Інтэлектуалы свету пра Мацкевіча: Гэта сумленнае выкананне абавязкаў беларускага патрыёта

Сёння філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч 14-ты дзень галадае ў СІЗА №1 — і трэці дзень, як ён адмовіўся ад вады. Інтэлектуалы, дыпламаты, хрысціяне і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці ўсяго свету выказваюць Мацкевічу сваю падтрымку і заклікаюць вызваліць яго.

vladimir_mackevich_eb_201_4.jpg

Словы вядомых асобаў у падтрымку беларускага філосафа публікуе старонка «Філосаф у турме».

Грузінскі філосаф і палітолаг Гіа Нодыя, былы міністр адукацыі і навукі ў кабінеце міністраў Грузіі:

«Мацкевіч — вязень сумлення. Ён вельмі смелы і мэтанакіраваны чалавек, ён заслугоўвае падтрымкі з боку ўсіх, хто клапоціцца аб свабодзе і чалавечай годнасці дзе б тое ні было. Яго жыццё ў небяспецы і яго трэба ратаваць.

Падпісанне петыцыі з патрабаваннем яго вызвалення — гэтае меншае, што мы можам зрабіць. Калі ласка, далучайцеся да мяне ў гэтым».

Польскі журналіст, дысідэнт, галоўны рэдактар ​​«Газеты Выборчай» Адам Міхнік:

«Па-першае, выказваю вялікую павагу да спадара Мацкевіча за яго адвагу, яснасць мыслення на тэму ўсяго таго, што адбываецца ў краіне дыктатуры, я захапляюся, захапляюся — мы ўсе сведкі гэтага — беларускага рыўка да свабоды, гэта здзівіла многіх, і мяне ў тым ліку.

І тое, што ён, інтэлектуал, філосаф, выкарыстоўвае свой розум, каб вызначыць сітуацыю, у якой аказалася Беларусь, — гэта разумна. Гэта сумленнае выкананне абавязкаў беларускага патрыёта. Але ён робіць тое, што можа. А можа ён пісаць. Аднак калі я магу — маю права — сказаць, што думаю, аб яго сітуацыі галадоўкі... Ён ужо паказаў, што можа. Але я б гэта не працягваў. Я б яму параіў: Уладзімір, паспрабуй выкарыстоўваць турму, гэты страшны досвед, для сябе. Яны жадаюць забраць у цябе кавалак жыцця. Не дазволь ім. Выкарыстоўвай гэты час, каб пісаць, думаць, выдаваць новыя кнігі.

Я думаю, яны жадаюць цябе знішчыць. Не дазволь сябе знішчыць».

Польская журналістка Агнешка Каміньска:

«Гэта вельмі сімвалічная сітуацыя — беларускі філосаф, мэтай якога было шукаць і фарміраваць мысленне пра Беларусь і для Беларусі ў дзяржаве, саветызаванай Лукашэнкам і Пуціным, памірае ад голаду ў турэмнай камеры.

Жыццё беларускага філосафа Уладзіміра Мацкевіча ў небяспецы. Ужо некалькі дзён ён праводзіць галадоўку ў зняволенні — і два дні адмаўляецца ад вады. Мацкевіч усяго толькі хоча, каб з ім абыходзіліся ў адпаведнасці з законам, які, аднак, ужо не з’яўляецца «нормай у Беларусі».

Інтэлектуал выступаў супраць інтэграцыі Расіі з Беларуссю, шмат каго падштурхнуў да мыслення аб Беларусі і незалежнасці краіны. Ён выступаў за фарміраванне незалежнай беларускай думкі.

Ён знаходзіцца пад вартай са жніўня, арыштаваны неабгрунтавана, як і тысячы беларусаў».

Лешэк Шарэпка, пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі ў 2011–2015 гадах:

«Крызіс крызісам, але ў яго цені хаваюцца чалавечыя трагедыі.

У Беларусі больш за тысячу палітвязняў. Адзін з іх, інтэлектуал і філосаф Уладзімір Мацкевіч, 4 лютага аб'явіў галадоўку, жадаючы звярнуць увагу на сябе і іншых. Успомнім аб гэтых людзях, запатрабуем іх вызвалення, таму што, калі мы страцім іх з-пад увагі, бандытам не будзе сорамна за свае дзеянні».

Спецпрадстаўнік ЕС па правах чалавека Імон Гілмар:

«Філосаф і грамадскі дзеяч Уладзімір Мацкевіч галадае на знак пратэсту супраць незаконнага затрымання па абвінавачанні ў «падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Асноўныя свабоды павінны быць забяспечаныя. Вызваліце Уладзіміра!».

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч:

«Мацкевіч і праўда — чалавек не толькі думання, але і дзеяння. Ён патрэбны нам і краіне ў мільёны разоў больш за ўсе створаныя гэтай дзяржавай фікцыі і імітацыі жыцця. Мацкевіч патрэбны нам жывым. Думайце нас, думайце краіну, злуйце нас, раздражняйце і прымушайце думаць іншых. Свабоду Мацкевічу. Свабоду ўсім палітзняволеным.

Калі хоць нейкія з гэтых маіх словаў могуць быць перададзеныя ў турму, скажыце яму: Уладзімір Мацкевіч, мы з вамі, мы за вас, вы нам вельмі патрэбны.

Нават тым, каму цяпер усё роўна».

Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, аўтар формулы «Думаць Беларусь», заснавальнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій, першы кіраўнік Рады міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь», стваральнік «Лятучага ўніверсітэта».

Уладзімір Мацкевіч стаяў ля вытокаў Беларускай нацыянальнай платформы і Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Развіццю грамадзянскай супольнасці Беларусі Уладзімір Мацкевіч прысвяціў многія свае кнігі, лекцыі і артыкулы.

Філосаф знаходзіцца за кратамі з 4 жніўня 2021 года, яму выставілі абвінавачанне ў «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК). 4 студзеня 2022 яму працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на месяц, да 4 лютага. Паколькі меру стрымання яму не змянілі, 4 лютага Мацкевіч пачаў галадоўку. Ён выставіў наступныя патрабаванні:

- змяніць меру стрымання на падпіску аб нявыездзе;

- завяршыць следчыя дзеянні і перадаць справу ў суд;

- прызначыць дату судовага разбіральніцтва.

Пакуль што патрабаванні Мацкевіча выкананыя не былі.

З супольнай заявай з заклікам вызваліць Уладзіміра Мацкевіча выступілі Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі, дыпламатычныя прадстаўніцтвы Эстоніі, Велікабрытаніі, Латвіі, Фінляндыі, Румыніі, Швецыі, Літвы, Італіі, Францыі, Германіі, Польшчы, Аўстрыі, Швейцарыі, ЗША, а таксама амбасады Нідэрландаў у Польшчы, Іспаніі ў Расіі і Ірландыі ў Літве.