«Злучаныя Штаты Барыса». Трамп можа прызначыць спецпасланнікам па Украіне ўраджэнца Расіі

Спецыяльным пасланнікам Трампа ў справах расійска-украінскай вайны можа стаць яго дарадца і ўраджэнец Расіі Барыс Эпштэйн. Ён не мае палітычнага досведу і раней каардынаваў юрыдычную абарону па крымінальных справах Трампа. Эпштэйн нарадзіўся ў Расіі, жыў там у дзяцінстве і нібыта мае сваякоў як у Расіі, так і ва Украіне.

Фота getty images

Фота getty images

Аб магчымым прызначэнні паведаміла выданне New York Times са спасылкай на свае крыніцы.

Сваю кандыдатуру на пасаду пасланца ў расійска-украінскай вайне Эпштэйн, паводле звестак NYT, прапанаваў Трампу ў самалёце — па дарозе на сустрэчу новаабранага прэзідэнта ЗША з прэзідэнтам Байдэнам.

«Трамп выслухаў з відавочным цікавасцю і не адхіліў прапанову, нягледзячы на тое, што ён не пагадзіўся на яе», — піша NYT.

Кандыдатура здзівіла блізкае асяроддзе Трампа, пішуць журналісты. Але, паводле звестак выдання, новаабраны прэзідэнт ЗША ўжо надаў дарадцу Эпштэйну асаблівыя паўнамоцтвы.

Сам Эпштэйн адмовіўся ад каментароў для NYT, а спікер Трампа не адказаў выданню на электронны ліст з просьбай аб каментары.

Дык хто ж такі Барыс Эпштейн — чалавек, які можа аказаць значны ўплыў на палітыку ЗША, у прыватнасці адносна расійска-ўкраінскай вайны.

Барыс Эпштэйн пакінуў сваю пасаду ў офісе камунікацый Белага дома ў 2017 годзе і ў далейшым плануе застацца ў статусе дарадцы новаабранага прэзідэнта ЗША.

«Але ў свеце спадара Трампа адсутнасць афіцыйнага тытула мала што значыць для вымярэння ўплыву», — адзначаюць журналісты NYT.


Глядзіце таксама

У асяроддзі Трампа ёсць людзі, якія не ў захапленні ад Эпштэйна, але няма нікога, хто сумняваўся б ва ўзроўні яго ўплыву, піша выданне.

Многія гады Барыс Эпштэйн заахвочваў Трампа зацягваць судовыя працэсы, каб памяншаць іх палітычную вагу, піша NYT.

«Імпазантны мужчына, які носіць касцюмы-тройкі», — так апісваюць Эпштэйна журналісты. І дадаюць, што ён умела выкарыстоўвае ўсе магчымасці ўздзеяння.

Эпштэйн ужо паспеў сабраць для Трампа верагодны склад Міністэрства юстыцыі, «якога ён заўсёды хацеў і ніколі не атрымаў падчас свайго першага тэрміну».

Трамп назваў некалькі імёнаў ключавых пасад сваёй другой адміністрацыі. Многія з іх супадаюць з прозвішчамі ў спісе, які складалі юрысты з удзелам Барыса Эпштэйна. Выданне NYT запэўнівае, што бачыла такі спіс.

Яшчэ адна ініцыятыва Эпштэйна — ідэя звярнуцца да прыватных дэтэктываў замест ФБР для праверкі новых супрацоўнікаў новай адміністрацыі Трампа. Дарадцы новаабранага прэзідэнта лічаць, што ён прыслухаецца да такой парады.

Як бы ні называлася пасада Эпштэйна ў адміністрацыі Трампа — «кансультант» або «дарадца», ці яшчэ неяк па-іншаму — яго ўплыў унутры ўрада будзе доўгім, піша NYT.

«Злучаныя Штаты Барыса», — так ананімна апісаў сітуацыю з Эпштэйнам журналістам крыніца NYT.

Паводле BBC.