Украіну пакінулі ўжо 4 мільёны чалавек — ААН
Вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў прыехаў у Львоў для абмеркавання таго, як яшчэ можна дапамагчы ўкраінскім бежанцам, паведамляе korrespondent.net.
З пачатку
поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну краіну пакінула чатыры мільёны
чалавек. Пра гэта заявіў вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў Філіпа
Грандзі.
"Уцекачоў з Украіны цяпер 4 мільёны, праз пяць тыдняў пасля пачатку расійскай атакі", — напісаў ён у Twitter.
Філіп Грандзі дадаў, што прыбыў ва Украіну. У Львове ён плануе з уладамі, прадстаўнікамі ААН і іншымі партнёрамі абмеркаваць "спосабы павелічэння падтрымкі людзям, пацярпелым і перамешчаным у выніку гэтай бессэнсоўнай вайны".