1039-ты дзень вайны. У 2024 годзе Расія страціла на фронце больш за 420 тысяч чалавек
Сабралі апошнія звесткі з франтоў расійска-украінскай вайны, развязанай Крамлём пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.
Для ўкраінскіх абаронцаў 2024 год аказаўся вельмі складаным, але Cілы абароны працягваюць знішчаць акупантаў. З пачатку года агульныя страты задзейнічаных у наступе расійцаў ужо перавысілі 421 тысячу чалавек забітымі і параненымі. Пра гэта распавёў галоўнакамандуючы Узброеных cіл Украіны Аляксандр Сырскі.
«Гэты год быў складаным выпрабаваннем нашай трываласці. Але, нягледзячы на ўсё, мы выстаялі і працягваем барацьбу — стрымліваем колькасна праўзыходзячага ворага, захоўваем кантроль над стратэгічна важнымі ўчасткамі, утрымліваем кантроль над заходняй часткай Чорнага мора, скарачаем ваенны і прамысловы патэнцыял ворага», — напісаў ён.
Сырскі падкрэсліў, што ў 2024 годзе расійцы заплацілі самую высокую цану з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Паводле яго слоў, агульныя страты РФ з лютага 2022 года складаюць прыкладна 785 тысяч вайскоўцаў.
Таксама галоўнакамандуючы УСУ нагадаў, што ў 2024 годзе былі створаныя Сілы беспілотных сістэм. Ён адзначыў, што гэтыя сілы паступова развіваюцца і становяцца маштабней. «Нарошчваем гэтую надзвычай важную кампаненту, неабходную ва ўмовах сучаснай тэхналагічнай вайны", — дадаў Сырскі.
Акрамя таго, галоўнакамандуючы УСУ заявіў, што ў параўнанні з 2023 годам аб'ёмы паставак БПЛА ва ўкраінскія падраздзяленні павялічыліся ў 19 разоў. Акрамя гэтага ў 3,7 разы павялічылася колькасць паражаных і знішчаных цэляў акупантаў.
Сырскі таксама нагадаў, што ў 2024 годзе былі павялічаныя тэрміны базавай падрыхтоўкі мабілізаваных. Ён падкрэсліў, што якасная падрыхтоўка з'яўляецца ўмовай захавання жыццяў воінаў.
Паводле слоў галоўнакамандуючага, на нарадзе па выніках дзейнасці Узброеных сіл Украіны за 2024 год былі абмеркаваныя існуючыя праблемы і намечаны шляхі іх вырашэння. Ён адзначыў, што былі вызначаныя прыярытэты на наступны год і пастаўлены канкрэтныя задачы камандаваннем і кіраваннем.
Па стане на раніцу суботы, 28 снежня, увесь Пакроўск Данецкай вобласці аварыйна абясточаны. Як паведамляе Пакроўская гарадская ваенная адміністрацыя, на дадзены момант энергетыкі высвятляюць прычыну знікнення электрычнасці ў горадзе. Іншых дэталяў не называюць. Час аднаўлення электразабеспячэння невядомы.
Новая ўкраінская механізаваная брыгада і яе танкі Leopard 2 могуць узмацніць абарону Пакроўскаі, піша Forbes.
Каляды ў Пакроўску прайшлі ў трывожнай цішыні. Гэты горад, важны транспартны вузел Данецкай вобласці на ўсходзе Украіны, да лютага 2022 года, калі Расія пачала вайну супраць Украіны, меў насельніцтва каля 60 000 чалавек. Цяпер у горадзе засталося вельмі мала цывільных — у асноўным тут знаходзяцца вайскоўцы ўкраінскай арміі.
«У горадзе пануе непрыемная цішыня... Зацішша перад бурай», — падзяліўся баец-добраахвотнік Дзяніс Хрыстаў.
Гэтая бура мае назву: 90-я гвардзейская танкавая дывізія расійскай арміі. Гэта адзін з ключавых элементаў магутных расійскіх сухапутных сіл, якія ўключаюць дзясяткі брыгад і палкоў у складзе двух палявых армій, агульнай колькасцю да 70 000 вайскоўцаў. Гэтыя сілы прасоўваюцца ў напрамку Пакроўска, імкнучыся захапіць горад у пачатку чацвёртага года вайны.
Украінскі гарнізон у Пакроўску і яго ваколіцах значна меншы па колькасці: прыкладна да 10 брыгад, кожная з якіх налічвае не больш за 2000 салдат. Аднак украінцы атрымліваюць важную падтрымку. Адна з найноўшых брыгад ВСУ — 155-я механізаваная брыгада — разгортваецца паблізу горада. У яе складзе — нямецкія танкі Leopard 2 і французскія гаўбіцы Caesar, якія брыгада атрымала пасля вучэнняў у Францыі і Польшчы.
Расійскія сілы працягваюць прасоўвацца да Пакроўска. Бліжэйшыя падраздзяленні знаходзяцца ўсяго ў 6,4 км ад горада. Уздоўж 1287-кіламетровай лініі фронту расійскія войскі ажыццяўляюць наступальныя дзеянні як на захадзе Расіі, так і на поўначы, усходзе і поўдні Украіны. У Курскай вобласці расійскія атакі маюць асобную мэту, аднак іх вынікі могуць паўплываць на будучую бітву за Пакроўск.
Паводле звестак украінскага Цэнтра абаронных стратэгій, расійскія падраздзяленні на поўдзень ад Пакроўска прасоўваюцца з мэтай стварэння абарончай лініі. Яна можа ўтрымліваць украінскія сілы ад умацавання абароны Пакроўска або прарыву блакады горада.
Украінскія войскі, верагодна, паспрабуюць супрацьстаяць гэтаму, перакінуўшы некалькі брыгад і батальёнаў. Пасля гэтага магчымага манеўру можа адбыцца яшчэ адзін важны этап — кароткі расійскі наступ на поўнач ад Пакроўска, накіраваны на частковае акружэнне горада, перад тым як пачнуцца асноўныя баі за транспартны вузел.
Да гэтага моманту 155-я механізаваная брыгада павінна быць цалкам разгорнута ў Пакроўску, маючы ў сваім распараджэнні нямецкія танкі, французскія гаўбіцы і 2000 новых салдат. Пытанне, ці хопіць гэтых сіл для ўтрымання горада, з'яўляецца адным з ключавых у гэтай фазе вайны, якая ўжо забрала жыцці і пакалечыла больш за мільён чалавек, большасць з якіх — расійцы.
26 снежня Паветраныя сілы УСУ разам з іншымі складнікамі Сіл абароны нанеслі ўдар па абароненаму аб'екту Узброеных сіл РФ у Арлоўскай вобласці. Пра гэта паведамляе Генеральны штаб УСУ.
«У выніку агнявога паражэння знішчаны склад захоўвання, абслугоўвання і рамонту дронаў-камікадзэ Shahed, які складаўся з шэрагу бетонных абароненых збудаванняў», — паведамілі ў ГШ.
Акрамя таго, адзначаецца, што гэтая баявая аперацыя істотна знізіла патэнцыял ворага па правядзенні паветраных налётаў ўдарных БпЛА па грамадзянскай інфраструктуры Украіны.
У Генштабе адзначылі, што УСУ валодаюць падрабязнай інфармацыяй аб аб'ектах Узброеных сіл РФ, таму праца па выяўленні і паражэнні цэляў на тэрыторыі РФ будзе працягвацца і ў далейшым.
Расія маштабавала вытворчасць «Шахедаў» напярэдадні зімовай кампаніі супраць Украіны, нягледзячы на санкцыі і тэхнічныя абмежаванні, гаворыцца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Аналітыкі са спасылкай на ўкраінскую выведку адзначаюць, што расійскі завод у спецыяльнай эканамічнай зоне «Алабуга» (Рэспубліка Татарстан) вырабіў 5760 дронаў «Шахед» са студзеня да верасня 2024 года. Гэта ўдвая больш, чым было выпушчана ў 2023 годзе. Завод ужо заключыў пагадненне на вытворчасць 6000 дронаў да верасня 2025 года.
Таксама Расія актыўна распрацоўвае нізкатэхналагічныя дроны-прынады падобныя на «Шахеды», якія выкарыстоўваюцца для пераадолення сістэм СПА Украіны. Да канца года расіяне плануюць вырабіць да 10 тысяч такіх прынад.
У Алабузе расійцы пабудавалі два новыя цэхі і ўсталявалі ахоўныя сеткі ад дронаў над будынкамі. Акрамя таго, РФ палепшыла лагістыку, стварыўшы чыгуначную станцыю з прамым злучэннем паміж Расіяй і Кітаем, праз якую пастаўляюцца неабходныя кампаненты для вытворчасці беспілотнікаў.
«Расійская армія, імаверна, будзе працягваць адаптаваць свае ўдарныя стратэгіі, каб нанесці шкоду крытычнай інфраструктуры Украіны, адначасова спрабуючы нарошчваць вытворчасць дронаў «Шахед». Падпісанне пагаднення аб стратэгічным партнёрстве паміж Расіяй і Іранам у студзені 2025 года можа спрыяць гэтаму працэсу», — пішуць аналітыкі.
Сярод ваюючых на баку Расіі супраць Украіны жаўнераў КНДР зафіксаваныя значныя страты, а таксама выпадкі самагубстваў. Пра гэта распавёў вайсковец Кірыл Сазонаў.
«Жаўнеры забіваюць сябе, а не здаюцца ў палон украінскім войскам, імаверна, праз страх рэпрэсій супраць сваіх сем'яў у Паўночнай Карэі ў выпадку, калі яны трапяць у палон», — адзначыў баец.
Таксама ён нагадаў, што, паводле звестак Белага дома, толькі за апошні тыдзень Паўночная Карэя страціла на развязанай РФ вайне 1000 вайскоўцаў забітымі і параненымі.
Нагадаем, раней паведамлялася, што першы палонны салдат КНДР памёр ад абвастрэння ран. Паводле звестак выведкі Паўднёвай Карэі, гэта адбылося ў пятніцу, 27 снежня.
Таксама стала вядома, што жаўнерам КНДР даручылі лавіць дроны «на жыўца».
«Для праціўніка, які не лічыць сваіх вайскоўцаў, у тым ліку і з Паўночнай Карэі, якія нічога не каштуюць з пункту гледжання каштоўнасці іх жыцця, гэта прымальная тактыка. На нейкіх адрэзках яна дае свой станоўчы вынік», — распавёў камандзір батальёна ўдарных БпЛА «Ахілес» Юрый Федарэнка.