Анджэй Пачобут у другі раз стаў журналістам году ў Польшчы

Палітвязень Анджэй Пачобут, які па-ранейшаму знаходзіцца ў беларускай турме, атрымаў галоўную журналісцкую прэмію Польшчы.

e3jcba8vgaiklz4.jpg


У Польшчы адбылася ўрачыстая цырымонія Grand Press 2021, на якой Анджэя Пачобута прызналі «Журналістам году-2021». Гэта ўжо другое такое прызнанне для журналіста, папярэдні раз яго ўзнагародзілі гэтай прэміяй у 2011 годзе, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на Radio ZET.

Намеснік галоўнага рэдактара «Gazety Wyborczej» Яраслаў Курскі, які атрымаў узнагароду ад імя Пачобута, сказаў, што сітуацыя з журналістам ёсць «сведчаннем таго, што свабода слова не мае цаны і не падлягае абмеркаванню».

Таксама сёлета ў жніўні Пачобута завочна ўзнагародзілі ў Польшчы Медалём свабоды слова.

48-гадовы Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадскі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ). Прыйшоў у журналістыку ў 2002 годзе. Працаваў у першых незалежных гарадзенскіх газетах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», газеце «Народная воля», газеце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам выдання Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, звязанымі з гісторыяй спецслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміі Краёвай.

Сёлета 25 сакавіка да Пачобута прыйшлі з ператрусам і затрымалі. Цяпер ён знаходзіцца ў Жодзінскай турме. Таксама ў сакавіку затрымалі яшчэ трох актывістак польскай дыяспары і старшыню арганізацыі Анжаліку Борыс. Ім закідаюць «распальванне нацыянальнай варожасці» і «рэабілітацыю нацызму».

Пазней стала вядома, што Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс адмовіліся ад вызвалення ў абмен на згоду пакінуць радзіму. У той жа час іншыя актывісткі — Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава — гэтай магчымасцю скарысталіся, іх без дакументаў, у парушэнне ўсіх правілаў, вывезлі ў Польшчу.