Амерыканскія HIMARS неўзабаве пачнуць вырабляць у Еўропе

Каб было прасцей весці на фронт і абараняцца ў выпадку чаго самім — Германія плануе ў бліжэйшым часе наладзіць выпуск РСЗА HIMARS на сваёй тэрыторыі.

hajmars.jpg

Нямецкі зброевы канцэрн Rheinmetall вядзе перамовы аб пачатку вытворчасці рэактыўных сістэм залпавага агню HIMARS на сваіх вытворчых магутнасцях у Германіі. Пра гэта заявіў генеральны дырэктар Rheinmetall Армін Папергер у інтэрв'ю Reuters.
Паводле яго слоў, на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, якая пройдзе з 17 па 19 лютага гэтага года, канцэрн імкнецца заключыць пагадненне з амерыканскім зброевым гігантам Lockheed Martin аб пачатку вытворчасці HIMARS. Папергер дадаў, што нямецкі бок мае патрэбныя тэхналогіі для вытворчасці боегаловак, ракетных рухавікоў, а таксама мае грузавікі, на якія можна ставіць пускавыя ўстаноўкі.
Дэталі ваеннай вытворчасці, паводле слоў гендырэктара Rheinmetall, могуць быць абмеркаваны на сустрэчы прадстаўнікоў прамысловасці Германіі з новым міністрам абароны краіны Барысам Пісторыусам.
РСЗА HIMARS сталі адным з найбольш вядомых узбраенняў расійска-ўкраінскай вайны пасля таго, як летам 2022 сталі наносіць шматлікія дзейсныя ўдары па расійскіх тылах і тым моцна знізілі велізарную перавагу Расіі ў артылерыі і боепрыпасах.