Мясніковіч агучыў «вельмі дрэнныя звесткі» пра ўзаемны тавараабарот краін АЭП
«Мы шмат гаворым пра поспехі АЭП, але пазітыву магло б быць і больш», — заявіў прэм’ер-міністр.
Такую заяву Міхаіл Мясніковіч зрабіў, выступаючы 31 мая на форуме дзелавых людзей Адзінай эканамічнай прасторы ў спарткомплексе «Мінск-Арэна».
Мясніковіч адзначыў, што паводле дадзеных за першы квартал 2013 года ўзаемны тавараабарот краін АЭП знізіўся на 15%, аналагічна «прасела» Садружнасць. «Гэта вельмі дрэнныя звесткі», — сказаў прэм’ер.
Членам Адзінай эканамічнай прасторы, паводле слоў Мясніковіча, трэба «не раскалыхвацца, а рабіць хуткія і рашучыя крокі, каб ствараць крыніцы і фактары росту».
«Вельмі вялікі разлік — на Еўразійскую эканамічную камісію, на той інтэлектуальны патэнцыял, які сканцэнтраваны ў гэтай арганізацыі, таму што складана выпрацоўваць рашэнні, каб звесці інтарэсы нават па асобных відах дзейнасці», — адзначыў беларускі прэм’ер. Паводле яго меркавання, рашэнні, якія будуць прапанаваны ЕЭК, могуць стаць платформай для збліжэння пазіцыя краін-членаў.
«Трэба ісці зверху. Трэба гаварыць аб тым, якім бачыцца агульны рынак. Але для таго каб яго стварыць, трэба лібералізаваць наш унутраны гандаль, чаго пакуль няма», — заявіў Мясніковіч.
Ён указаў на пэўную супярэчнасць: з аднаго боку, агульны рынак трох дзяржаў, з іншага — уваходжанне некаторых з іх у Сусветную гандлёвую арганізацыю, што адкрыла іх рынкі. «Палітычна гэта (адкрыццё рынкаў) правільна. Канкурэнцыя, у тым ліку знешняя, — гэта здаровая з’ява. Але ці не страцім мы ўнутраныя рынкі для айчынных вытворцаў?» — запытаў прэм’ер-міністр Беларусі.
Мудрасць урадаў, лічыць ён, павінна заключацца ў сумяшчэнні інтарэсаў сусветнай канкурэнцыі і нацыянальных вытворцаў.
«Паводле ацэнак ЕЭК, дзве траціны тавараў і адна траціна паслуг перамяшчаюцца ў „тройцы“ (Беларусь, Казахстан, Расія. — БелаПАН.) свабодна. Значыць, агульнага рынку ў поўным сэнсе слова няма. Ёсць досыць глыбокія супярэчнасці ўнутры. Праблема не ў бюракратыі, а ў неканкурэнтаздольнасці нашых тавараў і паслуг. Таму калі мы кажам пра неабходнасць тарыфна-мытнага рэгулявання, мы павінны сур’ёзна паглядзець, якія тавары і паслугі мы вырабляем і наколькі яны канкурэнтныя», — заявіў Мясніковіч.
«Можна шмат чаго выціснуць на той базе, што ёсць. Але без лібералізацыі рынку транспартных паслуг гаварыць пра далейшыя захады не прыходзіцца», — падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.