266-ты дзень вайны. Масіраваная ракетная атака — адказ на прапановы мірных перамоў

Ваенныя эксперты аналізуюць учарашні масіраваны ракетны ўдар па Украіне з боку Расіі. Тым часам абстрэлы і баявыя дзеянні ва Украіне не спыняюцца. Ноч таксама была не вельмі спакойнай.

a355d41e26260c73710ae5170ec98f1f.jpeg


Расійскія акупанты ў ноч на 16 лістапада атакавалі з «Градаў» і цяжкай артылерыі Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласці, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка.

«Расійцы нанеслі ўдары па трох абшчынах — Марганецкай, Нікапальскай і Краснагрыгор'еўскай. Абышлося без загінулых і параненых», — адзначыў ён.

У Нікапалі варожыя снарады трапілі ў дзесяць прыватных дамоў, знішчылі гаспадарчыя пабудовы, аўтамабілі, газаправод і лініі электраперадач.

Украінскія войскі 15 лістапада паспяхова адбілі ўсе атакі ворага ў Данецкай вобласці, паведамляе Генеральны штаб УСУ.

Таксама ў зводцы адзначаецца, што ў сувязі са значнымі стратамі падчас вядзення баявых дзеянняў на часова акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей у падраздзяленнях акупацыйных войскаў пачасціліся выпадкі дэзерцірства і значна пагоршыўся маральна-псіхалагічны стан. У прыватнасці, пасля баёў у раёне населенага пункта Маёрск страціў баяздольнасць 1-ы горлаўскі тэрытарыяльны батальён. Страты былі настолькі вялікія, што камандаванне праціўніка расфарміравала згаданае падраздзяленне. Рэшткі асабовага складу размеркаваны па іншых воінскіх частках.

Авіяцыя Сіл абароны Украіны за мінулыя суткі нанесла па ворагу 14 удараў. Пад паражэнне падпалі 11 раёнаў засяроджвання асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі, а таксама 3 пазіцыі зенітна-ракетных комплексаў. Воіны ўкраінскіх ракетных войскаў і артылерыі за мінулыя суткі паразілі 3 раёны засяроджвання жывой сілы, узбраення і ваеннай тэхнікі, станцыю радыёэлектроннай барацьбы і боепрыпасаў акупантаў.

Адзначаецца, што ў Чорным моры цяпер знаходзяцца 4 расійскіх судны-носьбіты «Калібраў». Акупанты могуць атакаваць Украіну 20 крылатымі ракетамі.

Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) на аснове сабраных даных выказваюць меркаванне, што расійцы будуць вымушаны запаволіць тэмпы абстрэлаў крытычна важнай украінскай інфраструктуры. Учора расійскія вайскоўцы, верагодна, выкарысталі значную частку наяўных у іх сістэм высокадакладнай зброі.

Аналітыкі таксама адзначаюць: павелічэнне адсотка збітых Украінай ракет сведчыць аб паляпшэнні ўкраінскай супрацьпаветранай абароны на працягу апошняга месяца, і ўкраінскі Генеральны штаб звязвае гэта з большай эфектыўнасцю сістэм супрацьпаветранай абароны, прадастаўленых Захадам.

Яны таксама мяркуюць, што Крэмль падрыхтаваў масіраваную ракетную кампанію да таго, як прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прадставіў сваю мірную прапанову з 10 пунктаў на саміце G20 15 лістапада. Зяленскі паўтарыў, што Украіна будзе весці перамовы з Расіяй, калі Крэмль цалкам выведзе свае войскі з Украіны, адновіць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і забяспечыць пакаранне за ваенныя злачынствы сярод іншых палажэнняў аб ядзернай, энергетычнай і харчовай бяспецы.

На думку ISW, Крэмль, верагодна, наўмысна спланаваў масіраваны ракетны ўдар па Украіне напярэдадні выступу Зяленскага на саміце «Вялікай дваццаткі», улічваючы, што ракетная кампанія ў некалькіх кірунках патрабуе значнай ваеннай падрыхтоўкі.

«Афіцыйны наратыў Крамля вакол саміту G20 яшчэ больш пацвярджае незацікаўленасць Расіі ў перспектыве мірных перамоў з Украінай», — гаворыцца ў аглядзе.

Паводле ВВС; РБК-Украіна; «Карэспандэнт»