія новыя краіны і кампаніі могуць з'явіцца на аўтарынку? Колькі беларусаў могуць дазволіць сабе пакупку новай машыны?
На беларускім аўтарынку адбыліся прыкметныя змены, і ў ліку лідараў па продажах сёння знаходзяцца не еўрапейскія, а кітайскія аўтамабілі, піша thinktanks.by.
У апошніх тэндэнцыях на аўтамабільным рынку разбіралася экспертка BEROC, калумністка «Беларусь.Экспертыза» Анастасія Лузгіна.
Як і чаму падаў рынак новых аўто ў 2020-2022 гадах
Вынікі мінулага года падвяла ў канцы студзеня Беларуская аўтамабільная асацыяцыя (БАА). Усяго за 2023 год дылерамі, якія з'яўляюцца членамі БАА, было прададзена 25 408 новых машын, што на 47,5%больш за вынікі 2022 года.
Актыўны рост продажаў новых аўтамабіляў быў перш за ўсё абумоўлены «прасяданнем» рынку ў 2020-2022 гадах.
Аб'ёмы рынку дагэтуль не дасягнулі ўзроўню 2019 года, калі было прададзена 64 504 новыя аўтамабілі. Пяць гадоў таму ў дзясятку лідараў па продажах уваходзілі LADA, Renault, Volkswagen, Geely, Kia, Skoda,Hyundai, Gaz, Nissan, Ford. Пры гэтым аўтамабілі кампаніі Geely па папулярнасці тады займалі толькі чацвёртае месца. Больш папулярнымі апынуліся аўтамабілі расійскіх і еўрапейскіх марак, а менавіта LADA, Renault і Volkswagen.
З 2020 года рынак новых аўтамабіляў пачаў дэманстраваць адмоўныя тэмпы росту. Калі ў 2020 годзе было прададзена 52 768 штук, то ў 2021 годзе — 46 837 штук, а ў 2022-м — усяго 17 234. Такім чынам, за тры гады рынак сціснуўся ў 3.7 разы.
Можна меркаваць, што падзенне ў 2020 годзе звязана перш за ўсё з пандэміяй каранавіруса. Людзі сталі ў гэты перыяд менш мабільнымі, у некаторых знізіліся даходы, пагоршыліся магчымасці крэдытавання, а буйныя пакупкі былі адкладзеныя на больш аддаленую перспектыву. Разам з тым, менавіта ў гэты перыяд продажы аўтамабіляў кампаніі Geely выйшлі на другое месца, саступіўшы першынство толькі машынам канцэрна LADA.
У 2021 годзе да эканамічных фактараў змяншэння аб'ёмаў аўтарынку дадаліся палітычныя прычыны. Нарастанне міграцыі, уключаючы рэлакацыю забяспечаных айцішнікаў, негатыўна ўплывала на сітуацыю на рынку. Акрамя таго, беларускія ўлады забаранілі ўвоз і продажы аўтамабіляў Skoda, бо кампанія адмовілася спансіраваць чэмпіянат свету па хакеі.
Аднак найбольш адчувальнае і рэзкае скарачэнне продажаў новых аўто і змяненне структуры рынку адбылося менавіта ў 2022 годзе, калі пачалася вайна ва Украіне. У 2019 годзе доля продажаў аўтамабіляў расійскай зборкі дасягала ў Беларусі 78.8%. У Расіі знаходзіліся заводы буйных еўрапейскіх, карэйскіх і японскіх вытворцаў. Беларусам было выгадна купляць аўтамабілі еўрапейскіх марак, сабраныя ў Расіі, бо на іх не распаўсюджваліся ўвазныя імпартныя пошліны. Нагадаем, у 2011 годзе Беларусь па патрабаванні расійскага боку істотна павысіла ўвазныя мытныя пошліны на аўтамабілі, імпартуемыя не з РФ.
Пасля пачатку вайны многія заходнія аўтавытворцы прынялі рашэнне сысці з расійскага рынку. Набыццё новых аўтамабіляў, вырабленых у Еўразвязе, было абцяжаранае для большасці беларусаў праз санкцыі. У выніку прадстаўленасць еўрапейскіх брэндаў на беларускім аўтарынку моцна скарацілася. Lada таксама не змагла ўтрымаць лідарства, саступіўшы яго кітайскаму вытворцу — Geely.
Новыя тэндэнцыі рынку. Прыйшоў Кітай, Іран рыхтуецца?
У 2023 годзе назіраўся актыўны рост заробкаў, у выніку мяккай грашова-крэдытнай палітыкі ўзрасла даступнасць крэдытаў для насельніцтва. Дадатковым фактарам росту продажаў з'яўляўся адкладзены попыт. У выніку продажу новых аўтамабіляў сталі паступова павялічвацца. Аднак структура папулярных вытворцаў зведала значныя змены.
У дзясятку лідараў увайшлі Geely, LADA, Haval, Audi, JAC, Voyah, Chery, FAW, Volkswagen і Dongfen. Гэта значыць 7 з 10 прадстаўленых брэндаў з'яўляюцца кітайскімі аўтамабілямі. Бясспрэчным лідарам па продажах у Беларусі сталі аўтамабілі Geely. За год іх продажу ўзраслі на 260% і склалі 15 706 штук. Падобныя тэмпы росту дэманстравалі Haval і Chery. Рост продажаў машын кампаніі JAC, пакуль з невялікай доляй на рынку, стаў самым хуткім — 578% і склаў 346 машын.
Зборка кітайскіх аўтамабіляў за кошт складанай лагістыкі не дазваляе ўсталёўваць нізкія цэны. Таму ў перспектыве ніша бюджэтных аўтамабіляў можа быць занятая больш даступнымі іранскімі машынамі. Iran Khordo Company, якая ўжо прысутнічала на беларускім рынку як вытворца аўтамабіляў Samand, зноў плануе запусціць зборку. Папярэдні праект, які рэалізоўваўся ў Беларусі з 2006 па 2013 гады, не даў станоўчага выніку, і вытворчасць закрылі. Таксама пра сваё жаданне рэалізоўваць на беларускім рынку сваю прадукцыю заявіла іранская кампанія SAIPA. У бягучай сітуацыі, калі ў беларусаў абмежаваны доступ да еўрапейскіх аўтавытворцаў, перспектывы продажаў іранскіх аўтамабіляў паляпшаюцца. Гэтыя планы толькі пачынаюць рэалізоўвацца і пакуль не адбіліся прыкметна на структуры рынку.
А што ў будучыні?
У 2023 годзе ў Беларусі пачалося аднаўленне рынку новых аўтамабіляў. З іншага боку, прасочваецца трэнд на заваёўванне беларускага рынку кітайскім аўтапрамам. Гэтаму спрыяюць і спецыяльныя стымулы з боку дзяржавы. Напрыклад, у адпаведнасці з Указам № 191 дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі павінны закупляць у якасці службовых аўтамабілі «БелДжы». Таксама для аўтамабіляў дадзенай кампаніі пастаянна ўводзяцца прывабныя крэдытныя і лізінгавыя праграмы.
Прасоўванне кітайскіх вытворцаў на беларускі рынак адбываецца і ў рамках афіцыйных паездак. Так, Лукашэнка, знаходзячыся ў 2023 годзе ў Кітаі, дамовіўся з прадстаўнікамі кампаніі FAW Group аб стварэнні ў Беларусі сумеснай вытворчасці.
Зацікаўленасць беларускіх уладаў у кітайскіх вытворцах тлумачыцца не толькі жаданнем задавальнення патрэбаў унутранага рынку, але і магчымасцямі экспарту. Па заявах кампаніі «БелДжы» каля 80% усіх вырабленых аўтамабіляў пастаўляецца ў Расію. Кампанія плануе працягнуць нарошчваць экспарт. Аднак магчымасці продажаў беларуска-кітайскіх аўтамабіляў могуць з часам знізіцца за кошт аднаўлення расійскага аўтапрама і прыходу на рынак Расіі тых жа кітайскіх і іранскіх вытворцаў.
Сам жа беларускі рынак, хоць і прадэманстраваў высокія тэмпы росту ў 2023 годзе, застаецца досыць вузкім. Далёка не кожная беларуская сям'я можа дазволіць сабе новы аўтамабіль. Калі разлічыць колькасць прададзеных з дапамогай дылераў аўтамабіляў у Беларусі ў 2023 годзе на 100 тысяч насельніцтва, атрымаем лічбу 276 аўтамабіляў. Для параўнання — у суседняй Польшчы летась было набыта 1263 новыя аўтамабілі на 100 тысяч насельніцтва. Такім чынам, інтэнсіўнасць куплі новых аўтамабіляў у Польшчы была ў 4.6 разы вышэйшая, чым у Беларусі.
У наступныя некалькі гадоў пры адсутнасці сур'ёзных шокаў у эканоміцы і ў свеце айчынны аўтарынак новых аўтамабіляў будзе паступова ажываць. Аднак ён наўрад ці дасягне паказчыкаў Польшчы. Беларусам, якія прывыклі да вядомых еўрапейскіх, карэйскіх і японскіх марак, давядзецца перасаджвацца на аўтамабілі «дружалюбных» краін.