Ва Украіне абвінавацілі ў нядаўняй кібератацы хакераў, якіх звязваюць з беларускай разведкай

У нападзе на сайты ўкраінскіх дзяржструктур, які адбыўся 14 студзеня, падазраюць беларускіх хакераў. Пра гэта агенцтву Reuters распавёў намеснік сакратара Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Сяргей Дземядзюк.

630_360_1597991697_815.jpg

Дземядзюк паведаміў Reuters, што да атакі датычны хакерскі гурт, вядомы пад назвай UNC1151, звязаны з беларускай разведкай. Праграмнае забеспячэнне, пры дапамозе якога хакеры зашыфравалі даныя на дзяржаўных серверах, было падобна на тое, якое выкарыстоўвалася пры кібератацы на Нацыянальны камітэт Дэмакратычнай партыі ЗША у 2016 годзе. У гэтым нападзе, які здарыўся перад прэзідэнцкімі выбарамі, у ЗША вінавацілі Расею.
У лістападзе 2021 года амерыканская прыватная кампанія Mandiant, якая займаецца пытаннямі кібербяспекі, апублікавала справаздачу, у якой хакерская група UNC1151 звязвалася з разведкай Беларусі. Па меркаванні Mandiant, хакеры працуюць з Мінска і сярод іншага прасоўваюць у Сетку афіцыйную пазіцыю беларускіх улад.
Да выбараў 2020 года UNC1151 удзельнічала ў інфармацыйнай кампаніі, накіраванай на краіны Усходняй Еўропы, чыёй мэтай была дыскрэдытацыя НАТА і ЗША. Хакеры выкарыстоўвалі фальшывыя сайты і падробленыя ўліковыя запісы электроннай пошты для распаўсюджання падробленых артыкулаў навін, цытат, дакументаў і іншай інфармацыі. У Mandiant лічаць, што UNC1151 працуе сумесна з хакерскімі групоўкамі з Расіі.
Нагадаем, у ноч на 14 студзеня ва Украіне хакеры атакавалі ўрадавы сайт і сайты шэрагу ведамстваў, сярод якіх МЗС, Мінадукацыі, Мінэнерга, ДСНС і іншыя, таксама недаступным быў партал дзяржпаслуг «Дзія». Гэта самая магутная кібератака за апошнія чатыры гады.