«Аб’яднанасць паміж двума народамі большая, чым нейкія межы». Ва Украіне праходзіць фестываль дакументальнага кіно «1084. На мяжы»
Ва ўкраінскім Луцку, што ў самым сэрцы Валыні, беларусы ладзяць фестываль дакументальнага кіно, у рамках якога праходзяць дыскусіі і абмеркаванні беларуска-ўкраінскіх адносінаў.
У мінулую нядзелю ў цэнтры Валынскай вобласці Украіны горадзе Луцку пачаў працу «Форум беларускага культурнага супраціву». Найперш гэта луцкая частка беларуска-ўкраінскага фестывалю дакументальнага кіно «1084. На мяжы» і выстава палітычнага плакату Уладзіміра Цэслера. Але асноўная падзеяй першага дня былі панэльныя дыскусіі з удзелам беларускіх і ўкраінскіх экспертаў, палітыкаў, творцаў, грамадскіх дзеячаў, а таксама ваяроў палка імя Кастуся Каліноўскага.
Пляцоўкай для правядзення «Форуму беларускага культурнага супраціву» сталі муры старажытнага луцкага замка Любарта. Гэты ўнікальны музейны комплекс, пэўна, стаў найлепшым месцам для абмеркавання адносінаў украінцаў з беларусамі. І не толькі таму, што Луцк — цэнтр памежнай з Беларуссю Валынскай вобласці, але і таму, што калі ўважліва аглядаць экспанаты музеяў замка, то трывалыя гістарычныя повязі Луцка з Беларуссю наўпрост заўважныя, піша «Радыё Ўнэт».
Тым не менш цяпер адбываецца вялікая вайна, у якой афіцыйная цяперашняя ўлада Беларусі зрабіла нашу краіну суагрэсарам. І гэта накладвае пэўныя адбіткі на дачыненні паміж беларусамі і ўкраінцамі, якія якраз і патрабуюць камунікацыі і абмеркаванняў.
Да дыскусій на форуме далучаліся праз анлайн-сувязь сам аўтар выставы плакатаў Уладзімір Цэслер, прадстаўніца па пытаннях нацыянальнага адраджэння Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Аліна Коўшык, старшы палітычны дарадца Офіса Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі, кіраўнік «Беларускай рады культуры» Сяргей Будкін, беларускі публіцыст і аналітык, які ўжо доўгі час жыве ва Украіне, Ігар Тышкевіч, кіраўнік крымска-татарскага рэсурснага цэнтра Эскандэр Барыеў. А ў зале прысутнічалі беларускія ваяры з палка імя Кастуся Каліноўскага — камандзір Дзяніс «Кіт» Прохараў, яго намеснік Вадзім Кабанчук, палітычны прадстаўнік палка Зміцер Шчыгельскі, тэлевядоўца і актор Дзмітрый Танковіч, прадстаўнік «Украінскага цэнтра нацыянальнага супраціву», беларускія валанцёры, жыхары Луцка і наведнікі музейнага комплексу.
У прыватнасці, Аліна Коўшык адзначыла важнасць прац Уладзіміра Цэслера, якога яна назвала свайго кшталту «экспартным таварам вольнай Беларусі»: выставы мастака працавалі ўжо ва многіх краінах Еўропы і ў некалькіх гарадах Украіны. Што тычыцца той найскладанейшай сітуацыі, у якой цяпер знаходзяцца Беларусь і беларускі народ, то спадарыня Аліна нагадала, што звычайна самы цёмны час бывае перад світанкам, і таму яна выказала ўпэўненасць у нашай з украінцамі агульнай перамозе над расійскім імперыялізмам.
Сяргей Будкін расказаў пра тую культурніцкую катастрофу, у якую абрынуў Беларусь рэжым Лукашэнкі. Ён згадаў некалькі прыкладаў таго, як рэжым не толькі ў пераносным, але і ў наўпроставым сэнсе знішчае дзеячаў беларускай культуры. Ён назваў прозвішчы ўдзельнікаў гурта «Тor Band», якіх за песні змагання, папулярныя ў 2020-м, асудзілі да вельмі працяглых тэрмінаў зняволення, а таксама нагадаў пра забітага ў турме мастака Алеся Пушкіна.
На думку Ігара Тышкевіча, цяпер якраз выбудоўваецца двухпалярны свет, полюсамі якога робяцца з боку заходняй цывілізацыі Злучаныя Штаты Амерыкі, а з іншага, азіяцкага — Кітай. Расія ж у гэтым працэсе не ёсць суб’ектам, яна ўсяго толькі часовая прылада, закліканая выканаць брудную працу. Але ў выпадку паразы Украіны ў гэтай вайне Расія можа вярнуць сабе суб’ектнасць, лічыць Ігар Тышкевіч.
Падчас дыскусіі чырвонай ніткай праходзіла тэма магчымасці для беларусаў скінуць злачынны рэжым і ўстанавіць свабодныя еўрапейскія законы. Натуральна, што з боку ўкраінцаў часта гучалі заклікі цяпер жа паўстаць і гвалтам даць рады ўзяць уладу ў Беларусі ў свае рукі. А вось камандзір палка імя Кастуся Каліноўскага Дзяніс «Кіт» лічыць, што ціснуць на беларусаў няма сэнсу: мы — партызанская нацыя, якая мусіць даспець, і тады яе дасягненні шмат каго сапраўды уразяць:
«Насамрэч, трошкі балюча, як для беларуса. Таму хочацца сказаць украінскаму народу, ды і ўвогуле ўсім, хто сочыць за гэтымі навінамі: не трэба на беларусаў ціснуць. Беларусы не вінныя ў тым, што ўлада Лукашэнкі пускае ракеты і запускае войска Расіі праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Беларусь — акупаваная тэрыторыя. Беларускі народ павінен даспець, і мы павінны ўдарыць адным кулаком. Мы павінны быць адно за аднаго. Разумееце, вельмі цяжка штосьці зрабіць, калі за лайк у сацсетках вам даюць рэальныя тэрміны ад 3 да 8 гадоў турмы.
Таму, на маю думку, трэба аб’яднацца, падтрымліваць адно аднаго і ведаць усю сітуацыю знутры. А знутры сітуацыя такая, што ўлада Лукашэнкі за гэтыя гады выбудавала вельмі цяжкую складаную сетку сілавых структур, якая проста кантралюе ўсё навокал. Яна проста знішчае людзей. Трэба гэта разумець.
На жаль, дзесьці трэба народу Беларусі спачуваць, але ні ў якім разе, я лічу, што не трэба проста гнаць-гнаць, там “беларусы, чаго вы нічога не робіце”. Беларусы робяць! Я — беларус. Полк Кастуся Каліноўскага — гэта таксама беларусы. Мы даспелі, мы тут, мы цяпер, мы робім вельмі важную цяжкую працу, але мы яе робім. Таму — аб’ядноўваемся і ідзём да Перамогі!»
Дзмітрый Танковіч акцэнтаваў увагу на неабходнасці цяпер дбаць пра тых, хто знаходзіцца ў Беларусі. «Я, выступаючы зараз на гэтым форуме, знаходжуся ў больш бяспечным становішчы, чым чалавек у Беларусі, які проста праглядзіць яго ў інтэрнэце», — адзначыў Дзмітрый Танковіч.
«Радыё Ўнэт» спытала ў Танковіча пра тое, наколькі важным ён лічыць пашырэнне беларускай тэматыкі ў нумарах папулярнага ва Украіне забаўляльнага праекта «Дызель-шоу», які аднавіўся пасля невялікага перапынку на пачатку поўнамаштабнай вайны і напоўніўся ў тым ліку і беларускім акцэнтам. І, што тычыцца разумення беларускай праблематыкі ва ўкраінскім грамадстве, менавіта творчы калектыў «Дызель-шоу» можа быць прыкладам таго, як праз творчасць і гумар можна тлумачыць адрозненне паміж беларусамі і рэжымам Лукашэнкі.
«Нягледзячы на тое, што кіраўніцтва “Дызель-шоу” — гэта ўкраінцы, але мы на пачатку поўнамаштабнага ўварвання вельмі шмат гаварылі пра тое, пра што мы мусім казаць, пра што мы мусім размаўляць са сцэны ў нашым шоу. І менавіта дзякуючы таму, што ў гэтым шоу ёсць двое беларусаў, з’явіліся гэтыя нумары, якія мы пабачылі. І акрамя таго — усе цяпер кажуць пра нумары пра Лукашэнку, але былі і іншыя, на маю думку больш важныя нумары — гэта быў нумар пра мяжу беларуска-ўкраінскую, калі сустракаюцца два кумы — беларус і ўкраінец, і калі мы праз гэты нумар, праз гумар маглі патлумачыць, што ёсць вялікае адрозненне паміж беларусамі і рэжымам Лукашэнкі. Таму гэта наша такая маленькая зброя. Мы ёю змагаемся, як можам».
Мадэраваў імпрэзы форуму вядомы ўкраінскі журналіст і прамоўтар Леанід Весялкоў. У размове з «Радыё Ўнэт» на пытанне «Ці слушна ладзіць такія абмеркаванні ў цэнтры памежнай з Беларуссю Валыні?» спадар Леанід адказаў, што менавіта там гэта і трэба было рабіць.
«У нас была дакладная ўпэўненасць, што дзе, як не тут, рабіць падобныя сустрэчы. Будзем адкрытыя: гэта мог стаць або Роўна, або Луцк, або Ковель. То-бок, гарады, якія і геаграфічна, і ментальна набліжаныя і зацікаўленыя ў тым, каб у нас былі здаровыя, нармальныя суседзі. Наяўнасць такога суседа пад бокам, мне здаецца, вельмі дысцыплінуе людзей. І, мне здаецца, тут, на Валыні, не трэба лішніх слоў: людзі ўсё цудоўна разумеюць. Яны дагэтуль напружаныя, але… Магчыма для іх гэта расчараванне. У нас быў нумар, калі ўкраіна-беларуская мяжа, там беларускі вайсковец, тут — украінскі вайсковец, а па жыцці яны кумы, бо ў іх былі сем’і і яны пахрысцілі дзяцей. Насамрэч, вось гэтая аб’яднанасць паміж двума народамі большая, чым нейкія межы.
Нават прыклад байцоў Палка Кастуся Каліноўскага і не толькі гэтага палка, а мы ведаем, ёсць і ў рэшце дабрабатаў і рэшце падраздзяленняў цудоўныя беларусы — гэта людзі, якія ілюструюць нармальнасць сітуацыі. Так, мы добра разумеем, што ў беларускай арміі, на жаль, ёсць людзі, якія, можа, хочуць выслужыцца, пенсію, надбаўку — яны выконваюць гэтыя загады. Але ў большасці здаровы глузд перамагае. А ў нас вельмі шмат менавіта здарова думаючых людзей, як у Беларусі, так і ва Украіне».
У праграме луцкай часткі кінафестывалю «1084. На мяжы» адбыліся паказы фільмаў «Беларускі вальс» рэжысёра Андрэя Фідыка, «Новае неба над новай краінай» аўтарства Вольгі Прусак, «Бацькаўшчына» Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзяка. Выстава плакатаў Уладзіміра Цэслера працягнецца на тэрыторыі музейнага компекса Луцкага замка Лубарта да канца гэтага тыдня.