«Адзін жыхар Латвіі прапанаваў спаліць нашага прэзідэнта. TikTok адказаў, што не бачыць у гэтым крыміналу»
На партале грамадскіх ініцыятыў Manabalss.lv ідзе збор подпісаў за блакіроўку ў Латвіі доступу да папулярнай сацсеткі TikTok. Аўтар ініцыятывы ўпэўнены, што расіяне выкарыстоўваюць яе для праслаўлення сваіх злачынстваў і расколу грамадства ўнутры замежных краін. Што на гэты конт думаюць латвійскія грамадскія і палітычныя дзеячы?
На платформе грамадскіх ініцыятыў Manabalss.lv 12 траўня распачаўся збор подпісаў за блакіроўку ў Латвіі сацыяльнай сетцы TikTok.
Аўтар ініцыятывы, ІТ-спецыяліст дзяржаўнай паліцыі і спецыяліст па кібербяспецы ў падраздзяленні кіберабароны Нацыянальнай гвардыі, Артурс Бабушкін лічыць, што гэтая сацсетка выкарыстоўваецца для праслаўлення расійскіх акупантаў, распальвання нянавісці і падзелу грамадства ўнутры замежных дзяржаў. Паводле Артурса, поўная блакіроўка прылады абмяжуе вельмі важны канал для маніпуляцый і праслаўлення ваенных злачынстваў супраць украінскага народа.
«Мой асноўны аргумент заключаецца ў тым, што TikTok актыўна выкарыстоўваецца ў якасці інструмента ў вайне Расіі супраць Украіны. Ён фактычна выкарыстоўваецца Расіяй для прасоўвання пэўных ідэй. Падобныя апавяданні прысутнічаюць і ў традыцыйных СМІ. Толькі ў TikTok — у фармаце кароткіх відэа», — тлумачыць Бабушкін асноўную прычыну прапанаванай неабходнасці.
Ён упэўнены, што фармат кароткіх відэа аказвае большы ўплыў на гледача, бо ў іх дадаецца эмацыйная музыка і такія ж подпісы. Да таго ж, мэтавая аўдыторыя гэтай платформы мае ў асноўным меншы сярэдні ўзрост, чым, напрыклад, Instagram і Facebook, што, адпаведна, павялічвае шанец уплыву расійскай прапаганды ды ІПСА на карыстальнікаў.
Таксама, у адрозненне ад пералічаных вышэй платформ, дзе сустрэць агрэсаркі кантэнт у рэкамендацыях цяпер амаль немагчыма дзякуючы працы алгарытмаў барацьбы з ім, кітайская сацсетка такой асаблівасцю не валодае.
«Калі Расія напала на Украіну, у цікток было шмат бруду. Адзін жыхар Латвіі прапанаваў спаліць нашага прэзідэнта. Я напісаў скаргу. Цікток адказаў, што не бачыць у гэтым крыміналу. Пры гэтым за слова “дурань” мне вынеслі два папярэджанні і паабяцалі забаніць. Пасля гэтага я выдаліў гэтую памыйніцу», — адзначае карыстальнік пад нікам Юрійс Луіенка на адным з латвійскіх форумаў.
Артурс упэўнены, што TikTok і кантэнт у ім шкодзіць як тым, хто ўжо падмануты крамлёўскай прапагандай, так і ўсім астатнім жыхарам Латвіі, якім трапляецца правакацыйны кантэнт з каментарамі фэйкавых акаўнтаў, што вядуцца супрацоўнікамі расійскіх спецслужб.
«Ідзе распаўсюджванне дэзінфармацыі, расійскай прапаганды. Рука Крамля прасочваецца. Шмат моладзі, дзяцей, дарослых гэта глядзіць. Таму я выступіў з такой ініцыятывай, каб была бяспека інфармацыйнай прасторы ў Латвіі», — адзначае ён.
На думку Бабушкіна, медыяпісьменнасць — гэта вельмі добра, але валодаюць ёй далёка не ўсе грамадзяне, і каб навучыць іх гэтаму, патрэбны час, воля і рашучасць.
Найбольш правільным прадухіленнем гэтага ў цяперашнім становішчы, калі Расія толькі павялічвае жорсткасць ваенных злачынстваў, генацыду ўкраінскага народа і колькасць пагроз у бок краін Балтыі, будзе блакіроўка кітайскай сацыяльнай сеткі на тэрыторыі Латвіі.
Яшчэ адзін важкі аргумент Артураса — праблемы з бяспекай асабістых даных. Нагадаем, з гэтай прычыны ў некаторых краінах ЕС, у тым ліку Латвіі, сёлета забаранілі выкарыстанне TikTok дзяржслужачым на працоўных тэлефонах.
Паводле кіраўніка Групы кібербяспекі і палітыкі інфармацыйных тэхналогій Мінабароны Літвы Антанаса Алекнавічуса, даныя, сабраныя дадаткам TikTok, могуць быць выкарыстаны не толькі самім вытворцам праграмнага забеспячэння, але, і у адпаведнасці з нормамі, якія дзейнічаюць у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, трапіць у рукі разведвальных органаў.
Але ж ці будзе блакіроўка мець эфектыўнасць?
Прапанова Бабушкіна чакана выклікала шмат крытыкі і абраз з боку рускамоўнай часткі насельніцтва Латвіі.
Карэспандэнтка Rus.lsm.lv Яўгенія Капылова звярнулася да папулярнага на ўсёй постсавецкай прасторы рускамоўнага блогера з Рыгі Стаса Давыдава.
«У корані я разумею логіку. TikTok з'яўляецца месцам распаўсюджвання велізарнай колькасці дэзінфармацыі, наогул усякага смецця, шчыра кажучы. Але праблема не ў TikTokе як такім, а ў прынцыпе ў сацсетках і ў тым, як працуюць іх алгарытмы. Блакаванне наўрад ці кардынальна вырашыць праблему, бо тое ж самае ёсць на Фэйсбуку і ў Інстаграме — проста, можа быць, не ў такіх колькасцях», — упэўнены аўтар шоу «This is хорошо».
На думку эксперта кібербяспекі Гінта Малкалніетыса, нават калі гэтая ініцыятыва атрымае падтрымку латвійцаў, і затым яе зацвердзіць Сойм, рэалізацыя забароны можа быць тэхнічна няпростай, вельмі дарагой і неэфектыўнай. Апаратура, што выкарыстоўваецца для перадачы інтэрнэт-даных, не прадугледжана для адключэння нейкай адной паслугі. Тэхнічна гэта магчыма, але тыя ж VPN-сэрвісы ў момант абыдуць гэтыя забароны.
«Заблакаваць яго — гэта не доўгатэрміновае рашэнне», — лічыць Малкалніетыс.
Для таго, каб разгляд ініцыятывы быў перададзены ў Сойм, неабходна набраць 10 тысяч подпісаў. Станам на 14:30 23 ліпеня на платформе сабрана 2854 галасы.
Па звестках платформы медыя-аналітыкі Datareportal, на пачатак 2024 года ў TikTok было зарэгістравана 741 тысяча латвійскіх карыстальнікаў ва ўзросце ад 18 гадоў. Агульная колькасць насельніцтва з доступам да інтэрнэту тым часам складала 1,69 мільёна. Такім чынам, кітайскай сацыяльнай сеткай карыстаюцца каля 40% насельніцтва. TikTok з’яўляецца пятай па папулярнасці прыладай у латвійскім Google Play і App Store, а сярод сацсетак — першай