Канцлер Аўстрыі сустрэнецца з Пуціным пасля візіту ў Кіеў

Канцлер Аўстрыі Карл Нехамер і расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін правядуць заўтра перамовы. Інфармацыю пацвердзіў РІА «Навіны» прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў.

8886d911_4239_4f62_845a_18631f6f5aaa_v0_h.jpg


Учора Нехамер наведаў Кіеў і правёў сустрэчу з Уладзімірам Зяленскім, адзначае REFORM.by.

«Заўтра я сустрэнуся з Уладзімірам Пуціным у Маскве. Мы нейтральныя ў вайсковых адносінах, але займаем выразную пазіцыю ў дачыненні да агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны. Гэта павінна спыніцца! Патрэбныя гуманітарныя калідоры, спыненне агню і поўнае расследаванне ваенных злачынстваў», — напісаў канцлер сёння ў сваім твітары.

Паводле яго слоў, ён загадзя папярэдзіў кіраўніка Еўракамісіі Урсулу фон дэр Ляен і канцлера Германіі Олафа Шольца, кіраўніка Савета ЕС Шарля Мішэля, прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана і праінфармаваў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

Аб візіце піша газета Kronen Zeitung. Паводле інфармацыі выдання са спасылкай на крыніцы, блізкія да канцлера, Нехамер заявіў, што хоча выступіць у ролі «будаўніка мастоў» і «паспрабаваць зрабіць усё, каб хоць трохі наблізіцца да міру». Па словах канцлера, ініцыятыва зыходзіла ад яго яшчэ падчас планавання візіту ва Украіну.

Нагадаем, на гэтым тыдні Аўстрыя прыняла пастанову выслаць траіх супрацоўнікаў расійскай амбасады ў Вене і аднаго супрацоўніка генконсульства Расіі ў Зальцбургу.