Улады ЗША параяцца з Еўропай наконт таго, як скончыць вайну ва Украіне

Улады ЗША часова спынілі працу над «мірным планам» па завяршэнні вайны Расіі супраць Украіны. Вашынгтон хоча, каб Еўропа атрымала месца за сталом перамоваў. А Расія зноў атакавала Украіну крылатымі ракетамі. Ідзе 1084-ты дзень шырокамаштабнай вайны ва Украіне, развязанай Расіяй пры саўдзеле рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

За мінулыя суткі на фронце адбылося 139 баявых сутыкненняў, паведамляе ў ранішняй зводцы 11 лютага Генштаб Узброеных Сіл Украіны (УСУ).

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 47 штурмавых і наступальных дзеянняў расійцаў. На Ліманскім і Новапаўлаўскім кірунку расійцы атакавалі па 12 разоў на кожным. 11 атак арміі РФ зафіксавана на Тарэцкім кірунку, дзевяць — на Купянскім, восем — на Краматорскім кірунку ў раёнах Белай Гары і Часавага Яра.

У Курскай вобласці Расіі УСУ адбілі 27 нападаў арміі РФ.

* * *

У ноч на 11 лютага расійская армія запусціла па тэрыторыі Украіны 124 дроны ўдарнага тыпу і да 19 крылатых ракет. Да адбіцця паветранага нападу прыцягваліся авіяцыя, паведамляюць Паветраныя сілы Украіны.

Пацверджана збіццё 57-мі ўдарных дронаў тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў. 64 беспілотнікі лакальна страчаныя, без негатыўных наступстваў. 

Удары крылатымі ракетамі «Калібр» са стратэгічнай авіяцыі РФ была нанесеныя ў кірунку Палтаўскай вобласці. Па папярэдніх даных, пашкоджанні атрымалі вытворчыя магутнасці «Нафтагаза» ў Палтаўскай вобласці. Абышлося без пацярпелых.

* * *

Мінабароны РФ заявіла, што ўначы СПА нібыта збіла 40 украінскіх дронаў. Расійскія Telegram-каналы паведамлялі, што беспілотнікі атакавалі Саратаўскі НПЗ, таксама больш за дзясятак выбухаў чулі ў раёне Энгельса, каля якога размешчаная авіябаза ваенна-касмічных сіл Расіі.

Губернатар Саратаўскай вобласці Раман Бусаргін запэўніваў, што ўсе дроны нібыта збілі. Аднак ён дадаў, што «ёсць пашкоджанні на прамысловым прадпрыемстве ў Саратаве». На апублікаваных у сацсетках фота і відэа відаць моцны пажар на нафтаперапрацоўчым заводзе.

* * *

11_301.jpg

* * *

Расійская Федэрацыя адпраўляе вайскоўцаў у Паўночную Карэю нібыта на лячэнне, аднак там жаўнеры РФ абменьваюцца вайсковым досведам з КНДР, піша Інстытут вывучэння вайны (ISW).

У ISW звярнулі ўвагу на заяву амбасадара РФ у КНДР Аляксандра Мацэгоры пра тое, што Расія накіравала «сотні» параненых жаўнераў у Паўночную Карэю на рэабілітацыю і лячэнне. Ён таксама паведаміў, што КНДР нібыта адмовілася ад прапановы Расіі выплаціць фінансавую кампенсацыю за лячэнне расійцаў у КНДР.

«Расійскае ваеннае камандаванне, па паведамленнях, адпраўляла параненых назад у штурмавыя групы без лячэння, што дэманструе агульнае грэбаванне да здароўя салдат у расійскай арміі. Гэта ставіць пад сумнеў афіцыйныя заявы Расіі пра адпраўку расійскіх жаўнераў на лячэнне за мяжу, у прыватнасці ў Паўночную Карэю», — кажуць аналітыкі.

На думку экспертаў, знаходжанне дасведчаных вайскоўцаў у КНДР дазволіць РФ супрацоўнічаць з паўночнакарэйскімі ўзброенымі сіламі і распаўсюджваць досвед, набыты падчас вайны ва Украіне.

* * *

Улады ЗША часова спынілі працу над «мірным планам» па завяршэнні вайны Расіі супраць Украіны. Вашынгтон хоча, каб Еўропа атрымала месца за сталом перамоваў, паведамляе The Telegraph.

Па звестках брытанскай газеты, спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША па Украіне і Расіі Кіт Келаг хоча правесці індывідуальныя перамовы з саюзнікамі па NATO да таго, як завершыць працу над «мірным планам». Келаг адзначаў, што ў перамовах з еўрапейскімі дыпламатамі ён даведаецца іх думкі пра форму мірнага пагаднення і пра тое, які ўнёсак можа зрабіць Еўропа ў гэты працэс.

Такія перамовы, са слоў Келага, ён хоча правесці з прэм'ер-міністрамі і прэзідэнтамі краін-чальцоў NATO. Гэта павінна супакоіць дзяржавы, якія асцерагаюцца, што Вашынгтон «выцісне» іх з перамоваў.

The Telegraph удакладняе, што еўрапейскія чыноўнікі, якія ўжо пагаварылі з Келогам, атрымалі запэўніванні ў намерах Вашынгтона ўмацаваць пазіцыі Украіны ў будучых перамовах з Расіяй.

Раней Bloomberg выказаў здагадку, што Келаг плануе прадставіць «мірны план» на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, якая адбудзецца з 14 па 16 лютага. Аднак Келаг абверг гэта, паколькі, паводле яго слоў, «мірны план» па Украіне можа прадставіць толькі прэзідэнт Дональд Трамп.

* * *

Кангрэсмен-рэспубліканец Джо Уілсан анансаваў законапраект, які можа дазволіць ЗША перадаць Украіне «пераможную зброю» і прымусіць Расію да перамоваў. «Сёння я прадстаўлю Акт (Freedom First Lend-lease Act) аб прадастаўленні прэзідэнту Трампа гнуткіх паўнамоцтваў для адпраўкі пераможнай зброі нашым партнёрам, у тым ліку Украіне, каб стрымаць ваеннага злачынца Пуціна, як гэта даўно павінен быў зрабіць Байдэн. Прымусьце Расію сесці за стол» — напісаў Джо Уілсан ў сацсетцы X.

Незразумела, што менавіта будзе прадугледжваць заканадаўчая ініцыятыва Уілсана, як і тое, ці мае яна падтрымку сярод іншых членаў Кангрэса, дзе пераважаюць рэспубліканцы.

Варта адзначыць, што раней Уілсан заклікаў зрабіць больш жорсткімі санкцыі супраць Расіі, кажучы, што РФ не павінна мець доступу да тэхналогій цывілізаванага свету, а тым больш ЗША. «Яны вырашылі жыць у цёмныя стагоддзі, і мы павінны гэта дазволіць», — заяўляў Уілсан. Таксама ён паказаў на сувязь Ірана, Расіі, Хезбалы і Кітая, называючы іх «воссю агрэсараў».

Нагадаем, што прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў лэнд-ліз для Украіны яшчэ 9 траўня 2022 года. Гэта было другое падпісанне з часоў Другой сусветнай вайны. Аднак праграма так і не запрацавала.

Вашынгтон пастаўляў Кіеву зброю ў рамках іншых праграм: ініцыятыва садзейнічання бяспецы Украіны (Ukraine Security Assistance Initiative, USAI), знешняе ваеннае фінансаванне (Foreign Military Financing, FMF), а таксама канфіскацыя з запасаў зброі ЗША (Replenishment of U. S. weapons stocks).