Дональд Трамп даў Уладзіміру Пуціну два тыдні, каб вызначыцца наконт міру ва Украіне

«Я адкажу на пытанне, ці давяраю Пуціну, прыкладна праз два тыдні», — сказаў кіраўнік Белага дома журналістам, адказваючы на пытанні па мірнаму працэсу ва Украіне. У той жа час саюзнікі ЗША незадаволеныя тымі ўмовамі, якія Трамп выстаўляе Украіне, а КНДР прызнала ўдзел сваіх войскаў у вайне. Ідзе 1160-ты дзень вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры падтрымцы агрэсіі рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

Фота6 Генштаб УСУ

Фота6 Генштаб УСУ

У цэлым, за мінулыя суткі зафіксавана 168 боесутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 28 красавіка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 64 штурмавых дзеянні расіян непадалёк Елізаветаўкі, Лісоўкі, Котліна, Удалага, Навасергіеўкі, Катляроўкі, Старой Мікалаеўкі, Траецкага Багданаўкі, Андрэеўкі і іншых.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 20 разоў, спрабуючы ўклініцца ў абарону УСУ паблізу Надзеі, Новага, Студні, Ямпалоўкі. 

На Краматорскім кірунку зафіксавана 16 боесутыкненняў паблізу Часавага Яру, Андрэеўкі, Курдзюмаўкі і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку расіяне здзейсніў 13 атак у раёнах Канстанцінопалю, Прывольнага, Вольнага Поля і ў бок Атраднага.

На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла дзевяць атак у раёнах Азаранаўкі, Дачнага, Дыліеўкі, Шчарбінаўкі і Тарэцка.

У Курскай вобласці Расіі УСУ спынілі 23 штурмавыя дзеянні расіян.

* * *

Паводле інфармацыі аналітычнага праекта DeepStatе, расійская армія змагла захапіць сяло Надзіеўка, размешчанае ў Данецкай вобласці. Ад Надзіеўкі да Пакроўска прыкладна 29 кіламетраў, і расійскія войскі працягваюць спрабаваць прарвацца ў горад.

* * *

Губернатар Бранскай вобласці РФ Аляксандр Багамаз заявіў аб масіраванай атацы БпЛА на рэгіён ноччу 28 красавіка. У Мінабароны РФ дадалі, што нібыта збілі над вобласцю 102 «украінскіх дрона». У прыватнасці СПА працавала ў Бранску, у горадзе нібыта адзін чалавек загінуў і адзін атрымаў раненні.

У Бранску на вуліцы Чырвонаармейскай, 103, размешчаны завод «Крэмній Эл», які з'яўляецца адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў ваеннай мікраэлектронікі.

* * *

Паўночная Карэя ўпершыню пацвердзіла, што накіравала свае войскі ў Расію для падтрымкі Масквы ў вайне супраць Украіны, у прыватнасці, для баёў у Курскай вобласці.

У панядзелак, спаслаўшыся на цэнтральную вайсковую камісію КНДР, Цэнтральнае тэлефоннае агенцтва Паўночнай Карэі (KCNA) упершыню пацвердзіла адпраўку войскаў у РФ, піша Yonhap.

«Аперацыя па вызваленні раёна Курскай вобласці для адбіцця авантурнага ўварвання ўкраінскіх уладаў на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі была паспяхова завершана», — піша KCNA, дадаўшы, што падраздзяленні нацыянальных узброеных сіл удзельнічалі ў аперацыі «згодна з загадам кіраўніка дзяржавы» Кім Чэн Ына.

Паводле звестак KCNA, Кім, прыйшоўшы да высновы, што сітуацыя адпавядае ўмовам для ўжывання дамовы аб усёабдымным стратэгічным партнёрстве з Расіяй, «прыняў рашэнне аб удзеле Узброеных Сіл у вайне і праінфармаваў пра гэта расійскі бок».

* * *

Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (КНДР), а таксама іншыя трэція краіны спрыяюць працягу вайны Расіі супраць Украіны і нясуць за гэта адказнасць, заявіў Дзярждэпартамент ЗША.

«Трэція краіны, такія як КНДР, якія спрыялі зацягванню вайны паміж Расіяй і Украінай, нясуць адказнасць за гэта... Мы і ў далейшым занепакоеныя непасрэдным удзелам КНДР у вайне. Размяшчэнне вайсковых падраздзяленняў КНДР у Расіі і ўсякая падтрымка, якую Расійская Федэрацыя дае КНДР у адказ, павінны спыніцца», — заявілі ў Дзярждэпе ЗША.

Як піша Yonhap News, ЗША заклікалі Пхеньян спыніць разгортванне войскаў, а Расію — спыніць любую падтрымку поўначы. ЗША падкрэслілі, што падрыхтоўка Расіяй ваенных КНДР парушае рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН, якія накладваюць забарону на прадастаўленне або атрыманне дапамогі Пхеньяну.

* * *

494195897_1032703772376034_5817104000916970250_n.jpg

* * *

Вайна ва Украіне ўсё больш падобная на бітву беспілотнікаў і істотна расцягвае межы фронту, пішуць эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Сяржант батальёна беспілотных сістэм УСУ, які дзейнічае ў раёне горада Часаў Яр адзначыў, што пастаянныя тэхналагічныя змены і адаптацыя на полі бою ўсё больш трансфармуюць баявыя дзеянні ў вайну «далёкага дыстанцыйнага бою» ў процівагу класічным сутычкам пяхоты і бронетэхнікі.

Актыўнае ўжыванне абедзвюма бакамі беспілотнікаў пашырыла зоны баявога сутыкнення і агнявога паражэння на перадавой. Калі ў 2024 годзе глыбіня «шэрых зон» складала 500 метраў — 2 кіламетры, то сёння, дзякуючы інтэнсіўнаму выкарыстанню дронаў, яна часам дасягае 5-7 кіламетраў.

«ISW зафіксаваў, што Украіна і Расія надзвычай хутка распрацоўваюць і ўкараняюць новыя тэхналогіі і тактыкі. Замест гадоў на адаптацыю, абодвум войскам хапае некалькіх месяцаў, і працэс пастаянных эксперыментаў толькі паскараецца. Сёння ва Украіне фармуюцца інавацыі і аператыўныя канцэпцыі, якія будуць вызначаць выгляд і характар вайны ў будучыні», — канстатуюць у Інстытуце вывучэння вайны.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп станоўча адазваўся аб сваёй сустрэчы з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім у Ватыкане, і дадаў, што наступныя некалькі дзён пакажуць, ці быў прагрэс.

Адказваючы на пытанне аб змене стаўлення пасля рэзананснай сваркі лідараў у Белым доме ў канцы лютага, Трамп сказаў: «Я бачу, што ён (Зяленскі — Рэд.) стаў спакайней, я думаю, што ён разумее карціну, я думаю, што ён хоча ўкласці ўгоду».

Адначасова, прэзідэнт ЗША заклікаў Уладзіміра Пуціна спыніць вайну і «дамовіцца». «Я вельмі расчараваны расійскімі ўдарамі па Украіне. Я адкажу на пытанне, ці давяраю Пуціну, прыкладна праз два тыдні», — сказаў кіраўнік Белага дома.

«Я хачу, каб ён спыніў страляць, сеў і падпісаў здзелку. Я лічу, што ў нас ёсць умовы для заключэння здзелкі, і я хачу, каб ён падпісаў яе, пакончыў з гэтым і проста вярнуўся да жыцця», — сказаў Трамп журналістам.

* * *

Міністр абароны Германіі Борыс Пісторыус адрэагаваў на «мірныя» прапановы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, якія прадугледжваюць тэрытарыяльныя саступкі Украіны, параўнаўшы іх з капітуляцыяй Кіева і падкрэсліўшы, што гэта ўсё заходзіць занадта далёка.

«Украіна магла б дамагчыся гэтага самастойна, капітуляваўшы фактычна год таму», — ацаніў ён мірныя прапановы ЗША.

Міністр дадаў, што Украіна разумее, што ўстойлівае і надзейнае пагадненне аб спыненні агню або мірны дагавор «можа ці будзе прадугледжваць тэрытарыяльныя саступкі». «Але яны, безумоўна, не зойдуць... так далёка, як у апошняй прапанове прэзідэнта ЗША... Я не бачу ніякай дададзенай вартасці (у прапанове ЗША — Рэд.)», — сказаў Пісторыус.

Пры гэтым ён запэўніў, што Германія будзе дапамагаць Украіне нават у выпадку спынення падтрымкі ЗША: наданне вайсковай дапамогі Украіне замацаванае ў кааліцыйным пагадненні.

«Калі Украіна ўпадзе, калі Пуцін выйграе гэтую вайну ў тым сэнсе, што акупуе Украіну ці нават толькі яе значную частку, гэта створыць максімальную пагрозу для тэрыторыі NATO і таксама для суседніх краін, такіх як Малдова і Грузія», — сказаў Пісторыус.

Паводле яго слоў, усім павінна быць зразумела, што «гаворка ідзе не толькі пра салідарнасць з Украінай, гаворка ідзе пра нашу бяспеку і мір у Еўропе».