421-ы дзень вайны: Неабвешчаны візіт кіраўніка NATO ў Кіеў

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг прыбыў у Кіеў. Журналісты заўважылі яго на Міхайлаўскай плошчы, дзе ён ушанаваў памяць загінулых украінскіх вайскоўцаў.

2821382.jpeg

Енс Столтэнберг прыбыў з неанансаваным візітам у сталіцу Украіны. Пра гэта паведаміла выданне «The Kyiv Independent» раніцай у чацвер, 20 красавіка. Генеральнага сакратара NATO заўважылі журналісты на Міхайлаўскай плошчы ў цэнтры Кіева. Столтэнберг ушанаваў памяць загінулых украінскіх вайскоўцаў.

Верагодна, генеральны сакратар Альянсу правядзе сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

На гэтым тыдні Енс Столтэнберг заклікаў павялічыць пастаўкі зброі Украіне, каб забяспечыць паскарэнне дэакупацыі тэрыторый, захопленых Расіяй.


Хроніка вайны

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінуў адзін чалавек (у Канстанцінаўцы), яшчэ два чалавекі атрымалі раненні.

straty_rf_20_04_2023.jpg

У Херсонскай вобласці шасцёра параненых, паводле АВА.

Украінскі Генштаб паведаміў, што за мінулыя суткі расіяне нанеслі па тэрыторыі Украіны тры ракетныя і 57 авіяцыйных удараў, у прыватнасці, ужылі 26 БПЛА тыпу «Shahed», 21 з якіх знішчаны.

Генштаб Украіны агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 20 красавіка: асабовага складу — каля 184 420 (+670 за апошнія суткі) чалавек.

Армія РФ асноўныя намаганні засяроджвае на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім кірунках. За мінулыя суткі на гэтых участках фронту падраздзяленні Сіл абароны Украіны адбілі больш за 55 нападаў арміі РФ.

Найбольш жорсткія баі ідуць за Бахмут і Мар'інку, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы.

Паводле інфармацыі Генштаба, у падраздзяленнях расійскага «дабравольніцкага» фарміравання «Неўскі», якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях у Данецкай вобласці, вельмі кепскі маральна-псіхалагічны стан. Прычына — вялікія страты, несвоечасовае забеспячэнне боепрыпасамі, нявызначанасць з тэрмінамі папаўнення асабовага складу. Павялічваецца колькасць жадаючых пакінуць свае падраздзяленні і выбыць з раёнаў вядзення баявых дзеянняў у РФ.

У РФ — новая партыя іранскіх дронаў

Расія выпусціла па Украіне іранскія дроны з новай партыі, распавяла спікер «Південь» Наталля Гумянюк. Паводле яе слоў, новую партыю вызначылі па адпаведнай маркіроўцы, якую мелі дроны, што атакавалі ўчора, 19 красавіка, Адэскую вобласць.

«Магчыма паўтарэнне такіх нападаў, паколькі яны, атрымаўшы партыю, пачынаюць выкарыстоўваць яе для падтрымання тэрарыстычнага стану і напружанасці сярод мясцовага насельніцтва», — дадала Гумянюк.

Расследаванне ваенных злачынстваў

Офіс генпракурора Украіны зафіксаваў каля 80 тысяч выпадкаў патэнцыйных вайсковых злачынстваў, учыненых расіянамі ва Украіне. Па стане на сённяшні дзень асуджаны 31 расійскі салдат, распавёў генпракурор Украіны Андрэй Косцін. Паводле яго слоў, былі ідэнтыфікаваны 310 падазраваных у ваенных злачынствах і завершаны справы супраць 152 патэнцыйных злачынцаў. Шэраг спраў вядецца завочна.

СБУ ідэнтыфікавала камбата Расгвардыі, які жорстка катаваў украінскіх патрыётаў, між іншым, аддаваў загад змяшчаць іх у «газавыя камеры». Зламыснікам з'яўляецца камандзір батальёна 96-га палка аператыўнага прызначэння 46-й асобнай брыгады войскаў Расгвардыі падпалкоўнік Аюба Эльдараў.

Ён сфарміраваў карныя атрады, якія шукалі па-праўкраінску настроеных мясцовых жыхароў. Акрамя іншых відаў катаванняў, у прыватнасці электратокам, задакументаваны факт прымянення задушлівых газаў у спецыяльна абсталяваных «камерах», дзе трымалі ўкраінскіх палонных.


Дапамога Захаду

Захад працягне аказваць вайсковую дапамогу Украіне, але пра новыя тыпы ўзбраенняў гаворка пакуль не ідзе, заявіў Шольц. «Цяпер Кіеву патрабуецца ў асноўным тое ж узбраенне, але ў большай колькасці», — дадаў ён. Па словах канцлера, трэба быць гатовым да таго, што патрэбы Кіева ў ваеннай дапамозе «могуць захоўвацца доўга».

Еўрапейскія жаўнеры ніколі не ступяць на тэрыторыю Украіны, заявіла кіраўніца камітэта Бундэстага ў абароне Мары-Агнес Штрак-Цымерман: «Ва Украіне не будзе наземных войскаў. Ні адзін нямецкі салдат або еўрапейскі салдат не ступіць на ўкраінскую зямлю. Кропка». Таксама яна сцвярджае, што знішчальнікі «Tornado» і «Eurofighter» не будуць пастаўлены Украіне, паколькі для іх выкарыстання неабходна доўгае навучанне пілотаў.

Данія разам з Нідэрландамі перадасць Украіне 14 танкаў «Leopard 2», паведамілі ў дацкім урадзе. Чакаецца, што танкі будуць дастаўлены ў пачатку 2024 года. Таксама Данія мае намер да канца 2023 года перадаць Украіне прынамсі 80 танкаў «Leopard 1», «якія дапамаглі б падтрымаць барацьбу за свабоду».

Чарговы пакет санкцый супраць Расіі не будзе ўключаць ніякіх новых абмежаванняў, а будзе накіраваны на недапушчэнне абыходу ўжо ўведзеных раней, піша «Financial Times» са спасылкай на крыніцы. Большасць чыноўнікаў прызнаюць, што незакранутыя санкцыямі сектары расійскай эканомікі не трапяць пад абмежаванні, паколькі ад іх залежаць адна або некалькі дзяржаў ЕС.

Так, Францыя, Венгрыя і шэраг іншых краін выступаюць супраць санкцый у дачыненні да «Расатама», якія падтрымлівае Германія. «Мы скончылі. Калі мы ўвядзём больш санкцый, будзе больш выключэнняў, чым мер», — сказаў суразмоўца выдання. Чарговы, ужо 11-ы, пакет еўрапейскіх санкцый супраць РФ будзе абмяркоўвацца ў пятніцу, 21 красавіка.

Імкненне Макрона заручыцца падтрымкай Кітая ва ўкраінскім пытанні выклікала крытыку саюзнікаў, якія лічаць яго намаганні заўчаснымі і асцерагаюцца падрыву еўрапейскага адзінства з-за дзеянняў прэзідэнта Францыі, піша «Bloomberg» са спасылкай на крыніцы. Таксама шэраг еўрапейскіх палітыкаў выказалі скептыцызм у дачыненні да таго, што Кітай можа служыць нейтральным пасрэднікам, улічваючы яго «бязмежнае сяброўства» з РФ.


Што са зброяй Паўднёвай Карэі?

Паўднёвая Карэя не пастаўляе зброю Украіне, каб захаваць стабільныя стасункі з Расіяй, заявіў на брыфінгу высокапастаўлены чыноўнік Адміністрацыі прэзідэнта краіны. «Мы не робім гэтага, бо адначасова з тым, што Паўднёвая Карэя актыўна падтрымлівае міжнародную супольнасць дзеля абароны свабоды грамадзян Украіны, мы павінны захоўваць стабільныя адносіны з Расіяй», — растлумачыў ён.

Па словах чыноўніка, заява прэзідэнта краіны пра магчымыя пастаўкі ўзбраенняў Кіеву была «гіпатэтычнай».

У МЗС РФ заявілі, што пастаўкі Сеулам зброі Кіеву негатыўна адаб'юцца на стасунках Расіі і Паўднёвай Карэі, яны будуць разглядацца як «варожы антырасійскі акт» і могуць паўплываць «на пазіцыю РФ у сітуацыі вакол Карэйскай паўвыспы».

З новых падручнікаў РФ прыбралі згадкі пра Кіеў

У Расіі з новых падручнікаў па гісторыі прыбралі згадку Кіева ў параграфах, прысвечаных Кіеўскай Русі, піша «Мед*азона». Акрамя таго, у новым падручніку памянялася дата, якая лічыцца момантам заснавання Кіеўскай Русі. Таксама рыхтуюцца метадычныя матэрыялы, у якіх «удакладняецца роля Кіева» ў гісторыі Расіі.