«Адзін пояс», які можа «перакрыць кісларод»: як Еўропа трапляе ў залежнасць ад Кітая

Ці сапраўды вучыцца ЕС на гісторыі з Расіяй? Альбо «just business» і гэтым разам важней за ўласную бяспеку?

cnflag.jpg


Вайна ва Украіне і меркаваныя акты сабатажу на ключавых аб'ектах інфраструктуры прымушаюць еўрапейскія краіны перагледзець свой падыход да таго, што менавіта з'яўляецца крытычна важным для функцыянавання эканомікі і грамадства, і хто павінен кантраляваць падобныя актывы. Пры гэтым лідары ЕС асцерагаюцца не толькі і не столькі Расіі, колькі Кітая, піша тэлеканал «Euronews».
«Самы вялікі страх заключаецца ў тым, што ў выпадку канфлікту Пекін можа вывесці з ладу ключавыя інфраструктурныя аб'екты або, прынамсі, можа пагражаць гэта зрабіць», — заявіў доктар Цім Руліг, навуковы супрацоўнік «Германскага савета па міжнародных адносінах».
Кітайскія кампаніі цалкам або часткова валодаюць найважнейшымі еўрапейскімі прадпрыемствамі, уключаючы парты, аэрапорты, электраэнергетычныя кампаніі, ветраныя і сонечныя электрастанцыі, а таксама гульцоў у сектары тэлекамунікацый. Бум экспансіі кітайскага бізнесу прыйшоўся на перыяд з 2012 па 2015 год, калі Еўропа была ахопленая цяжкім фінансавым крызісам. Жорсткія меры эканоміі, якія прымаліся ў многіх еўрапейскіх краінах, дапускалі продаж буйных аб'ектаў інфраструктуры.


Зараз кітайскія кампаніі валодаюць долямі ў грэчаскіх, італьянскіх, партугальскіх, іспанскіх, бельгійскіх, нідэрландскіх і нямецкіх партах, а таксама ўдзельнічаюць у капітале аэрапортаў — напрыклад, у французскай Тулузе. Тым не менш у мінулых рашэнняў з'явіліся новыя геапалітычныя наступствы.

«Аўтарытарны крэн»


«За апошнія 6-7 гадоў мы назіралі дзве рэчы: па-першае, Кітай стаў больш аўтарытарным, па-другое, нашы шляхі шмат у чым разыходзяцца. У прыватнасці, паміж нашымі эканамічнымі мадэлямі ўсё менш агульнага», — тлумачыць Агата Крац, дырэктарка незалежнага даследчага цэнтра «Rhodium Group».
Паводле слоў эксперткі, еўрапейцы пачалі ўсведамляць радыкальныя адрозненні ў светапоглядзе, эканоміцы і палітыкі Бруселя і Пекіна. Нават у мірныя часы кантроль над стратэгічнай інфраструктурай спалучаны з рызыкай шпіянажу. Кітай таксама можа выкарыстоўваць згаданыя камерцыйныя хабы для прасоўвання інтарэсаў сваіх кампаній, якія ўдзельнічаюць у тэндарах у Еўропе.
Агрэсіўны расійскі курс выклікае асцярогі на Захадзе: у выпадку перамогі Масквы ў вайне ва Украіне Кітай можа адчуць сябе смялей і вырашыць сілавымі метадамі так званае «тайваньскае пытанне». Пекін лічыць востраў часткай сваёй тэрыторыі і ў апошнія месяцы ўзмацніў рыторыку магчымага прымянення сілы. Калі гэта адбудзецца, у ЕС не застанецца іншага выбару, акрамя як увесці санкцыі, за гэтым рушыць услед зваротная рэакцыя. Еўрапейскія сталіцы спрабуюць зразумець, ці зможа Пекін аказваць на іх дадатковы ціск дзякуючы кантролю над аб'ектамі крытычна важнай інфраструктуры.  

«Велізарны патэнцыял сабатажу»


Фізічная інфраструктура — напрыклад, парты і аэрапорты, — «на самай справе больш пасіў для кітайцаў», сцвярджае Крац, бо гэта маёмасць можа быць канфіскаваная або замарожаная краінамі ЕС у выпадку крайняй геапалітычнай напружанасці. Сапраўдныя праблемы могуць быць звязаныя з лічбавымі тэхналогіямі і залежнасцю Еўропы ад кітайскіх інавацый.


«Мяне больш турбуюць іншыя фактары ўразлівасці: напрыклад, тэхналогіі 5G могуць выкарыстоўвацца ў мэтах шпіянажу або іх можна папросту адключыць», — адзначае Іен Бонд, дырэктар па знешняй палітыцы аналітычнага цэнтра «Цэнтр еўрапейскіх рэформ» (CER).
Зусім нядаўна адбыўся збой у працы нямецкай чыгуначнай сістэмы, які, падобна, быў выкліканы кібератакай. Незразумела, хто гэта зрабіў, але відавочна, што, калі менавіта кітайскія кампаніі ўсталёўваюць некаторыя з гэтых сістэм, то ва ўрада КНР больш магчымасцей ўсталяваць і схаваныя часткі праграм — «бэкдоры», лічыць Бонд.
Улічваючы, што кітайскія кампаніі ўдзельнічаюць у развіцці аднаўляльных крыніц энергіі ў Еўропе, маюць долі ў электрасеткавых кампаніях і тэлекамунікацыйных сістэмах, патэнцыял для сабатажу можа быць велізарным. Але нават калі Кітай страціць кантроль над еўрапейскімі гаванямі, ён усё роўна зможа выкарыстоўваць даныя з гэтых камерцыйных і транспартных вузлоў для нанясення шкоды.
Паводле слоў Ціма Руліга, «і марскі порт, і аэрапорт з'яўляюцца часткай лічбавай інфраструктуры. Таму якія б кантэйнеры ні праходзілі праз тэрміналы, яны пакідаюць мноства даных. Калі ў вас ёсць да іх доступ — вам вядома, што знаходзіцца ў кантэйнерах, хто іх адпраўнік, куды яны накіроўваюцца, якая лагістычная схема».
Калі ў Кітая ёсць разуменне таго, якія тавары з'яўляюцца крытычнымі для еўрапейцаў, якія «вузкія месцы» ў лагістычных ланцужках, то яны могуць прыцэльна падрыхтаваць санкцыі ў адказ. Калі ім вядома, што ў Еўропе ёсць пяць ці сем вытворцаў крытычнага тавару і ўсе яны разлічваюць на адзін і той жа ланцужок паставак, дастаткова перакрыць адну кропку, каб паставіць Еўропу ў вельмі складанае становішча, лічыць Руліг.
Вось чаму такі рэзананс выклікаў продаж долі ў партовым тэрмінале Гамбурга — трэцяга па загружанасці порта ў Еўропе — кітайскай дзяржаўнай суднаходнай кампаніі «COSCO».  
«Паасобку такія інвестыцыі могуць выглядаць як абмежаваная рызыка, бо што можна зрабіць з данымі аднаго марскога порта? Не так ужо шмат. Але калі вы даходзіце да кропкі, калі ў чыіхсьці руках аказваецца крытычны аб'ём даных і іх можна аб'яднаць, гэта можа прывесці да сур'ёзных наступстваў», — падсумаваў навуковы супрацоўнік «Германскага савета па міжнародных адносінах».

Адсутнасць узаемнасці


Што ж робіць Еўропа перад тварам гэтай пагрозы? У ЕС ужо існуе механізм праверкі замежных інвестыцый, які дазваляе краінам-сябрам дзяліцца ацэнкамі новых здзелак. Але ў рэшце рэшт дзяржава, якая прымае інвестыцыі, можа праігнараваць усе засцярогі суседзяў і даць «зялёнае святло» капіталаўкладанням, паколькі гэта звычайна адносіцца да нацыянальнай бяспекі, якая знаходзіцца ў падпарадкаванні незалежнага ўрада.
Так было і ў выпадку з Гамбургам: былы мэр горада і дзеючы канцлер ФРГ Олаф Шольц падтрымаў продаж менш за 25% порта (хоць Кітай прасіў прадаць яму долю ў 35), — нягледзячы на асцярогі іншых дзяржаў-членаў ЕС і ўласных спецслужбаў.
«Існуючыя працэдуры трэба зрабіць больш жорсткімі, каб любому кіраўніку было складаней дзейнічаць па такой логіцы: "Я ведаю, што мае партнёры не ўхваляюць здзелку і лічаць, што яна можа зрабіць нас больш уразлівымі, але мне ўсё роўна, я выбіраю грошы", — бо гэта сапраўды ўяўляецца мне вельмі рызыкоўным», – сцвярджае Іен Бонд.


Яшчэ адным аргументам на карысць узмацнення жорсткасці правілаў з'яўляецца той факт, што крытычная інфраструктура становіцца ўсё больш транснацыянальнай і ўзаемазвязанай.
Рэбалансіроўка адносін з Кітаем таксама была тэмай трохгадзіннай дыскусіі кіраўнікоў 27 дзяржаў на іх апошняй сустрэчы ў Брусэлі ў мінулым месяцы. Удзельнікі саміту спрабавалі вызначыць, ці з'яўляецца па-ранейшаму дакладнай цяперашняя стратэгія блока, які разглядае Пекін адначасова як партнёра па некаторых пытаннях — такіх, як барацьба са зменамі клімату, — а таксама як канкурэнта і сістэмнага суперніка.
Пры гэтым расце разуменне таго, што, як і ў выпадку з супрацьстаяннем з Расіяй, адзінства і салідарнасць будуць мець ключавое значэнне. Гэта збольшага тлумачыць крытыку з нагоды няўзгодненай з саюзнікамі паездкі Шольца ў Кітай, дзе яго суправаджала дзелавая дэлегацыя.
Тым не менш, спатрэбіцца яшчэ шмат дыскусій, каб правільна сфармуляваць, што з'яўляецца абсалютна недатыкальным, а што — прымальным з пункту гледжання допуску замежнага капіталу.
«Мы дазваляем Кітаю інвеставаць у еўрапейскую крытычную інфраструктуру, але Кітай ніколі не дазволіць еўрапейскай кампаніі зрабіць тое ж самае. У адсутнасць захавання прынцыпу ўзаемнасці мы падаем няправільны сігнал», — падкрэсліла Агата Крац.