Міраслаў будзе жыць, пакуль жыве памяць аб ім: у літаратуры, песнях, кінастужках

Год таму, 16 траўня 2023 года, у Бахмуце загінуў Міраслаў Лазоўскі — шчыры патрыёт, сапраўдны беларус, які да апошняга дыхання баранiў Украіну і будучыню вольнай Беларусі.

miraslau_lazouski.jpg

Cваю справу Міраслаў Лазоўскі  рабіў грунтоўна, маштабна і непублічна. Праз асабісты грамадскі актывізм, праз прымяненне сваіх невычэрпных ведаў па гісторыі для выхавання моладзі, праз свае здольнасці маляваць і распавядаць.

Лазоўскі — прыклад лідара, маральнага аўтарытэта, сімвала супраціву і «Белага Легіёну», надзейнага сябра, паплечніка і настаўніка. Міраслаў будзе жыць, пакуль жыве памяць аб ім. У літаратуры, песнях, кінастужках, адзначае Альянс расследавальнікаў Беларусі. 

Глядзіце таксама

Нагадаем, Міраслаў Лазоўскі нарадзіўся 10 ліпеня 1973 годзе ў Мінску. Яго маці родам са Слуцка, бацька — з-пад Магілёва. Ён атрымаў інжынерную адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай палітэхнічнай акадэміі.

З дзяцінства Міраслаў шмат чытаў і цікавіўся гісторыяй, у прыватнасці, вайсковай, захапляўся напалеонікай. Маючы мастацкі талент, маляваў на гістарычную тэматыку, адліваў фігуркі воінаў з волава, рабіў карыкатуры і шаржы для газеты «Свабода», аднаго з галоўных беларускіх недзяржаўных выданняў у дзевяностыя гады.

Праз сваю зацікаўленасць гісторыяй Лазоўскі на пачатку 90-х гадоў далучыўся да беларускага патрыятычнага руху. У 1995 годзе ён увайшоў у «Беларускае згуртаванне вайскоўцаў». З моладзевага крыла «Згуртавання...» з часам паўстала арганізацыя »Белы легіён», якая займалася выхаваннем моладзі ў спартыўным і патрыятычным духу. Сярод іншага, яе чальцы таксама ахоўвалі дэманстрацыі дэмакратычнай апазіцыі з часоў прыходу да ўлады Лукашэнкі. Пазней арганізацыя была забароненая рэжымам.

Глядзіце таксама

Неаднойчы Міраслаў за сваю дзейнасць быў пераследаваны ўладамі. Яго затрымлівалі на мітынгах, арыштоўвалі. 

Міраслаў таксама быў кнігавыдаўцом, арганізоўваў кніжныя прэзентацыі па ўсёй Беларусі і па-за яе межамі, уласнаручна ілюстраваў кнігі. Заўжды рупіўся, каб беларускія выданні даходзілі да чытача, насуперак дзяржаўнай палітыцы татальнай русіфікацыі.

Глядзіце таксама

У 2021 годзе, з пачаткам буйной хвалі палітычных рэпрэсій у Беларусі, Міраслаў быў вымушаны з'ехаць з краіны, жыў ва Украіне, пад Кіевам. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны 24 лютага 2022 года ён без ваганняў далучыўся да супраціву расійскай агрэсіі.

Міраслаў  (пазыўны »Мыш») загінуў 16 траўня 2023 года ў баі пад Бахмутам. Ён кіраваў эвакуацыяй параненых байцоў, прыкрываў іх, выносіў зброю.

miraslau_lazouski_na_vajne.jpg

Паплечнік Міраслава,  лідар «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч прыгадвае гібель паплечніка. Ён кажа, што тады, перад захопам гораду, баі за Бахмут былі «самымі жорсткімі і крывавымі, у якіх давялося браць удзел». 

«Расейцы ішлі ў наступ хваля за хваляй. Была атака, калі пайшлі наперад нават без „бронікаў“. Напярэдадні мы выйшлі на пазіцыі і ўжо тры дні іх не пакідалі, ужо было немагчыма сысці, фактычна ваявалі ў атачэнні. Агонь па нашых пазіцыях быў шалёны — лупілі па нас з усяго, што можна. Спачатку абараняліся ў адным доме, які потым згарэў. Мы там ледзь не расплавіліся зажыва, але неяк здолелі перабрацца ў суседні дом, трохпавярховы. Ён нас спачатку ўратаваў, а потым фактычна стаў магілай для паловы групы. Нешта магутнае прыляцела — і дом на нас абрынуўся. Далейшае памятаю ўрыўкамі», — прызнаецца Дзяніс Урбановіч.

Паводле Дзяніса Урбановіча, Міраслаў Лазоўскі загінуў у самым канцы бою ад кулі расійскага снайпера.

«Расказвалі хлопцы, што нібыта расійскі снайпер яго дакладным стрэлам у галаву паклаў. Мо пяць-дзесяць метраў не дайшоў да нашых пазіцый, дзе б ужо схаваўся. Міраслаў не проста вяртаўся з задання, а вяртаўся з эвакуацыі нашай групы. Нёс нашу зброю. Быў бы без гэтай ношы, можа, хутчэй бы праскочыў зону, якая прастрэльвалася. А ён яшчэ і кулямёт цягнуў на сабе. Расейцы паспелі пасадзіць снайпера ў той дом, дзе мы абараняліся, ён адтуль на ўсіх паляваў. Так мне сказалі...»

Глядзіце таксама

У мінулым годзе Альянс расследвальнікаў Беларусі зняў фільм успамінаў  пра Міраслава Лазоўскага «Генерал Мыш». 

Крыніца: Альянс расследователей Беларуси [ youtube ]

Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» таксама падрыхтавала на сваім сайце     старонку , прысвечаную біяграфіі Міраслава Лазоўскага.