Пуцін удакладніў мэты ўварвання ва Украіну. Яны зноўку яшчэ больш сціплыя

Уладзімір Пуцін заявіў, што канчатковай мэтай ваеннай аперацыі ва Украіне з'яўляецца вызваленне Данбаса і гарантыі бяспекі для самой Расіі. Аб тэрмінах завяршэння аперацыі казаць не варта, падганяць вайскоўцаў— няправільна, дадаў ён.

1562223111_screenshot_1.jpg


Канчатковай мэтай расійскай ваеннай агрэсіі ва Украіне з'яўляецца вызваленне Данбаса і гарантыі бяспекі для самой Расіі, заявіў Пуцін паводле вынікаў шостага Каспійскага саміту.

«Канчатковая мэта мной пазначаная — гэта вызваленне Данбаса, абарона гэтых людзей і стварэнне ўмоў, якія гарантавалі б бяспеку самой Расіі», — сказаў Пуцін.

Войскі дасягаюць пастаўленых межаў, але пра тэрміны завяршэння аперацыі казаць не варта, падганяць вайскоўцаў — няправільна, сказаў ён.

«Гэта звязана з інтэнсіўнасцю баявых дзеянняў, а яна наўпрост завязаная з магчымымі стратамі, а мы перш за ўсё павінны думаць пра тое, каб захаваць жыцці нашых хлопцаў», — сцвярджае Пуцін.


Ён запэўніў, што давярае вайскоўцам, якія праводзяць «спецаперацыю». На яго думку, яны дзейнічаюць так, як лічаць патрэбным. «Я, вядома, вярхоўны галоўнакамандуючы, але я ўсё-ткі не сканчаў акадэмію Генеральнага штаба. Я давяраю людзям, якія з'яўляюцца прафесіяналамі», — сказаў Пуцін.

24 лютага, калі Пуцін абвясціў ваенную аперацыю, ён называў яе мэтай «дэмілітарызацыю і дэнацыфікацыю» Украіны. Потым — абарону мірнага насельніцтва Данбаса ад «генацыду». Потым — «забеспячэнне нейтральнага статусу Украіны». Цяпер мэты сталі яшчэ больш сціплымі.