Сёння, 2 мая, у Польшчы — забастоўка працаўнікоў гандлю

Пратэст адбываецца, між іншым, у гандлёвых сетках Auchan, Tesco, Carrefour, Decathlon, Biedronka, Kaufland і іншых.

www.pixabay.com

www.pixabay.com

Сёння, 2 мая, у Польшчы — італьянская забастоўка працаўнікоў гандлю. Пратэстацыйная акцыя планавалася ўжо працяглы час і накіраваная на тое, каб звярнуць увагу грамадства на ўмовы працаўладкавання супрацоўнікаў гандлю.

Паводле прафсаюзаў, у гандлі кожны з супрацоўнікаў "працуе за траіх", а працадаўцы плацяць вельмі мала, пры гэтым парушаючы элементарныя правы, напрыклад, не плацячы за дадатковыя гадзіны працы альбо ў выходныя дні.

Пратэстацыйная акцыя праходзіць у выглядзе гэтак званай італьянскай забастоўкі. Нагадаем, гэтая форма пратэсту заключаецца ў надзвычай строгім выкананні супрацоўнікамі прадпрыемства сваіх службовых абавязкаў і правілаў, ні на крок не адыходзячы ад іх і ні на крок не выходзячы за іх межы. Такім чынам кліенты, якія сёння здзяйсняюць пакупкі, павінны браць пад увагу тое, што ў краме, і перш за ўсё перад касай, правядуць больш часу. Адначасова з італьянскім страйкам супрацоўнікі крамаў будуць раздаваць улёткі з інфармацыяй пра пратэст і патрабаванні, а таксама налепкі з лозунгамі.

Страйк адбываецца, між іншым, у гандлёвых сетках Auchan, Tesco, Decathlon, Biedronka, Polomarket, Kaufland, Makro Cash and Carry, Dino, Arel, а таксама дыстрыб'ютарскіх цэнтрах Amazon і H&M.

www.radyjo.net