Удар Расіі па вёсцы Граза карэктавалі двое мясцовых жыхароў — усё дзеля сціплых пасад
Служба бяспекі Украіны заявіла, што расійскі ўдар па вёсцы Граза карэктавалі двое мясцовых жыхароў — 30-гадовы Уладзімір Мамон і яго 23-гадовы брат Дзмітрый. Зрабілі яны гэта дзеля сціплых пасад у адміністрацыі вобласці.
Служба бяспекі Украіны абвясціла аб выкрыцці «здраднікаў», якія скарэктавалі расійскі ракетны ўдар па кавярні ў вёсцы Граза Харкаўскай вобласці 5 кастрычніка. Паводле апошніх звестак, у кавярні тады загінулі 55 чалавек.
Паводле версіі ўкраінскай спецслужбы, зламыснікамі з'яўляюцца двое мясцовых жыхароў — 30-гадовы Уладзімір Мамон і яго малодшы брат 23-гадовы Дзмітрый Мамон, якія падчас акупацыі Харкаўскай вобласці перайшлі на бок Расіі, а пасля вызвалення рэгіёна пераехалі ў РФ, дзе працягнулі працаваць на расійскіх вайскоўцаў.
Паводле ўказанняў расійскіх вайскоўцаў, яны «дыстанцыйна фарміравалі ўласную сетку інфарматараў на падкантрольнай Украіне тэрыторыі», сцвярджае СБУ. У пачатку кастрычніка браты Мамоны пачалі збіраць інфармацыю пра запланаванае перапахаванне загінулага ўкраінскага вайскоўца ў вёсцы Граза.
«Пры гэтым яны разумелі, што ў выніку варожай атакі абавязкова загінуць мірныя жыхары — іх знаёмыя з вёскі Граза, у тым ліку і тыя, хто падаваў ім інфармацыю», — гаворыцца ў паведамленні ўкраінскай спецслужбы.
Дакладны адрас і час правядзення памінак Уладзімір Мамон перадаў расійскім вайскоўцам, сцвярджаюць у СБУ.
Паводле СБУ, браты Мамоны рабілі гэта ў абмен на атрыманыя раней пасады ў акупацыйнай адміністрацыі Харкаўскай вобласці. Адзін стаў кіраўніком канвойнай групы, а другі інспектарам ДПС, сцвярджае СБУ.
Абодва фігуранты абвінавачваюцца ў дзяржаўнай здрадзе, Уладзімір Мамон — дадаткова ў парушэнні законаў і звычаяў вайны.
Паводле апошніх звестак, колькасць загінулых у выніку ўдару ракетай «Іскандэр М» па кавярні ў вёсцы Граза вырасла да 55 чалавек. У момант абстрэлу там праходзілі памінкі па ўкраінскім вайскоўцы Андрэю Козыру, які загінуў пад Папаснай яшчэ у пачатку вайны.