Вялікі тэатр адхіліў ад пастановак рэжысёра — той не ўхваляў вайну

Рэжысёра Аляксандра Малочнікава расійскія дэпутаты патрабавалі звольніць не за прафесійныя якасці, а за антываенную пазіцыю.

242dea23499cd490478a525f345009b8.jpg

Кіраўніцтва Вялікага тэатра ў Маскве адхіліла рэжысёра Аляксандра Малочнікава ад пастаноўкі опер «Франчэска да Рыміні» Рахманінава і «Фларэнтыйская трагедыя» Цэмлінскага, прэм'еры якіх былі запланаваны ў новым сезоне.

Пра адхіленне рэжысёра ў лісце дэпутату Дзярждумы Дзмітрыю Кузняцову паведаміў гендырэктар тэатра Уладзімір Урын. А раней парламентарый ад імя створанай «Групы па расследаванні антырасійскай дзейнасці ў сферы культуры» (ГРАД) запатрабаваў звольніць Малочнікава, калі той не падтрымае «спецаперацыю» ва Украіне.

«Паведамляем, што раней запланаваны ўдзел Малочнікава А. А. у пастаноўцы дзвюх аднаактавых опер на сцэне Вялікага тэатра ў сезоне 2022-2023 гадоў адменены», — сказана ў лісце Урына, які цытуе выданне News.ru. Ён таксама дадаў, што Малочнікаў «не знаходзіцца і ніколі не знаходзіўся ў працоўных адносінах з Вялікім тэатрам Расіі».

Сам Аляксандр Малочнікаў паведаміў журналістам РБК, што пакуль не каментуе інфармацыю пра сваё адхіленне. У прэс-службе Вялікага тэатра заявілі, што 13 верасня прадставяць планы на маючы адбыцца сезон, абноўленыя з улікам адмены пастановак Малочнікава.

Рашэнне кіраўніцтва Вялікага тэатра пракаментаваў дэпутат Дзмітрый Кузняцоў: «Мы не змагаемся з чыноўнікамі і кіраўнікамі ад культуры. Мы дапамагаем ім. На тым і будзем стаяць».

У «групу па расследаванні антырасійскай дзейнасці» ў сферы культуры (ГРАД) уваходзяць дэпутаты Дзярждумы з розных фракцый (у асноўным са «Справядлівай Расіі»), сенатары і дзеячы культуры.

Увосень ГРАД плануе распрацаваць папраўкі ў заканадаўства, каб пакончыць з «бесхрыбетнасцю» дзяржавы пры фарміраванні палітыкі ў галіне культуры.

4 жніўня ГРАД накіраваў некалькі запытаў кіраўніцтву Першага канала і Вялікага тэатра, а таксама ў Мінкультуры, Міністэрства лічбавага развіцця і Мінспорту. Сярод іншага, парламентарыі запатрабавалі, каб кіраўніцтва Першага канала звольніла тэлевядучых Івана Урганта і Аляксандра Васільева, якіх у ГРАД палічылі «агентамі замежнага ўплыву».

Іван Ургант у адказ прапаноўваў перайменаваць парламенцкае аб'яднанне ў «Группу Обнаружения Врагов Нашего Общества» (ГОВНО), а іх гімнам зрабіць песню Яраслава Еўдакімава «Фантазёр».

Паводле Медузы