611-ты дзень вайны Расіі з Украінай: галоўнае на гэты час
Яшчэ адзін расійскі карабель падарваўся ў Севастопалі. ЗША не дазволяць Расіі перамагчы, гэта можа падштурхнуць Кітай да вайны з Тайванем.
У Севастопалі падарваўся супрацьмінны карабель «Уладзімір Казіцкі»
У Севастопалі падарваўся супрацьмінны карабель праекта 23040Г «Уладзімір Казіцкі». Па словах відавочцаў, карабель раптам падарваўся на знешнім рэйдзе Севастопальскай бухты, дзе перад гэтым павольна хадзіў апошнія некалькі дзён.
Паведамляюць, што з машыннага аддзялення паваліў дым. У выніку да яго падагналі буксір і адцягнулі ў бок Стралецкай бухты.
Варта адзначыць, што карабель 23040Г «Уладзімір Казіцкі» з'яўляецца найноўшай распрацоўкай Расійскай Федэрацыі. Яго задача — выведка з мэтай выяўлення марскіх мін. Лодкі гэтага тыпу пры поўным водазмяшчэнні 192,7 тоны дасягаюць 33 метраў у даўжыню і 6,8 метраў у шырыню. Яны абсталяваны двума магутнымі дызельнымі рухавікамі, якія дазваляюць развіваць хуткасць да 13 вузлоў.
Напад на Алега Царова ў Ялце
Прадстаўнік «адміністрацыі» акупаванай Запарожскай вобласці Уладзімір Рогаў паведаміў, што ў экс-дэпутата Вярхоўнай Рады Алега Царова стралялі, ён знаходзіцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане.
Сёння раніцай расійскія прапагандысты заявілі, што Царова знайшлі з колата-рэзанымі раненнямі. У ТГ-каналах, афіляваных з расійскімі захопнікамі, распаўсюджваюцца пасты пра нібыта напад з нажом.
Пазней Уладзімір Рогаў у сваім Telegram паведаміў пра агнястрэльныя раненні Царова. «Што тычыцца сітуацыі з Алегам Царовым. Стан Алега вельмі цяжкі. Зараз ён знаходзіцца ў рэанімацыі. Нажавых раненняў не было. Алег быў паранены», — напісаў ён.
Нядаўна на тэлеканале Царова з'явілася паведамленне з некаторымі падрабязнасцямі замаху са слоў яго сваякоў: «Каля паўночы на тэрыторыі санаторыя, дзе ён знаходзіцца, у яго двойчы стрэлілі. Інфармацыі аб злачынцы няма, працуюць праваахоўнікі. На момант прыезду хуткай дапамогі Алег быў без прытомнасці, з вялікай стратай крыві, пра стан яго здароўя на дадзены момант няма мнфармацыі».
Алег Цароў быў народным дэпутатам ад «Партыі рэгіёнаў», пасля Рэвалюцыі годнасці ў 2014 годзе спрабаваў балаціравацца на пасаду прэзідэнта Украіны, але зняў сваю кандыдатуру і адкрыта выступаў за «рэферэндумы» ў Данецкай і Луганскай абласцях. Пазней ён абвясціў сябе «спікерам парламента Наваросіі».
Навіны вайны
- РФ абстраляла Зяленаўку Херсонскай вобласці, адзін чалавек загінуў, паведаміў кіраўнік АВА Аляксандр Пракудзін. Акрамя таго, адзін чалавек пацярпеў у выніку абстрэлу цэнтра Херсона. За мінулыя суткі ад расійскіх абстрэлаў адзін чалавек загінуў, двое атрымалі раненні.
- Супрацьпаветраная абарона Украіны ўначы знішчыла пяць з шасці дронаў «Shahed», якімі РФ атакавала з раёна Прыморска-Ахтарск у кірунку паўднёвых рэгіёнаў Украіны. Дроны былі збіты ў межах Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей, паведаміла камандаванне паветраных сіл. Акрамя таго, ноччу РФ ужыло адну балістычную ракету «Іскандэр-М» з Варонежскай вобласці ў напрамку Харкаўшчыны.
- Ноччу расіяне нанеслі ракетны ўдар, папярэдне з ЗРК С-300, па Ізюме Харкаўскай вобласці. Пашкоджаны будынак пажарна-выратавальнага падраздзялення ДСНС, пацярпелі восем ратавальнікаў, якія былі на дзяжурстве, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў.
- Украінскі Генштаб агучыў прыкладныя страты РФ паводле стану на раніцу 27 кастрычніка: асабовага складу — каля 297 680 (+560 за мінулыя суткі) чалавек.
- На аўдзееўскім кірунку армія РФ не пакідае спроб акружыць Аўдзееўку, але ўкраінскія сілы трымаюць абарону і адбілі больш за 20 нападаў у раёнах Стэпавага, Аўдзееўкі, Тоненькага, Паўночнага Данецкай вобласці, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.
- Усяго на фронце за мінулыя суткі адбылося амаль 70 баявых сутыкненняў. На купянскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі атакі РФ у раёне Сінькоўкі і Іванаўкі Харкаўскай вобласці; на бахмуцкім — у раёнах Багданаўкі, Хромава, Кляшчэеўкі і Андрэеўкі Данецкай вобласці; на мар'інскім — у раёнах Мар'інкі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці. На ліманскім, шахцёрскім і запарожскім кірунках расійскае войска перагрупуецца.
- У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць наступ на мелітопальскім кірунку і штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці.
- Мінабароны РФ заявіла, што СПА нібыта перахапіла тры ўкраінскія беспілотнікі самалётнага тыпу над Курскай вобласцю ў раёне Курчатава, які знаходзіцца побач з Курскай АЭС. Паводле звестак Baza, усе тры беспілотнікі атакавалі Курскую АЭС. Выбуховыя прылады, якія неслі два з іх, па нейкіх прычынах не здэтанавалі. Трэці беспілотнік, сцвярджае выданне, выбухнуў каля склада з ядзернымі адходамі — у выніку выбуху быў пашкоджаны фасад будынка склада.
Замежныя навіны
- Орбан заявіў, што Украіна не зможа перамагчы на полі бою: «Пра гэта кажуць ужо ўсе вайсковыя эксперты, але толькі палітыкі ў Еўропе не адважваюцца прызнаць».
- Венгрыя і Славакія выступаюць супраць пакета дапамогі Украіне на 50 мільярдаў еўра, якія плануе выдаць ЕС. Пра гэта паведамляе «Politico» са спасылкай на еўрапейскага дыпламата. З ягоных слоў, Орбан заявіў, што падтрымка ЕС у адрас Украіны «не працуе», а Фіца спаслаўся на праблемы з карупцыяй ва Украіне.
- Парламент Латвіі прыняў у першым чытанні законапраект, які дазваляе перадаваць Украіне канфіскаваныя аўтамабілі на расійскіх нумарах. Калі дакумент пройдзе другое чытанне, ён уступіць у сілу 15 лістапада.
- Кітай не будзе ўдзельнічаць у сустрэчы дарадцаў у нацыянальнай бяспецы на Мальце, дзе больш за 55 краін будуць абмяркоўваць украінскую формулу міру, піша «Bloomberg». Выданне адзначае, што адсутнасць Пекіна стане расчараваннем для Зяленскага, паколькі Кітай з'яўляецца адной з нямногіх краін, якія аказваюць пэўны ўплыў на Пуціна.
- Спікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Майк Джонсан заявіў, што нельга дазволіць Пуціну перамагчы ва Украіне, але Белы дом павінен атрымаць ад украінцаў справаздачу і распавесці амерыканскім падаткаплацельшчыкам, як трацяцца сродкі на дапамогу Кіеву: «Мы не можам дазволіць Пуціну перамагчы ва Украіне, таму што я не веру, што на гэтым усё скончыцца. І гэта падштурхне Кітай зрабіць крок да Тайваня. На нас у Кангрэсе ляжыць адказнасць за кіраванне фінансамі амерыканскага народа. Мы павінны пераканацца, што Белы дом адказна выдаткоўвае гэтыя долары».
- Таксама Джонсан заявіў, што Палата прадстаўнікоў будзе разглядаць новую вайсковую дапамогу Украіне і Ізраілю асобнымі законапраектамі.
- Новаабраны спікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Майк Джонсан сустрэўся з Байдэнам. Яны абмеркавалі запыт на фінансаванне вайсковых патрэб Украіны, паведамляе «Bloomberg». Паводле звестак агенцтва, у Байдэна і Джонсана была кароткая размова, пакуль спікер знаходзіўся ў Белым доме.