РФ выкарыстоўвае ў дачыненні да ЕС тую ж рыторыку, якую ўжывала перад нападам на Украіну і Грузію

Украіна прапанавала свае ўмовы для дасягнення мірнага пагаднення, якія можна апісаць трыма словамі: «Трымайцеся міжнароднага права!» А Расія, падобна, пачала інфармацыйную кампанію з прыцэлам на вайну у Еўропе. Ідзе 1157-мы дзень вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры падтрымцы агрэсіі рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 175 боесутыкненняў, піша Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 25 красавіка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 65 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах Вадзянога Другога, Зверава, Тарасаўкі, Бярозаўкі, Малінаўкі, Елізаветаўкі, Лысаўкі, Котліна, Удалага, Навасергіеўкі, Успенаўкі і іншых.

На Тарэцкім кірунку расіяне здзейсніла 17 атак у раёнах Тарэцка, Леанідаўкі, Шчарбінаўкі, Дачнага.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 15 разоў, спрабуючы уклініцца ў абарону УСУ паблізу Новага, Калодзежаў, Торскага, Ямпалаўкі.

На Краматорскім кірунку зафіксавана 13 боесутыкненняў у раёнах Часавага Яру, Андрэеўкі і ў бок Прадцечына і Дыліеўкі.

На Новапаўлаўскім кірунку расіяне здзейсніла 10 атак, на Арэхаўскім кірунку — дзевяць штурмаў, на Северскім кірунку — 8 атак.

У Курскай вобласці Расіі УСУ адбілі 27 штурмавых дзеянняў расіян.

* * *

Расійскія войскі захапілі вёску Калінава ў Данецкай вобласці, паведамілі аналітыкі маніторынгавай ініцыятывы Deep State. Акрамя таго армія РФ змагла прасунуцца ля Бярозаўкі і Тарасаўкі.

* * *

У ноч на 25 красавіка расіяне атакавалі Украіну 103-ма ўдарнымі БПЛА. Пацверджана збіццё 41 ўдарнага БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў. 40 беспілотнікаў лакацыйна страчаныя (без негатыўных наступстваў).

Расія атакавала беспілотнікамі Днепрапятроўскую вобласць, у выніку чаго ўспыхнулі пажары ў шэрагу населеных пунктаў, у Паўлаградзе 3 чалавекі загінулі і 10 атрымалі раненні.

* * *

493931492_1030427892603622_212332645631442459_n.jpg

* * *

У адказ на намаганні краін NATO па ўзмацненні сваёй абароны ў кантэксце заклікаў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб большай адказнасці Еўропы за ўласную бяспеку, Крэмль працягвае беспадстаўна пагражаць краінам Альянсу, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Эксперты прыводзяць словы сакратара Савета бяспекі РФ Сяргея Шайгу ў інтэрв'ю агенцтву ТАСС 24 красавіка, які абвінаваціў Еўропу ў нібыта падрыхтоўцы да ваеннага канфлікту з Расіяй на працягу трох-пяці гадоў і нарошчванні сіл ля межаў РФ і Беларусі. Ён адзначыў, што ЕС імкнецца стаць «вайсковай арганізацыяй супраць Расіі» і паскардзіўся на рост вайсковых выдаткаў Польшчы, Літвы і Эстоніі.

Таксама ён пацвердзіў, што Расія размясціла ракеты «Ляшчына» на тэрыторыі Беларусі і нагадаў аб змене ядзернай дактрыны РФ у лістападзе 2024 года — новая дактрына дазваляе Крамлю ўжываць ядзерную і звычайную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Расіі ці Беларусі.

У ISW адзначылі, што расійскія чыноўнікі выкарыстоўвалі падобную рыторыку перад уварваннем у Грузію ў 2008 годзе і ва Украіну ў 2014 і 2022 гадах. 

У ISW перакананыя, што агучаныя Шайгу ядзерныя пагрозы, з'яўляюцца элементам больш шырокай інфармацыйна-псіхалагічнай кампаніі па рэфлексіўнага кантролю, накіраванай на ўплыў на прыняцце рашэнняў заходнімі краінамі. Такія заявы могуць быць спробай прымусіць еўрапейскія дзяржавы скараціць свае абаронныя праграмы, што зробіць усходні фланг NATO больш уразлівым.

«Пагрозы ў адрас Фінляндыі, Польшчы, Эстоніі, Латвіі і Літвы, імаверна, з'яўляюцца элементам інфармацыйнай падрыхтоўкі да магчымых спробаў Расіі пашырыць зону ўплыву ва Усходняй Еўропе, на Паўднёвым Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі», — гаворыцца ў справаздачы ISW.

* * *

Украіна накіравала ЗША свае прапановы па мірным пагадненні. The Telegraph піша, што яны складаюцца з пяці пунктаў. «У аснове ляжыць настойлівае патрабаванне аб тым, каб Крым — украінская зямля, анэксаваная войскамі кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна ў 2014 годзе — афіцыйна не прызнаваўся расійскай тэрыторыяй», — гаворыцца ў артыкуле.

Згодна інфармацыі выдання, Украіна настойвае на фармулёўцы любога мірнага пагаднення як «заснаванага на міжнародным праве, а не на капітуляцыі», з асаблівым папярэджаннем аб магчымым уварванні Кітая на Тайвань. «Яны таксама падкрэсліваюць важнасць выразных "гарантый бяспекі" як кошту за любое перспектыўнае мірнае пагадненне, у рамках якога Украіна саступіць тэрыторыю Расіі, хай нават на часовай аснове», — раскрываюць дэталі журналісты.

Украіна папярэджвае як ЗША, так і NATO, што дазвол Расіі кантраляваць Крым дазваляе ёй пагражаць нападамі не толькі на Украіну, але і на чарнаморскіх хаўруснікаў — Турцыю, Румынію і Балгарыю.

Таксама Украіна патрабуе забараніць Расіі выкарыстоўваць угоду для абмежавання колькасці ўзброеных сіл або абаронна-прамысловай базы Украіны.

Са слоў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, гэтыя прапановы знаходзяцца на стале ў Трампа.

* * *

Прэм'ер-міністр Брытаніі Кір Стармер у інтэрв'ю The Telegraph выказаў надзею, што спыненне агню ва Украіне можа быць дасягнутае да лета.

«Мы знаходзімся на інтэнсіўнай стадыі перамоваў. Я заўсёды памятаю, што менавіта Украіна павінна вырашаць гэтыя пытаньні — не іншыя людзі павінны вырашаць ад імя Украіны. Гэта павінна вырашаць Украіна. І Расія павінна сесці за стол перамоваў аб безумоўным спыненні агню», — сказаў брытанскі прэм'ер.

Ён паўтарыў заклік да гарантый бяспекі ЗША для брытанскіх і іншых заходніх сіл, якія плануюць размясціць ва Украіне для назірання за выкананнем міру.

* * *

Па даных The Times, Вялікабрытанія можа адмовіцца ад планаў адправіць вайскоўцаў ва Украіну з-за высокіх рызык, звязаных з такой аперацыяй, асабліва на фоне магчымасці пашырэння канфлікту ў выпадку зрыву перамір'я Украіны з Расіяй. Затое, як піша The Times, увага ў абавязацельствах па бяспецы Украіны будзе засяроджана на аднаўленні і пераўзбраенні ўкраінскай арміі, з абаронай з паветра і мора.

Вялікабрытанія і Францыя могуць адправіць ваенных інструктараў на захад Украіны як форму падтрымкі і стрымліваючай сілы, але іх асноўная ўвага засяродзіцца на аднаўленні і пераўзбраенні ўкраінскай арміі.

Выданне адзначае, што інструктары будуць забяспечаныя авіяцыяй, якая будзе абараняць паветраную прастору Украіны і забяспечваць паветранае прыкрыццё заходніх войскаў на зямлі, а Турцыя будзе адыгрываць сваю ролю ў Чорным моры.

* * *

Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ пасля сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Белым доме заявіў, што еўрапейскія хаўруснікі ЗША адзіныя ў тым, што ўважаюць Расію «доўгатэрміновай пагрозай для тэрыторыі NATO, для ўсёй еўраатлантычнай тэрыторыі».

У дачыненні да мірнага пагаднення аб Украіне Рутэ заявіў, што «мяч цяпер відавочна на баку Расіі», але адмовіўся ўдавацца ў падрабязнасці, на якія саступкі можа пайсці Расія ці Украіна, заявіўшы, што гэта не дапаможа мірным перамовам.