Сельская гаспадарка: ніякіх стымулаў для развіцця
Мільярды грошай штогод у літаральным сэнсе закопваюцца ў зямлю, замест рэнтабельнага прадукту мы атрымліваем рост запазычанасці і павелічэнне коштаў на прадукты харчавання. Што рабіць з сельскай гаспадаркай?
Задачы, якія вырашаюцца сельскай гаспадаркай, уладамі тлумачацца не менш як праблемы забеспячэння харчовай бяспекі краіны. Таму не дзіўна, што расходы кансалідаванага бюджэту на падтрымку сельскай гаспадаркі супастаўныя з сукупным выдаткамі на нацыянальную абарону, судовую, праваахоўную дзейнасць і забеспячэнне бяспекі.
Крыніца: дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь
Тым не менш, крызіс у беларускай эканоміцы вымушае скарачаць аб'ёмы фінансавання нават у гэтай, здавалася б, недатыкальнай галіны эканомікі.
Грошы ідуць банкам
Аднак нягледзячы на скарачэнне долі расходаў дзяржаўнага бюджэту на падтрымку сельскай гаспадаркі, сума дзяржаўнай падтрымкі ўсё роўна працягвае ўражваць. Так, у 2015 годзе расходы кансалідаванага бюджэту на сельскую гаспадарку і рыбагаспадарчую дзейнасць склалі 18365,1 мільярда недэнамінаваных рублёў, што па сярэднегадавым курсе Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь эквівалентна 1,16 мільярда долараў.
Для разумення маштабаў фінансавання адзначым, што памер дзяржаўнай падтрымкі ў 2015 годзе складаў больш за 22% сабекошту рэалізаванай сельгасвытворцамі прадукцыі. А пяццю гадамі раней сума бюджэтнага фінансавання даходзіла і наогул да 36% сабекошту сельгаспрадукцыі.
Тым не менш, меркаванне пра тое, што беларускія сельскагаспадарчыя арганізацыі купаюцца ў грошах, з'яўляецца глыбокай памылкай. Бо канчатковы атрымальнік асноўнай часткі бюджэтных сродкаў, што выдзяляюцца на падтрымку сельскай гаспадаркі, — зусім не сельскагаспадарчыя арганізацыі, а беларускія банкі. Дзяржаўная падтрымка ж палягае ў кампенсацыі працэнтаў па банкаўскіх крэдытах, якія выдаюцца сельскагаспадарчым арганізацыям.
Таму, інвестуючы ў перспектыўнае развіццё, сельскагаспадарчыя арганізацыі вымушаныя спадзявацца ў асноўным на ўласныя сродкі.
Крыніца: дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь
Доля бюджэтных сродкаў у фінансаванні асноўных сродкаў сельскагаспадарчых арганізацый у 2015 годзе склала толькі 5,7%. Прычым апошнія пяць гадоў гэты паказчык не перавышаў 9%.
Пасля 2013 года назіраецца істотнае скарачэнне інвестыцый у асноўны капітал з усіх знешніх крыніц фінансавання. У выніку інвестыцыі ў асноўны капітал сельскагаспадарчых арганізацый за два апошнія гады скараціліся з 3,1 мільярда долараў да 1,3 мільярда. І гэта выклікае пэўную трывогу, паколькі ў выніку скарачэння знешняга фінансавання каэфіцыент абнаўлення асноўных сродкаў сельскагаспадарчых арганізацый з 2012 года скараціўся амаль у паўтара разы.
У сувязі са скарачэннем прытоку інвестыцый доля ўласных сродкаў у фінансаванні інвестыцый у асноўны капітал за апошнія пяць гадоў вырасла з 41% да 70%.
Эфектыўнасць нізкая
Створаная сістэма дзяржаўнай падтрымкі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у апошнія гады не прыносіць чаканага выніку. І, у першую чаргу, гэта выяўляецца ў зніжэнні паказчыкаў эфектыўнасці работы сельскай гаспадаркі краіны.
Крыніца: дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь
Нягледзячы на тое, што дзяржаўная падтрымка сельскагаспадарчых арганізацый прадугледжвае кампенсацыю працэнтаў па крэдытах банкаў, удзельная вага пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці вырасла з 17,9% да 29,2%. Рэнтабельнасць продажаў знізілася да мінімуму. У 2015 годзе яе значэнне склала толькі 1,1%. Удзельная вага стратных арганізацый з кожным годам узрастае і дасягнула ўжо 22%, што адпавядае паказчыкам 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Прычым за апошні год доля стратных арганізацый вырасла ў два разы.
Нізкія паказчыкі эфектыўнасці дзейнасці сельскагаспадарчых арганізацый можна было б спісаць на агульны стан беларускай эканомікі, калі б не дынаміка паказчыкаў ураджайнасці ў раслінаводстве.
Крыніца: дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь
Ураджайнасць у застоі, экспарт скарачаецца
Ураджайнасць сельскагаспадарчых культур у значнай ступені залежыць ад умоў надвор'я, таму для аб'ектыўнасці параўнанне праведзена на аснове сярэдніх дадзеных за трохгадовы перыяд.
З атрыманых дадзеных відаць, што павелічэнне ўраджайнасці адбылося толькі па збожжавых, зернебабовых культурах і рапсу. Максімальныя паказчыкі ўраджайнасці па большасці культур былі дасягнуты 5–7 гадоў таму, і тэхналагічнага прарыву тут у бліжэйшыя гады чакаць не варта.
Такая сітуацыя характэрная не толькі для раслінаводства. У апошнія гады застой назіраецца нават у раней актыўна прагрэсуючай жывёлагадоўлі: максімальныя аб'ёмы рэалізацыі жывёлы, птушкі і яек былі дасягнуты ў 2013 годзе, а дынаміка надою малака перайшла ад пастаяннага росту да вагальнага руху.
Яшчэ адна глыбінная праблема рынку сельскагаспадарчай прадукцыі заключаецца ў паступовым скарачэнні колькасці падсобных гаспадарак насельніцтва. У выніку, калі ў 2010 годзе насельніцтвам Беларусі здавалася 6804,4 тыс. тон бульбы і 1891,5 тыс. тон агародніны, то ў 2015 годзе ўжо толькі 4758,2 тыс. тон і 1168,3 тыс. тон адпаведна — гэта значыць прыкладна на траціну менш.
У сувязi з гэтым зусім не дзіўна, што ўпершыню з пачатку стагоддзя беларускі экспарт сельскагаспадарчых прадуктаў амаль зраўняўся з імпартам.
Крыніца: дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь
За апошнія два гады экспарт беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі скараціўся на 23% і апусціўся ніжэй за ўзровень 2012 года. Калі тэндэнцыя працягнецца і далей, то ўжо па выніках гэтага года Беларусь будзе мець адмоўны знешнегандлёвы баланс па сельскагаспадарчай прадукцыі. Гэта можа азначаць толькі адно: дзяржаўная праграма забеспячэння харчовай бяспекі краіны з трэскам правалілася.
Дзяржава ці фермер?
І ў сувязі з гэтым надзвычай паказальна параўнанне эфектыўнасці работы сельскагаспадарчых арганізацый, якія з'яўляюцца асноўнымі атрымальнікамі дзяржаўнай падтрымкі, з сялянскімі фермерскімі гаспадаркамі.
У малочнай жывёлагадоўлі буйныя сельскагаспадарчыя арганізацыі дэманструюць больш высокую эфектыўнасць. Надой малака ў апошнія пяць гадоў тут быў у сярэднім на 21,3% больш, чым у фермерскіх гаспадарках.
У раслінаводстве ж перавага буйных сельскагаспадарчых арганізацый назіраецца толькі ў вырошчванні збожжавых, зернебабовых культур і буракоў. Па астатніх сельскагаспадарчых культурах ураджайнасць фермерскіх гаспадарак вышэй: бульбы — на 1,6%, агародніны — на 33,9%, а пладоў і ягад — больш чым у 2 разы.
Такім чынам, у сельскай гаспадарцы сучаснай Беларусі ніяк не праяўляе сябе эфект маштабу. Гэта наглядна пацвярджае параўнанне паказчыкаў эфектыўнасці работы арганізацый.
Крыніца: дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь
На працягу апошніх шасці гадоў рэнтабельнасць продажаў сельскагаспадарчых арганізацый была значна ніжэй, чым у сялянскіх фермерскіх гаспадарак. Нягледзячы на ўсе праблемы беларускай эканомікі, сярэдні паказчык рэнтабельнасці фермераў не падаў ніжэй за 20%. У выніку ў 2015 годзе рэнтабельнасць фермерскіх гаспадарак была ў 43 разы вышэй, чым у буйных сельскагаспадарчых арганізацый.
Ашаламляльна адрозніваюцца і паказчыкі плацежаздольнасці арганізацый.
Крыніца: дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь
Калі ў фермерскіх гаспадарак Беларусі доля пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці апошнія шэсць гадоў застаецца ў межах 6–8%, то сельскагаспадарчыя арганізацыі, наадварот, з кожным годам назапашваюць пратэрмінаваныя даўгі, удзельная вага якіх дасягнула ўжо амаль 30%. Такі высокі працэнт «дрэнных» даўгоў стварае істотныя праблемы ўжо для ўсёй беларускай эканомікі.
Сістэма правалілася
Праведзены аналіз паказвае, што сфарміраваная сістэма дзяржаўнай падтрымкі сельскай гаспадаркі, у канчатковым рахунку, не апраўдала сябе. Бюджэтныя сродкі вылучаліся не столькі на перспектыўнае развіццё сельскагаспадарчых арганізацый, колькі на падтрыманне іх бягучай дзейнасці. Аднак створаныя на пэўным этапе цяплічныя ўмовы для сельскагаспадарчых арганізацый, аказалі ім кепскую паслугу. Буйныя сельскагаспадарчыя арганізацыі, якія селі на іголку рэгулярнай дзяржаўнай падтрымкі, страцілі рынкавыя стымулы для развіцця.
Агульны рост беларускай эканомікі да пэўнага моманту дазваляў хаваць праблемы нізкай эфектыўнасці сельскай гаспадаркі. Аднак з прыходам эканамічнага крызісу ў адзін момант абясцэніліся ўсе тыя мільярды долараў, якія дзяржава ўклала ў падтрымку сельскай гаспадаркі за апошнія дзесяцігоддзі.