Што будзе, калі Пуцін нападзе на Эстонію, каб аказаць ціск на NATO?

Што будзе рабіць NATO, калі РФ абвесціць вайну Альянсу? Эстонскія расследавальнікі адзначаюць, што краіны Балтыі павінны быць гатовыя да вайны ў выпадку паразы Украіны.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__14_.jpg

Новае даследаванне эстонскіх аналітыкаў расійскай ваеннай актыўнасці ля паўночных межаў NATO сцвярджае, што Расія нарошчвае ваенную інфраструктуру на мяжы з Эстоніяй і рыхтуецца да працяглай вайны, піша «Голас Амерыкі».

У даследаванні, якое публікуе штотыднёвік Eesti Ekspress, таксама апісваецца, як бы развівалася вайна, калі б Расійская Федэрацыя вырашыла яе пачаць.

«Мы працавалі над гэтым артыкулам год, прааналізавалі 24 базы расійскай арміі ля межаў з Балтыйскімі краінамі і Польшчай і прыцягнулі высокапастаўленыя ваенныя крыніцы, каб ацаніць нашы высновы», — кажа адзін з суаўтараў расследавання Хольгер Роанемаа.

На аснове аналізу спадарожнікавых здымкаў расследавальнікі апісваюць, што адбываецца на расійскіх ваенных базах на мяжы з Эстоніяй і наколькі вялікую пагрозу яны ўяўляюць для Еўропы.


Вайна Расіі супраць Украіны вычарпала гэтыя базы, але апошнія здымкі з космасу паказваюць хуткае развіццё інфраструктуры на некаторых з іх. А базы каля краін Балтыі і Фінляндыі плануецца ў некалькі разоў пашырыць у рамках цяперашніх вайсковых рэформаў Масквы, піша эстонскі штотыднёвік Eesti Ekspress.

А на Пскоўскім ваенным аэрадроме ў 35 км на паўднёвы ўсход ад мяжы Эстоніі з Расіяй базуюцца падраздзяленні хуткага рэагавання, якія «агрэсар будзе выкарыстоўваць пры неабходнасці захопу крытычна важных аб'ектаў, як гэта было пры спробе захопу Кіева», мяркуюць аўтары расследавання.

Кіраўнік эстонскай вайсковай выведкі палкоўнік Антс Ківісельг кажа, што калі б Пуцін напаў на Эстонію, каб аказаць ціск на NATO, задачамі гэтых падраздзяленняў быў бы захоп эстонскіх ваенных баз або аэрадромаў для размяшчэння там расійскай супрацьпаветранай абароны.

Без супрацьпаветранай абароны расіяне ў краінах Балтыі былі б лёгкай мішэнню для знішчальнікаў пятага пакалення NATO, якія могуць прыляцець вельмі хутка. Таму, сцвярджаюць расследавальнікі, пуцінскае войска будзе імкнуцца пераправіць падраздзяленні супрацьпаветранай абароны туды, адкуль яны змогуць прыкрываць паветраную прастору Балтыйскага мора — напрыклад, на астравы Готланд або Хіюмаа.

Спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што частка тэхнікі на расійскіх авіябазах цалкам новая.

«Гэта ставіць пад сумнеў распаўсюджанае меркаванне аб тым, што расійская армія мае ў сваім распараджэнні толькі савецкія запасы», — канстатуюць аўтары.

«Я не думаю, што Расія заўтра нападзе на Эстонію», — заявіў у каментарый расследаванню былы камандуючы Сухапутнымі войскамі ЗША ў Еўропе адстаўны амерыканкі генерал Бэн Годжэс.

Пры гэтым расійскую ваенную пагрозу Эстоніі і іншым краінам Балтыі ён лічыць не гіпатэтычнай, а цалкам рэальнай, дадаюць аўтары.

 «Расійцы ўжо відавочна ваююць з намі, нават калі мы самі гэтага не прызнаем», — цытуе выданне Годжэса, які кажа пра знішчэнне падводных кабеляў, дыверсіі па ўсёй Еўропе, парушэнне паветранай прасторы ракетамі або БПЛА, кібератакі і хакерскія атакі. — Гэтымі аперацыямі Расія правярае Захад, каб паглядзець, як мы адрэагуем. А калі рэакцыі няма, то гэта робіць Расію смялейшай».

Расследавальнікі адзначаюць, што Эстонія павінна быць гатовая да вайны ў выпадку паразы Украіны.

Ці, як кажа Годжэс, «калі ЗША, Германія, Францыя і Вялікабрытанія дазволяць Украіне прайграць Расіі».

 «У такім выпадку Расія прымусіць ваяваць на сваім баку дзясяткі тысяч украінскіх вайскоўцаў, завалодае ўкраінскай вайсковай тэхнікай і праз некалькі гадоў адновіць рэзервы сваёй арміі», — дадаюць аўтары расследавання.

І паказчыкі дзяржбюджэту Расіі лічацца пацвярджэннем гэтай задумы.

Расія выдаткавала на вайну ў сем разоў больш, чым дзяржаўны бюджэт Эстоніі

У прыватнасці, той факт, што сёлета Расія выдаткавала на вайну ў сем разоў больш, чым дзяржаўны бюджэт Эстоніі, або 115 мільярдаў еўра.

А месяц таму Крэмль апублікаваў новы бюджэтны план, згодна з якім у 2025 годзе вайсковыя выдаткі павінны быць павялічаны да 129 мільярдаў еўра.

Пры гэтым 85% ваенных выдаткаў засакрэчаныя.

 «Рэзкае павелічэнне расійскіх выдаткаў на абарону сведчыць аб тым, што Расію чакае вайна, якая працягнецца і пасля наступнага года», — сказаў палкоўнік Антс Ківіселг. «Ці адбудзецца гэта ва Украіне ці ў іншым рэгіёне — гэта іншае пытанне, але РФ, безумоўна, да гэтага рыхтуецца».

Найбольш верагодным сцэнарам расследавальнікі лічаць спробу Расіі захапіць невялікую тэрыторыю, каб зрабіць Захад закладнікам. Гэта патэнцыйна можа пасеяць страх у грамадствах і падзяліць саюзнікаў па NATO на некалькі лагераў у пытанні аб тым, які ваенны адказ варта лічыць прапарцыйным.

Годжэс таксама падтрымлівае гэтае меркаванне і лічыць, што мэта Расіі — разбурыць NATO, каб паказаць, што Альянс і яго члены сапраўды не гатовыя прыйсці на дапамогу кожнай краіне.

«Вы можаце ўявіць сабе гіпатэтычны сцэнар, калі расійскія войскі ўвойдуць у Літву, Латвію ці Эстонію, акупуюць іх частку, а потым РФ спыніцца і спытае: «Вы сапраўды хочаце пачаць з-за гэтага ядзерную вайну?» І калі чыйсьці адказ будзе адмоўны, гэта будзе канец артыкула 5 NATO», — тлумачыць Годжэс.

Чаканне кансэнсусу адносна адказу Расіі можа стаць праблемай для NATO

Былы камандзір дывізіі генерал Вейка-Вэла Палм перасцерагае NATO ад патэнцыйных памылак у супрацьстаянні з Расіяй.

Першая памылка была б, калі б заходнія палітыкі дазволілі Эстоніі наносіць удары толькі па тых месцах, адкуль наносіць удар Расія, а не па Расіі ўвогуле. Другой памылкай Захаду было б абмежаванне таго, наколькі глыбока ў Расію дазволена атакаваць у адказ з-за страху эскалацыі.

Тым часам Расія нарошчвае ваенную моц на тэрыторыі Калінінграда. Асноўная ўвага надаецца караблям, самалётам і ракетным комплексам, здольным несці ядзерныя боегалоўкі.

За апошнія дзесяць гадоў з моманту анексіі Крыма бункер ядзернай зброі каля вёскі Кулікова Калінінградскай вобласці падвергся капітальнай рэканструкцыі, гаворыцца ў артыкуле.

Расія мадэрнізавала ўмовы захоўвання тактычных ядзерных боегаловак у Калінінградзе ў 2015-2017 гадах. Паводле Польшчы, там можа захоўвацца да 100 тактычных ядзерных боегаловак.

«Няма сумневу, што ў выпадку вайны пагроза, якая зыходзіць з Калінінграда, будзе ліквідаваная адной з першых. Аднак гібрыдныя аперацыі, якія пакуль не патрабуюць прымянення артыкула 5 NATO, — значна больш шэрая зона», — піша Eesti Ekspress.

І Годжэс нагадвае нам пра яшчэ адну складанасць — хоць NATO гатова нанесці ўдар у адказ тэхнічна і ў ваенным плане, калі справа даходзіць да нападу на суверэнную тэрыторыю Расіі, нават для абароны краіны-члена NATO, неабходна палітычнае рашэнне кансенсусу.