Папа Рымскі Ян Павел І прылічаны да ліку блаславёных
Папа Рымскі Францішак прылічыў да ліку блаславёных аднаго са сваіх папярэднікаў, Яна Паўла I, якога называлі «Папам усмешкі».
Цырымонія на плошчы Святога Пятра стала апошнім фармальным крокам у Ватыкане перад магчымым прылічэннем да ліку святых італьянца Альбіна Лучані, які памёр праз 33 дні пасля абрання пантыфікам, паведамляе агенцтва «Associated Press».
«З усмешкай Папу Яну Паўлу ўдалося данесці дабрыню Пана», — сказаў Францішак у сваёй гаміліі.
«Наколькі прыгожая царква са шчаслівым, ціхамірным і ўсмешлівым тварам, якая ніколі не зачыняе дзверы, ніколі не разлютоўвае сэрцы, ніколі не скардзіцца і не тоіць крыўды, не злуецца, не выглядае суровай і не пакутуе на настальгію па мінулым!» — сказаў пантыфік.
Францішак заклікаў людзей маліцца нядаўна прылічанаму да ліку блаславёных Папу, каб «атрымаць для нас усмешку душы».
Летась Папа Рымскі ўхваліў цуд, які прыпісваецца заступніцтву Яна Паўла I, — выздараўленне цяжкахворай 11-гадовай дзяўчынкі ў 2011 годзе ў Буэнас-Айрэсе, родным горадзе цяперашняга Францішка. Каб Лучані быў абвешчаны святым, патрэбны яшчэ адзін цуд, прыпісаны яго заступніцтву і засведчаны Ватыканам.
На момант абрання пантыфікам 26 жніўня 1978 года 65-гадовы Лучані займаў пасаду патрыярха Венецыі — адну з самых прэстыжных пасад у Касцёле. Падчас свайго служэння Лучані змагаўся супраць карупцыі, у тым ліку ў банкаўскіх колах.
Паводле звестак Ватыкана, Ян Павел І памёр ад сардэчнага прыступу, але анатаміраванне не праводзілася. Падаваліся супярэчлівыя версіі абставінаў таго, як было выяўлена яго цела. Спачатку гаварылі, што святар, які служыў яго сакратаром, знайшоў яго, але пазней прызналі, што Ян Павел І быў знойдзены мёртвым адной з манашак, якая прынесла яму яго звычайную ранішнюю каву. У сувязі гучным фінансавым скандалам з удзелам фігур, якія мелі сувязі з банкам Ватыкана, у свецкіх СМІ хутка ўкараніліся падазрэнні, што, магчыма, Лучані быў атручаны, таму што меў намер выкараніць правапарушэнні.
Кнігі, што расказваюць пра абставіны яго смерці, разышліся мільённымі накладамі.