Што чакаць ад Цай?

На Тайвані ўпершыню да ўлады прыйшлі прыхільнікі канцэпцыі існавання асобнай ад кітайскай тайваньскай нацыі. У Пекіне, які лічыць востраў часткай Кітаю, не на жарт абураныя. 



xw_1201660.jpg

Фота www.novosti-dny.com

Як вядома, дэ-юрэ дзяржавы Тайвань не існуе. Афіцыйна дзяржава, што месціцца на востраве Тайвань, горда называецца Кітайская Рэспубліка (КР), або таксама «Вольная зона Кітайскай Рэспублікі». КР была заснаваная ў 1911 годзе і кантралявала значную частку Кітая да перамогі камуністаў, якія абвясцілі Кітайскую Народную Рэспубліку (КНР). Паколькі канстытуцыйна Кітайская Рэспубліка не адмовілася ад сваіх правоў на мацерыковы Кітай, атрымліваецца, што фармальна суверэнітэт ураду ў Тайбэі распаўсюджваецца на ўсю цяперашнюю КНР плюс на частку Таджыкістана, Індыі, Расіі, Афганістана і ўсю Манголію, якія лічыліся бацькамі-заснавальнікамі КР гістарычнымі кітайскімі землямі.

Такая кур’ёзная сітуацыя выклікана гістарычнымі абставінамі. У 1949 годзе на Тайвань збег нацыянальны ўрад КР пад кіраўніцтвам Чан Кайшы, кіраўніка партыі Гаміндан. З дапамогай ЗША гамінданаўцы ўтрымалі тайваньскі плацдарм, аднак паступова ўзнікла новая, цяпер ужо ўнутраная пагроза — тутэйшыя пачалі лічыць сябе не кітайцамі, а тайванцамі. Часткова, праўда, адказнасць за такі феномен нясе партыя Гаміндан, чый рэжым да канца 1970-х гадоў быў вельмі аўтарытарным.

Так ці інакш, на востраве паступова пачаў фармавацца лагер незалежнікаў, лідары якога прапануюць адмовіцца ад канцэпту рэстаўрацыі Кітайскай Рэспублікі, пакінуць КНР манапольнае права лічыць сябе кітайскай дзяржавай і будаваць тайваньскую ідэнтычнасць. На цяперашні дзень распрацаваная цэлая гістарычная і прававая школа, якая даводзіць ідэю пра тое, што Тайвань — асобная ад Кітаю краіна, дзе жыве асобная нацыя. Важным момантам у аргументах незалежнікаў ёсць той факт, што востраў не быў часткай Кітайскай Рэспублікі. На момант яе абвяшчэння ў 1911 годзе Тайвань знаходзіўся пад японскім пратэктаратам. Пасля разгрому Японіі ў 1945 годзе на востраве гаспадарылі амерыканцы, якія і далі прытулак адміністрацыі Чан Кайшы.

Незалежніцкі рух на Тайвані не падабаецца не толькі актывістам Гаміндану. Незалежнасць Тайваня супярэчыць інтарэсам Пекіна, які праводзіць курс на рэінтыграцыю Кітая. Тайваньскае пытанне ў Пекіне спрабуюць вырашыць па формуле «дзве сістэмы — адна дзяржава», якая была выкарыстана падчас далучэння Ганконгу і Макаа. Таксама акцэнт робіцца на тым, што на Тайвані ёсць свае падобныя на аўстралійцаў абарыгены, якія жылі тут да пачатку кітайскай каланізацыі і жывуць дасюль у колькасці паўмільёна чалавек. Гэта дае права ідэолагам КНР разглядаць насельніцтва Тайваню не як тайванцаў, а як частку кітайскай нацыі.

Цяпер, напэўна, варта чакаць рэанімацыі старых гістарычных спрэчак, паколькі 16 студзеня па выніках прэзідэнцкіх выбараў атрымала пераканаўчую перамогу Цай Інвэнь, лідар Дэмакратычнай прагрэсіўнай партыі (DPP), якая з’яўляецца галоўным суб’ектам кааліцыі незалежніцкіх палітычных праектаў.  

У прынцыпе, магчыма, усё і абыдзецца. Па-першае, на гэты раз DPP нічога радыкальнага не абяцала. У выбарчай праграме кандыдат абяцала хіба падтрымліваць ідэнтычнасць тайваньскай нацыі, захоўваючы юрыдычны статус-кво востраву. Гэта тлумачаць не вельмі пазітыўнай эканамічнай кан’юнктурай на Тайвані, які эканамічна моцна залежыць ад кітайскага рынку.

Акрамя таго, гэта ўжо другі прыход DPP ва ўладу. Папярэдні раз DPP узначальвала ўрад у 2000–2008 гадах, паклаўшы, дарэчы, канец дамінаванню партыі Гаміндан у дзяржаўных тайваньскіх структурах. Хаця тады ў рамках выбарчай кампаніі спікеры DPP абяцалі пасля перамогі дэклараваць незалежнасць Тайваню, у выніку ўсё абмежавалася парламенцкай рэзалюцыяй ад 30 верасня 2007 года. Тэкст рэзалюцыі заклікаў да стварэння новай рэдакцыі Канстытуцыі, у якой назва «Тайвань» будзе ўжывацца без прывязкі да тэрміну Кітайская Рэспубліка.

Але ёсць і іншыя прагнозы. Цяпер незалежнікі ў лепшай сітуацыі, чым сем гадоў таму, паколькі ў 2000–2008 гадах іх урад не абапіраўся на дэпутацкую большасць. Зараз DPP з саюзнікамі кантралюе як заканадаўчую (74 з 113 мандатаў), так і выканаўчую (урад і прэзідэнт) галіны ўлады. Па-другое, як піша прэса, Пекін проста абавязаны нешта рабіць, каб не дапусціць далейшай экспансіі сепаратысцкай ідэалогіі. Ацэнка вынікаў тайваньскіх выбараў у прэсе КНР сапраўды вельмі эмацыйная. «Тайвань павінен адмовіцца ад сваіх «галюцынацый» наконт незалежнасці», — заявілі каментатары кітайскага тэлебачання. Тайваньскі дэпартамент кітайскага ўраду паабяцаў абараніць суверэнітэт Кітаю ў выпадку нейкіх рухаў новай адміністрацыі ў бок абвяшчэння незалежнасці. Такая агрэсіўная рыторыка можа справакаваць тайваньскі ўрад на рашучыя ўчынкі.

Нарэшце, прыход да ўлады адбываецца на фоне росту рэгіянальнай напружанасці. Кітай патрабуе, каб частка акваторыі ў Паўднёвым кітайскім моры была прызнаная яго суверэннымі водамі, што не падабаецца ЗША і іх саюзнікам. Летась ледзь-ледзь не адбыўся канфлікт паміж кітайскай флатыліяй і амерыканскім дрэдноутам. Тайваньскі фактар дакладна будзе вельмі важным у кітайскай стратэгіі ЗША. Таму некаторыя выданні лічаць, што тэма незалежнасці будзе заставацца складнікам прамоў Цай Інвэнь, якая ўступіць у абавязкі прэзідэнта 16 мая.