338-мы дзень вайны. Беларусі — новыя санкцыі, Украіне — новая дапамога
У ЕС падрыхтавалі новы пакет санкцый супраць Беларусі з-за яе ролі ў поўнамаштабным уварванні РФ ва Украіну. Санкцыі шмат у чым нагадваюць тыя, што былі ўжо ўведзены супраць Расіі. Яны тычацца экспарту ключавых тэхналогій і энергетычнага сектара.
У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі праз расійскія абстрэлы два чалавекі загінулі, сямёра атрымалі раненні, паведаміла АВА.
У Харкаўскай вобласці за мінулыя суткі ад расійскіх абстрэлаў загінулі два чалавекі ў Двурэчнай Купянскага раёна, яшчэ два чалавекі ў вобласці атрымалі раненні. Акрамя таго, у Ізюмскім раёне ў полі падарваліся на выбуховым прыстасаванні два чалавекі, стан аднаго з параненых цяжкі, другога — сярэдняй цяжкасці, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінегубаў.
У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі шэсць мірных жыхароў — па двое ў Ачарэціне і Богаяўленцы, па адным у Аўдзееўцы і Параскавееўцы. Яшчэ дзевяць чалавек у вобласці атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.
Украінскі Генштабагучыў прыкладныя страты ворага на раніцу 27 студзеня: асабовага складу — каля 124 710 (+850 за суткі) чалавек.
Падраздзяленні сіл абароны Украіны за мінулыя суткі адбілі атакі расійскай арміі ў раёнах населеных пунктаў Плошчанка, Неўскае і Чырвонапапоўка Луганскай вобласці і Верхнякаменскае, Параскавееўка, Бахмут, Кляшчыеўка, Вадзяное, Невельское, Мар'інка і Вугледар на Данеччыне, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы.
На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім кірунках абстаноўка застаецца стабільнай, наступальных груповак праціўніка не выяўлена.
Аднак працягваюцца супольныя вучэнні, пад выглядам якіх РФ нарошчвае авіяцыйную групоўку на тэрыторыі Беларусі.
Брытанская разведка лічыць, што расійскія ваенныя крыніцы могуць наўмысна распаўсюджваць дэзінфармацыю, каб стварыць уражанне працягу наступу РФ. Так, апошнія шэсць дзён расійскія інтэрнэт-каментатары сцвярджалі, што войскі РФ значна прасунуліся наперад, прарваўшы абарону Украіны на двух кірунках: у Запарожскай вобласці каля Арэхава і на 100 кіламетраў на ўсход, у Данецкай вобласці — каля Вугледара.
Пры гэтым аналітыкі адзначаюць, што расійскія падраздзяленні, верагодна, сапраўды праводзілі лакальныя пробныя атакі ў раёне Арэхава і Вугледара, але малаверагодна, што яны дамагліся якіх-небудзь істотных поспехаў.
Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што канфлікт паміж Прыгожыным і Гіркіным — гэта новая сфера канкурэнцыі за палітычны ўплыў у Расіі, якая можа пайсці на карысць Пуціну. На думку аналітыкаў, Прыгожын і Гіркін (абодва — крытыкі «СВА»), верагодна, спаборнічаюць за ўплыў і заступніцтва сярод праваенных палітыкаў, расчараваных ходам вайны.
Прыгожын вельмі заўважны ў расійскай інфармацыйнай прасторы, і многія ваенныя блогеры ў адказ на гэтую сварку абвінавацілі Гіркіна ў адсутнасці баявога вопыту і баязлівасці. Так што Прыгожын мог падарваць аўтарытэт Гіркіна, каб атрымаць уплыў у нацыяналістычнай прасторы, адначасова дыскрэдытуючы аднаго з самых вядомых крытыкаў Пуціна.
У ISW мяркуюць, што Прыгожын, верагодна, спрабуе максімізаваць свой уплыў, каб пазбегнуць лёсу Гіркіна, якога Крэмль зрушыў з «пасад» пасля таго, як яго баевікі адступілі са Славянска, а таксама пасля збіцця самалёта MH17 ў ліпені 2014 года.
Белы дом абмяркуе магчымасць пастаўкі Украіне знішчальнікаў F-16 і нічога не выключае, заявіў дарадца Байдэна па бяспецы Джон Файнер. Паводле яго слоў, у Вашынгтоне не выключаюць пастаўку «любых канкрэтных сістэм узбраенняў Украіне», і ваенная дапамога УСУ аказваецца «ў адпаведнасці з іх патрэбамі і фазамі барацьбы ўкраінцаў».
Польшча гатова перадаць Украіне, акрамя 14 танкаў «Leopard», 60 танкаў «Twardy — PT-91». Пра гэта паведаміў прэм'ер Матэвуш Маравецкі. Паводле яго слоў, Польшча цяпер робіць чарговыя крокі, каб іншыя краіны далучыліся да Міжнароднай Кааліцыі па перадачы Украіне танкаў «Leopard 2».
ЕС адкрывае новы энергетычны хаб у Польшчы, які стане лагістычным цэнтрам пастаўкі экстраннай энергетычнай дапамогі Украіне. Пра гэта паведаміла прадстаўніцтва ЕС ва Украіне. Хаб дазволіць міжнародным партнёрам і прыватнаму сектару накіроўваць свае ахвяраванні, а Еўрасаюз забяспечыць поўнае фінансаванне транспартных паслуг для дастаўкі дапамогі з хаба ва Украіну.
Таксама ЕС выдзеліў Польшчы 114 млн еўра на набыццё генератараў для забеспячэння энергетычнага рэзерву і энергаабсталявання.
Паводле даных ГУР Мінабароны, у Расіі засталося 19% ракет ад той колькасці, якая была на дзень уварвання.
Трамп заявіў, што дамовіўся б аб спыненні вайны ва Украіне цягам 24 гадзін, калі б быў прэзідэнтам ЗША.
Японія ўводзіць новыя санкцыі супраць расійскіх кампаній і прыватных асоб, а таксама гандлёвыя абмежаванні, паведаміла Мінэканомікі краіны. У прыватнасці, уводзіцца забарона на экспарт у Расію вакцын і медабсталявання. Таксама забараняецца экспарт ядзерных матэрыялаў і прылад, абсталявання для апрацоўкі радыеактыўных матэрыялаў, для разведкі нафты і газу, буравых установак, дубінак і слёзатачывага газу, выбуховых рэчываў, абсталявання для рэнтген-надгляду, робатаў.
У спісе кампаній, якія трапілі пад экспартныя абмежаванні ў Японіі, 49 — з Расіі. Санкцыі ўводзяцца ў дачыненні да трох арганізацый і 22 фізічных асоб.
Міжнародны трыбунал па ваенных злачынствах Расіі ва Украіне ці яго аналаг можа пачаць сваю працу ўжо летам 2023 года, лічыць намесніца дзяржсакратара ЗША па палітычных справах Вікторыя Нуланд. Паводле яе слоў, ЗША працуюць над гэтым пытаннем сумесна з краінамі G7 і Украінай — разглядаюцца розныя мадэлі механізму.
«Я хацела б, каб мы прыйшлі да гадавіны ўварвання — прыкладна ў лютым, але гэта можа заняць яшчэ некалькі месяцаў. Але да лета я б хацела, каб гэты механізм з'явіўся», — сказала яна.
Спробы крамлёўскай прапаганды прасоўваць альтэрнатыўную рэальнасць у дачыненні да развязанай Расіяй вайны супраць Украіны не будуць мець поспеху, гаворыцца ў заяве ЕС, апублікаванай падчас пасяджэння Пастаяннай Рады АБСЕ ў Вене.
«Крамлёўская прапагандысцкая і дэзынфармацыйная кампанія не будзе мець поспеху ў распаўсюджанні ілюзорнай альтэрнатыўнай рэальнасці. Паўтараем: гэта Расія незаконна і беспадстаўна напала на Украіну. Менавіта Украіна абараняецца ў агрэсіўнай вайне РФ, у поўнай адпаведнасці з артыкулам 51 Статута ААН, насуперак хлуслівым заявам Расіі. Менавіта Украіна, а не Расія, прадэманстравала сапраўдную зацікаўленасць у дасягненні пагаднення аб справядлівым і ўстойлівым міры, які цалкам адпавядаў бы міжнароднаму праву і прынцыпам і абавязацельствам АБСЕ, уключаючы замацаваныя ў Хельсінкскім заключным акце», — гаворыцца ў заяве.
У заяве падкрэсліваецца, што ЕС будзе працягваць аказваць Украіне ўсю неабходную палітычную, ваенную, фінансавую і гуманітарную падтрымку і будзе рабіць гэта «столькі, колькі спатрэбіцца».
У ЕС падрыхтавалі новы пакет санкцый супраць Беларусі з-за яе ролі ў поўнамаштабным уварванні РФ ва Украіну, піша «Bloomberg». Прапанаваныя санкцыі шмат у чым дублююць абмежаванні, якія Еўрасаюз ужо ўвёў супраць РФ, у прыватнасці, у дачыненні да экспарту ключавых тэхналогій і энергетычнага сектара.
Паводле korrespondent.net, www.unian.net, www.ukrinform.ua, Украінская служба РБК