417-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны: галоўнае да гэтага часу
Абмен палоннымі, зруйнаваная ў велікодную ноч царква, два загінулыя падлеткі і жорсткія баі за Бахмут.
Вялікі Велікодны абмен палоннымі паміж Украінай і РФ
Украіна вярнула з расійскага палону яшчэ 130 абаронцаў, паведаміў Каардынацыйны штаб па абыходжанні з ваеннапалоннымі.
Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак напісаў у сваім тэлеграм-канале ў нядзелю пра вяртанне з расійскага палону 130 украінцаў: «Вялікі Велікодны абмен палоннымі. Вяртаем 130 нашых людзей. Ён праходзіў у апошнія дні ў некалькі этапаў. Вайскоўцы, памежнікі, нацгвардзейцы, маракі... Нашы людзі вяртаюцца дадому».
Сярод вернутых з палону — 92 вайскоўцы УСУ, 20 тэрабаронцаў, 11 нацгвардзейцаў, трое памежнікаў, па два прадстаўнікі ваенна-марскіх сіл і дзяржаўнай спецыяльнай службы транспарту. Усе яны — шараговыя і сяржанты. Большасць з іх абаранялі Украіну на Бахмуцкім і Саледарскім кірунках апрамках, а таксама ў Запарожскай, Херсонскай, Луганскай абласцях.
Са 130 вызваленых 48 лічыліся зніклымі без вестак. Частка з выратаваных маюць раненні, кантузіі, некаторыя страцілі канечнасці. Усяго за мінулы тыдзень удалося вызваліць з расійскага палону 230 украінскіх абаронцаў.
Пакуль невядома, колькі расійскіх ваеннапалонных Украіна вярнула ў рамках абмену.
Начныя абстрэлы Украіны — без ахвяр зноў не абышлося
- За мінулыя суткі расіяне 70 разоў абстралялі населеныя пункты Херсонскай вобласці з цяжкай артылерыі, беспілотнікаў і авіяцыі. У прыватнасці, жылыя кварталы Херсона армія РФ атакавала пяць разоў. Два чалавекі загінулі, яшчэ двое атрымалі раненні.
- Расійская армія ўвечары нанесла авіяўдары па памежнай тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці, у тым ліку па прадпрыемстве ў горадзе Сямёнаўка. Папярэдне пацярпелых няма, ратавальнікі ліквідуюць пажар, паведаміла АК “Північ”.
- Акрамя таго, РФ нанесла авіяўдар, верагодна, кіраванай бомбай, па камунальнай установе ў Сумскай вобласці. Паводле папярэдняй інфармацыі, паранены адзін чалавек.
- Ноччу расіяне нанеслі ракетныя ўдары па Снігіроўскай суполцы Мікалаеўскай вобласці, верагодна, з ЗРК С-300. У адным з населеных пунктаў абшчыны ў выніку абстрэлу загінулі два падлеткі 2005 года нараджэння. Пашкоджаныя жылыя дамы, навучальная ўстанова і прыватнае прадпрыемства, паведаміла АВА.
- У самім горадзе Снігіроўка ў выніку абстрэлу пашкоджаныя дзве навучальныя ўстановы, бальніца, дом культуры і жылыя дамы. Паводле папярэдняй інфармацыі, людзі не пацярпелі.
- У «ДНР» абвінавацілі Украіну ў нібыта абстрэле цэнтра Данецка: ракеты ўпалі паблізу Спаса-Праабражэнскага сабора, дзе ішло велікоднае набажэнства, шэсць чалавек пацярпелі.
Расійская армія на Вялікдзень ракетным ударам разбурыла царкву пад Запарожжам
Расіяне абстралялі Камышаваху ў прыгарадзе Запарожжа, пацярпела мясцовая царква, службу ў ёй не праводзілі.
РФ зруйнавала храм Архістратыга Божага Міхаіла. «У ноч на 16 красавіка — вялікае Уваскрасенне Хрыста — расійскае войска нанесла ракетны ўдар па Запарожскім раёне. На гэтых кадрах — разбураная варожай ракетай царква ў населеным пункце прыгарада Запарожжа», — гаворыцца ў паведамленні.
Ракета ўпала блізка да будынка царквы і фактычна цалкам яго разбурыла. «Выбуховай хваляй пашкоджаны будынкі і жылыя дамы вакол. Два жыхары пацярпелі: мужчыну на месцы аказалі дапамогу, а жанчына шпіталізаваная ў бальніцу», — распавёў кіраўнік Запарожскай вобласці.
«У той час ніякіх людзей у памяшканні не было. Сам будынак пацярпеў, вялікія разбурэнні», — піша выданне hromadske.radio.
Паводле звестак кіраўніка Запарожскай вобласці Юрыя Малашкі, РФ за суткі нанесла 101 удар па вёсках і гарадах Запарожскай вобласці. «Разбурэнні атрымалі цывільныяя аб'екты ў Сцепнагорску, Арэхаве, Гуляйполі, Жалезнадарожным і яшчэ ў 15 населеных пунктах», — распавёў ён.
Колькасць ахвяр удару па Славянску зноў вырасла
У Славянску Данецкай вобласці дагэтуль працягваюцца аварыйна-выратавальныя працы на месцы разбуранага ў выніку абстрэлу 14 красавіка пяціпавярховага дома. Паводле інфармацыі ўкраінскай Нацпаліцыі, пад завалам могуць знаходзіцца яшчэ тры чалавекі. Нядаўна (раніцай 16 красавіка) з-пад завалаў дасталі цела мужчыны.
Два чалавекі выратаваныя, целы семярых паднятыя з-пад завалаў разбуранага пяціпавярховіка.
Усяго ў выніку ракетнага ўдару, ад якога пацярпелі некалькі дамоў, 12 чалавек загінулі, 22 атрымалі раненні.
На месцы ракетнага ўдару працягваюцца выратавальна-пашуковыя работы. Да ліквідацыі наступстваў абстрэлаў прыцягнулі 41 выратавальніка, 6 камунальнікаў, а таксама 17 адзінак тэхнікі.
- Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 16 красавіка: асабовага складу — каля 182 070 (+520) чалавек.
Армія РФ працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут і Мар'інка. На працягу сутак на гэтых участках фронту сілы абароны Украіны адбілі больш за 60 нападаў арміі РФ, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.
Генштаб адзначае, што Расія штодня нясе страты, і гэта дае пра сябе ведаць. Так, міністрам абароны РФ прынята рашэнне пра перанос пачатку навучальнага працэсу для афіцэрскага складу ў некаторых вышэйшых ваенных навучальных установах з 1 верасня на 1 снежня. Таксама адзначаецца памяншэнне колькасці асабістага складу ў падраздзяленнях, якія прайшлі навучанне на палігонах. Гэта, верагодна, звязана з пастаяннай адпраўкай у раёны вядзення баявых дзеянняў невялікіх груповак для папаўнення страт баявых падраздзяленняў.
Нядаўна ў інфармацыйнай прасторы з'явіўся адкрыты ліст ад ПВК Вагнер з «запрашэннем» у свае шэрагі добраахвотнікаў. Вядома, што падраздзяленні гэтай арганізацыі панеслі вялікія страты падчас наступу на Бахмут.
Учора ўкраінскія СМІ паведамілі, што ў Бахмуце ідуць беспрэцэдэнтныя за апошнія дзесяцігоддзі баі. Пра гэта заявіў спікер Усходняй групоўкі войскаў УСУ Сяргей Чараваты: «Сёння непасрэдна ў гарадской забудове адбываюцца беспрэцэдэнтныя за апошнія дзесяцігоддзі крывавыя баі. Вораг паставіў мэту ўзяць гэты непрыступны горад-крэпасць. Нашы воіны ў жорсткіх баях робяць усё, каб падточваць баяздольнасць ворага, выбіваць яго сілу і маральны дух».
- Улады РФ не сталі прымаць захады, каб перакрыць ЗША доступ да расійскіх службаў бяспекі і выведкі пасля ўцечкі сакрэтных дакументаў Пентагона
Пра гэта піша The New York Times са спасылкай на дваіх высокапастаўленых амерыканскіх чыноўнікаў. З іх слоў, гэта было адно з пытанняў, якое турбавала Захад: яны думалі, што расіяне паспрабуюць знайсці крыніцы ЗША і паспрабуюць перакрыць іх. Аднак праз тыдзень пасля апублікавання даных «асцярогі не апраўдаліся».
Таксама няма ніякіх прыкмет таго, што расійскае камандаванне змяніла свае аперацыі на месцах ва Украіне пасля ўцечкі дакументаў. Нібыта з амерыканскіх дакументаў вынікала, што амерыканскія спецслужбы праніклі ўнутр расійскага войска настолькі, што ў рэжыме рэальнага часу папярэджваюць Украіну пра авіяўдары і нават пра іх канкрэтныя мэты. Дакументы паказалі, «наколькі моцна ваенныя намаганні Украіны залежаць ад ЗША», адзначае выданне.
- У Вільні 15 красавіка адбылася сустрэча дзяржаў-чальцоў супольнай следчай групы для расследавання злачынстваў РФ ва Украіне, паведаміў Уладзімір Зяленскі.
Адным з вынікаў сустрэчы стала пагадненне аб сумесным расследаванні не толькі расійскіх ваенных злачынстваў, але і злачынствы генацыду. «Мы забяспечым на ўсіх узроўнях, у тым ліку і на юрыдычным, поўную адказнасць Расіі за зробленае супраць Украіны і ўкраінцаў», — падкрэсліў украінскі прэзідэнт.