Кітайская кавідная рэвалюцыя. Дасье ў карыкатурах

На мінулым тыдні адбылася гістарычная падзея. Упершыню за доўгі час кітайскія ўлады пайшлі на саступкі народным пратэстам.

_127801799_f8dfd10f55a171ff9ba7dc9f8227a90b4268f84d.jpg


23 лістапада ў мацерыковым Кітаі пачалася серыя масавых выступаў у адказ на меры, прынятыя ўрадам для прадухілення распаўсюджання новай версіі COVID-19 у краіне. Гэта была так званая праграма Zero-COVID, прыдуманая для ліквідацыі спарадычных праяў віруса шляхам масавага тэставання і працяглага каранціну ў кварталах або нават цэлых гарадах.
Такая практыка мела супярэчлівыя вынікі. Грамадзяне аказаліся незадаволеныя эканамічнымі наступствамі ізаляцыі, якая выклікала дэфіцыт харчавання і немагчымасць працаваць і адпаведна зарабляць. Палітыка Zero-COVID была вельмі непапулярная таксама таму, што яна падзяляла сем'і і санкцыянавала высяленне людзей з іх дамоў. Было шмат скаргаў наконт кепскіх умоваў у імправізаваных бальніцах. Нават дзяржаўныя медыкі казалі, што стратэгія лакдаўнаў неэфектыўная, а выдаткі на яе неапраўданыя. Заходнія мастакі арыгінальна выказалі сутнасць кітайскай праграмы Zero-COVID.

1_636.jpg


У любым выпадку давер да афіцыйнай палітыкі быў падарваны. Дзеянні ўладаў спараджалі выключна далейшы недавер у яе адрас. У такой сітуацыі выбух быў прагназаваны. Іскра запалілася на заводзе Foxconn у Чжэнчжоў, які вырабляе iPhone, 22 лістапада. Сотні працоўных выйшлі на дэманстрацыю, якая асуджала жорсткія каранцінныя меры, а таксама нявыплату прэмій. Гэтага было дастаткова, каб пратэсны рух распаўсюдзіўся з хуткасцю ляснога пажару ў многіх гарадах краіны. А мастакі параўноўвалі пашырэнне пратэстаў з загрузкай праграмы ў айфонах.

2_588.jpg


Новы імпульс пратэст атрымаў 24 лістапада пасля таго, як у выніку пажару ў будынку ва Урумчы ў закрытым жылым раёне загінулі 10 чалавек і 9 атрымалі раненні. На той момант рэгіён Сіньцзян, дзе знаходзіцца Урумчы, ужо тры месяцы быў у строгай ізаляцыі. На думку шмат каго, меры па ізаляцыі не дазволілі пажарным дабрацца да будынка своечасова. Неўзабаве па горадзе пракацілася хваля пратэстаў з патрабаваннем адмяніць жорсткія меры па блакіроўцы. У многіх гарадах прайшлі акцыі салідарнасці, а дзе-нідзе нават сутыкненні з паліцыяй. CNN пацвердзіла 23 дэманстрацыі, якія прайшлі тады ў 17 кітайскіх гарадах, у тым ліку ў сталіцы Пекіне і фінансавым цэнтры Шанхаі. У адказ быў ужыты спецназ і армія, што дазволіла мастакам арыгінальна выявіць вобраз кітайскага рэжыму.

3_527.jpeg


Як і іншыя пратэсты, кавідныя выступы хутка набылі сваю сімволіку. На гэты раз многія дэманстранты трымалі ў руках чыстыя белыя аркушы паперы, каб выказаць незадаволенасць у сувязі з цэнзурай з боку ўрада. Тэма белых лістоў стала вельмі папулярнай сярод мастакоў. «Яны трымаюць белыя аркушы. Значыць пратэст нелегальны», — кажуць кітайскія чыноўнікі на малюнку.

4_490.jpg


Хваляванні імкліва набылі палітычны прысмак. Некаторыя дэманстранты крычалі, каб кіраўнікі кампартыі «пайшлі ў адстаўку», і спявалі «Інтэрнацыянал». Гэты матыў мае вялікі сімвалізм, паколькі яго таксама спявалі падчас дэмакратычных пратэстаў на плошчы Цяньаньмэнь у Пекіне перад жорсткім хапуном у 1989 годзе. У прынцыпе, тое, што сёлетнія пратэсты працягваюць традыцыю Цяньаньмэня, адзначалі многія, у тым ліку карыкатурысты.

5_456.png


Трэба сказаць, што масавыя публічныя пратэсты агульнанацыянальнага ўзроўню надзвычай рэдкія ў Кітаі. Камуністычная партыя даўно ўстанавіла кантроль над усімі аспектамі жыцця, практыкуе шырокамаштабныя рэпрэсіі супраць іншадумства, знішчыла большую частку грамадзянскай супольнасці і пабудавала высокатэхналагічную дзяржаву назірання. Як вынік, усе спробы пратэстаў за 25 гадоў падаўляліся, што знаходзіла адлюстраванне ў тым ліку ў працах графікаў. Вось, напрыклад, так малявалі падаўленне дэмакратычнага супраціву ў Гангконгу.

6_334.jpg


Аднак гэтым разам здарылася нешта з вобласці фантастыкі. У мінулы аўторак вышэйшыя службовыя асобы аховы здароўя Кітая паабяцалі «паменшыць нязручнасці» для насельніцтва, якія выклікала палітыка Zero-COVID. Замест закрыцця цэлых кварталаў і раёнаў гэта будзе рабіцца па асобных кватэрах, паверхах і хатніх гаспадарак. Па-за такімі зонамі цяпер забараняецца абмежаванне мабільнасці грамадзян, а таксама іх дзелавой актыўнасці.
Безумоўна, афіцыёз каментуе гэтае рашэнне без звязку з нядаўнімі пратэстамі, аднак усе разумеюць, што нешта пайшло не так. Сілавы рэсурс, падаецца, не спрацаваў. Пакуль не зразумела, ці хопіць саступак, каб стабілізаваць сітуацыю, але прэцэдэнт паспяховага паўстання ўжо створаны. Не дарма мастакі малююць творы, на якіх кітайскі кіраўнік Сі Цзіньпін выглядае праз кавідныя пратэсты не лепшым чынам.

7_238.jpeg