Вядомая грамадская актывістка Ада Райчонак перамагла каронавірус цяжкай формы
Пра гэта піша Свабода.
Грамадскія актывісты Віцебшчыны называюць Аду Райчонак «маці віцебскай дэмакратыі».
Заснавальніца Культурна-адукацыйнага цэнтру імя Язэпа Драздовіча, арганізатарка шматлікіх краязнаўчых канфэрэнцыяў і плэнэраў, стваральніца двух музеяў, вядомая грамадская актывістка з вёскі Германавічы Шаркоўшчынскага раёну 10 красавіка адзначае сваё 84-годдзе.
Апошнія тыдні Ада Райчонак лечыцца ад каронавіруснай інфэкцыі ў Наваполацкай лякарні. Хваробу яна перанесла ў цяжкай форме, на мінулым тыдні была на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Але адужала вірус і пайшла на папраўку.
Падчас хваробы Ады Райчонак яе напаткала гора: у Германавічах памёр яе старэйшы сын Аляксандар.
Ада Райчонак нарадзілася ў Віцебску, у час вайны загінуў яе бацька. Разам з маці маленькай дзяўчынцы давялося перажыць гады акупацыі, віцебскае гета і канцлагер.
Пасля вайны сям’я пасялілася ў Полацку. Там у 1957 годзе Ада Райчонак скончыла педвучэльню. У 1965 годзе скончыла завочна філялягічны факультэт Пскоўскага пэдінстытуту. У 1971 годзе разам з мужам пераехала ў вёску Германавічы Шаркоўшчынскага раёну, дзе жыве і дагэтуль. Працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў мясцовай школе, займалася краязнаўствам. Шмат гадоў аддала збіранню і прапагандзе спадчыны мастака, этнографа і асьветніка Язэпа Драздовіча.
Разам з сынам Міхасём, які пайшоў з жыцця ў 25 гадоў, стварыла ў сваёй вёсцы два музеі — дзякуючы Адзе Райчонак вёска мае Музей мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча і недзяржаўны Літаратурна-мастацкі музей імя Міхася Райчонка.
У 1996 годзе грамадская арганізацыя «Культурна-адукацыйны цэнтар імя Драздовіча» правяла першы Драздовіцкі мастацкі плэнэр. Ад таго часу яны праводзяцца рэгулярна.
У чэрвені 2010 году Адзе Райчонак стала лаўрэаткай прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі», у 2018 годзе была ўзнагароджаная медалём да 100-годдзя БНР.